Выйдзеш на вуліцу – дэградацыя і алкагалізм. Зірнеш у газету – распачынаецца «Маршрут цвярозасці». Кладзешся ў шпіталь – няма паловы лекаў, купляй сам. Разгортваеш газету – пабудавалі новыя медычныя цэнтры. Гэта журналісты жывуць у іншым свеце? Ці ім проста выгодна час ад часу заплюшчваць вочы?

«Вы ўсё разумееце самыя»

Гэта фраза – «Вы ўсё разумееце самыя» – будзе суправаджаць журналіста дзяржаўных СМІ. І калі рабочы тлумачыць нешта «не для друку», і калі чыноўнік адмаўляецца адказваць на пытанні, і калі строгі рэдактар выкрэслівае самыя гарачыя факты з тэксту. «Мы гэта не можам пусціць. Ты сама ўсё разумееш…»

Гэта замкнёнае кола, дзе ўсе ўсё разумеюць, але не адважваюцца пра гэта адкрыта сказаць. Журналісты газеты «Культура» працоўны дзень пачынаюць не з прэс-рэліза ад Міністэрства, а з сайтаў «Нашай Нівы», «Хартыі’97» … Але як толькі ў кабінет уваходзіць рэдактар, старонкі «варожых сайтаў» згортваюцца – пачынаецца праца над тэмамі пра стабільнасць, развіццё і неўміручасць сістэмы ў літаратуры, балеце, кіно.

Вы спытаеце, навошта яны там працуюць? Бо там «стабільны заробак», «сацыяльныя гарантыі», «магчымасць стаць у чаргу на кватэру».

Не бачыць, не чуць, не пісаць

Пачынаецца ўсё з журфака. На вытворчую практыку студэнта ніколі не адпусцяць у «апазіцыйнае выданне» – так называюць прэсу, дзе крытыкуецца ўлада. «Ну вы ж усё разумееце самыя…», – тлумачыў мне намеснік дэкана Градзюшка.

І ўжо на першым курсе ўсе зразумеюць, што нармальныя – гэта «Рэспубліка», «Кобрынскі веснік»... А вось у «БелГазету» або, не дай бог, «Народную волю» лепш не совацца.

Тыя, хто туды ўсё ж пайшоў, усё навучанне павінны былі хавацца за псеўданімамі і быць гатовым да адлічэння ў любы момант. Ці разумеюць студэнты, што гэта абсурд? Відавочна! Ці гатовыя яны змагацца з гэтым і адстойваць свае правы? Толькі адзінкі!

Большасць абірае шлях канфармістаў.

«Советская Белоруссия», напрыклад, – гэта нешта накшталт золатавалютнага рэзерву беларускай медыяпрасторы. Усе ведаюць, што там шмат плацяць.

Адкуль бяруцца на гэта грошы, мала каго турбуе. Але праца ў такіх выданнях толькі навідавоку выглядае простай. Апроч звычайнай журналісцкай дзейнасці трэба быць гатовым да асаблівасцяў вытворчасці.

Пра якія тэмы нельга пісаць у дзяржаўных газетах

Тое, што дзяржаўная прэса не адлюстроўвае рэчаіснасці, цяпер зразумела нават самым бадзёрым аптымістам. «Я вырашыла напісаць рэпартаж з рынку – з параўнаннем цэнаў, меркаваннем купцоў, гандляроў і чыноўнікаў – што такое адбылося, што кава цяпер стала каштаваць 100 тысяч рублёў, – распавядае былая карэспандэнтка «Звязды» Настасся Занько. – Намесніца рэдактара сказала: нам такая тэма не патрэбная. Толькі калі я напішу пра гэта ў аптымістычным ключы».

Забароны рэдактары не выдумваюць самыя. Кожную пятніцу яны або іхнія намеснікі ходзяць на нарады ў Адміністрацыю прэзідэнта. Асноўны сігнал паступае адтуль.

Крытыкаваць уладу журналістам забаронена. «Ёсць дакладныя тэмы, на якія негатыўна пісаць нельга, – працягвае расповед Настасся Занько. – Гэта дзеянні Камітэта дзяржаўнага кантролю, напрыклад».

Крытыкаваць можна толькі «асобныя недахопы». «Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі — вось яго можна і нават трэба крытыкаваць. Працякае дах, адключылі гарачую ваду – на такім узроўні крытыка можа быць», – кажа журналістка.

Прымусовая падпіска – таксама справа журналіста

Распаўсюд выдання – гэта яшчэ адна важная праца для журналістаў. Здаецца, усе чулі пра прымусовую падпіску. Але як гэта працуе насамрэч? «За кожным журналістам замацаваны пэўны рэгіён. Ён мусіць ездзіць туды, сустракацца з мясцовай вертыкаллю, пісаць нейкія тэматычныя артыкулы і дамаўляцца, каб падпіска павышалася. Не будзеш ездзіць – не атрымаеш прэміі. Апроч таго, журналістаў адпраўляюць на нарады з ідэолагамі ад прадпрыемстваў».

У падпісной кампаніі ёсць неафіцыйнае правіла – «СБ – Беларусь сегодня» павінны выпісваць усе, а вось «Рэспубліку», «Звязду» ці «Народную газету» – на выбар.

Пасля сустрэчы з журналістамі ідэолагі размяркоўваюць, хто з супрацоўнікаў павінен выпісаць газету. На некаторых заводах гэта пачалі называць «абавязковы бонус да прэміі».

«Страх забівае разуменне»

Ну і, нарэшце цэнзура ў класічных формах.

«У мяне быў выпадак, калі мой артыкул пра закрыты доступ да «Хартыі’97» не ўзялі ў друк таму, што я ўзяла каментары правайдараў і карыстальнікаў, якія пацвердзілі, што сайт не адкрываецца не толькі ў дзяржаўных установах, як абяцала Генпракуратура, але і ў звычайных карыстальнікаў. Мне зрабілі заўвагу, што гэтыя каментары лішнія. Трэба было рабіць як БелТА – што на прэс-канферэнцыі сказалі, тое і даваць», – кажа Настасся Занько.

Калі ў журналістаў развязваюцца языкі – на карпаратыве, пасля планёркі ці проста ў курылцы,

яны ўвесь час паўтараюць: «Ды так немагчыма» – але ўсё адно вяртаюцца на працоўнае месца і працягваюць артыкул пра тое, што падтрымка калгасаў сёлета вывела іх рэнтабельнасць на новы ўзровень. «Страх забівае разуменне», – кажа Настасся Занько.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?