19-гадовы гродзенец пайшоў у армію і загінуў у ДТЗ. Аднак яго маці, Наталля Крупенка, не атрымала грашовай кампенсацыі ў сувязі з гібеллю вайскоўца. Следства ваеннай пракуратуры настойвае на тым, што хлопец усё рабіў правільна і з’яўляецца пацярпелым бокам — мінская дзяржаўтаінспекцыя сцвярджае, што салдат загінуў па сваёй віне.

Спрэчкі ваеннай пракуратуры і мінскай ДАІ доўжацца больш за паўгода. А маці загінулага вайскоўца піша лісты ў розныя інстанцыі.

Да моманту трагедыі Саша адслужыў палову тэрміну. Хлопец праходзіў тэрміновую службу ў мінскай в/ч 35703, якая займаецца транспартным абслугоўваннем Міністэрства абароны. У жнівеньскі дзень мінулага года Саша, як звычайна, раніцай завёў УАЗік і паехаў за намеснікам начальніка галоўнай ваеннай інспекцыі. На мінскай кальцавой дарозе аўтамабіль заглух. Хлопец выйшаў з машыны, і ў гэты момант яго збіў аўтамабіль. Тут паказанні сведак ДТЗ і вынікі следства разыходзяцца.

Дзяржаўтаінспекцыя ўстанавіла, што Саша не ўключыў аварыйную сігналізацыю і не выставіў знак.

— Кіроўца, які рухаўся за УАЗікам, не мог убачыць перашкоду: ваенная машына апынулася на пагорку, акрамя гэтага, бачнасць засланіў фургон. Сведкі распавялі, што салдат рамантаваў аўтамабіль на дарозе, аднак па правілах ён павінен быў адагнаць машыну на ўзбочыну. У сувязі з гэтым мы не знайшлі ў дзеяннях вадзіцеля складу злачынства, — патлумачыў былы следчы аддзела расследавання ДТЗ па Завадзкаму РАУС г. Мінска Мікалай Валуеў, які праводзіў расследаванне.

Вынікі праверкі Мінскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры зусім іншыя:

— Машына з нашымі ваеннаслужачымі праязджала міма, калі здарылася аварыя. Людзі сцвярджаюць, што аварыйная сігналізацыя была ўключана. Следчы эксперымент паказаў, што за гэты час салдат не мог пачаць чыніць аўтамабіль, а мог толькі выйсці з УАЗіка, каб дастаць аварыйны знак. Мы лічым, што кіроўца, які збіў хлопца, меў магчымасць яго заўважыць, але страціў пільнасць, — выказаў меркаванне намеснік камандзіра па ідэалагічнай працы в/ч 35703 Сяргей Карпіевіч.

На днях маці загінулага салдата дачакалася ліста з Генеральнай пракуратуры. Сваімі скаргамі жанчына дамаглася таго, каб справу адправілі на даследаванне.

— Саша каля паўгода праляжаў у коме ў ваенным шпіталі. А кіроўца, які збіў яго, нават не папрасіў прабачэння перад намі, не кажучы ўжо аб дапамозе. Вядома, на сына без болю нельга было глядзець, левая палова твару была знявечаная, — са слязамі на вачах успамінае Наталля Крупенка.

Па словах Сяргея Карпіевіча, калі высветліцца, што салдат загінуў не па сваёй віне, то яго маці можа разлічваць на дапамогу. А пакуль жанчына ходзіць на магілу сына. «Саша марыў купіць машыну і збіраў грошы, цяпер яны пойдуць яму на помнік ...» — кажа Наталля Леанідаўна.

Глядзі яшчэ: Пайшоў у войска здаровым, а вярнуўся інвалідам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?