У канцы ліпеня ў Нацыянальнага банка Беларусі з’явіўся новы старшыня праўлення — Надзея Ермакова. Аб сітуацыі ў эканоміцы і функцыянаванні банкаўскай сістэмы Беларусі з новым кіраўніком галоўнага банка краіны пагутарыў карэспандэнт «Звязды».

— Надзея Андрэеўна, Вас прызначылі старшынёй праўлення Нацбанка зусім нядаўна. Як сябе адчуваеце на новым месцы працы?

— Цяжкавата пакуль. Патрэбна з канкрэтнай штодзённай працы ўваходзіць у больш аналітычную. Увогуле, вотчына Пятра Пракаповіча — гэта сур’ёзная структура, адукаваныя людзі, прафесіяналы.

Прыйсці на падрыхтаванае — гэта заўсёды добра, незалежна ад таго, што ёсць сёння ў эканоміцы, у фінансавай сістэме.
Гэтыя цяжкасці не ў першы раз. Яны пастаянна былі і будуць. Паглядзіце: у высокаразвітых краінах свету адбываюцца розныя эканамічныя крызісы і катаклізмы. Таму не бывае так, каб усё гладка было. Калі б так было, свет даўно скончыўся б.

— Як Вы лічыце, наша банкаўская сістэма зараз эфектыўна працуе для паляпшэння сітуацыі?

— Наша банкаўская сістэма склалася ўжо даўно: цэнтральны банк, які вызначае грашова-крэдытную палітыку і задае правілы гульні ў банкаўскай сістэме, і трыццаць адзін банк. Хачу сказаць, што (наколькі я ўжо за два тыдні ўбачыла) усе банкі краіны працуюць сур’ёзна незалежна ад свайго капіталу і магчымасцяў. Кожны знаходзіць нейкую сваю нішу і працуе. Нейкіх праблем з тым, каб якісьці банк там слабенькі быў ці развальваўся, няма. Кожны працуе ў сваім бізнэсе. Але ж не толькі ад банкаўскай сістэмы залежыць сітуацыя ў эканоміцы. У першую чаргу — натуральныя законы: матэрыяльнае — першаснае, а банкаўская сістэма з’яўляецца тымі крывяноснымі сасудамі, якія абслугоўваюць гэта матэрыяльнае.

— Нацбанк нядаўна паведаміў пра тое, што ўклады насельніцтва ў беларускіх банках выраслі.

— Уклады, дзякуй Богу, растуць.
Ва ўсіх банках ёсць прыросты. Растуць і ў беларускіх рублях, і ў валюце. Я думаю, што людзі правільна зарыентаваліся, калі сталі несці ўклады ў банкі, таму што ў любой сітуацыі, калі грошы знаходзяцца ў банку, яны працуюць. На іх налічваюцца працэнты. А калі ты іх захоўваеш дзесьці дома, то яны абясцэньваюцца, таму што
ідзе абясцэньванне не толькі беларускага рубля, але і долара, і еўра, любой валюты.
Умацаванне нацыянальнай валюты залежыць ад стану эканомікі той ці іншай краіны, таму ў любым выпадку, калі твой дэпазіт ляжыць у банку, то ён працуе на тое, каб прырасталі даходы. Таму тыя, хто зрабіў уклад, несумненна, выйграюць. Тым больш што працэнтныя стаўкі высокія. Напрыклад, стаўкі па рублёвых дэпазітах дасягаюць ужо 30 і больш працэнтаў. А калі дадаць да гэтага яшчэ і штомесячную капіталізацыю працэнтаў, то выгада будзе яшчэ больш важкай, атрымліваецца дзесьці каля 35 працэнтаў гадавых. Да таго ж, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам,
у нашай краіне гарантуецца поўная захаванасць зберажэнняў насельніцтва ва ўсіх банках,
а даходы грамадзян ад размяшчэння грашовых сродкаў у банкаўскіх укладах не абкладаюцца падаткам.

— Да якога моманту будзе працягвацца палітыка паступовага павелічэння стаўкі рэфінансавання?

— Стаўка рэфінансавання ў любой краіне свету вызначаецца, зыходзячы з узроўню інфляцыі. Зараз яна расце, таму расце і стаўка рэфінансавання. Робіцца гэта паступова, бо памер чарговага павышэння стаўкі рэфінансавання вызначаецца не толькі з мэтай абароны ўкладаў ад абясцэньвання, але і з улікам інтарэсаў крэдытаатрымальнікаў. Да таго ж паслядоўнае павелічэнне стаўкі рэфінансавання, якое робіцца сёлета на працягу ўсяго года, накіравана на рост кошту пазыковых грошай у эканоміцы як важнай умовы пераходу на больш жорсткую грашова-крэдытную палітыку Нацыянальнага банка. Гэта, у сваю чаргу, у комплексе з эканамічнымі метадамі ўрада будзе садзейнічаць стабілізацыі сітуацыі ў знешнеэканамічнай сферы і абмежаванні інфляцыйных працэсаў. Прынамсі,

павышэнне намінальнага ўзроўню працэнтных ставак у якасці элемента стабілізацыйнай палітыкі з’яўляецца сусветнай практыкай.
Пры гэтым па меры развіцця пазітыўных тэндэнцый у эканоміцы і на фінансавым рынку Нацыянальны банк вернецца да практыкі зніжэння стаўкі рэфінансавання.

— Як Вы лічыце, калі зможа ўжо сітуацыя ў эканоміцы павярнуцца да стабілізацыі?

— Я ўжо казала, што на першым месцы — рэальная эканоміка. Яе матэрыяльная база. Калі эканоміка будзе працаваць эфектыўна, будзе даваць зніжэнне сабекошту, зніжэнне выдаткаў, павелічэнне якасці, павелічэнне экспарту, які дасць нам валюту, — гэта ўсё ўрэшце, будзе спрыяць і стабілізацыі на фінансавым рынку.

Гэта як у любой сям’і: калі ты працуеш добра, то ты будзеш зарабляць, а калі ты будзеш сядзець на канапе, то атрымліваць будзеш адпаведна. Так і ў эканоміцы.
Гэта натуральныя законы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?