«Табе каля пяцідзесяці? Прыйдзі да нас і дапрацуй да пэнсіі!» — заклікае ў Польшчы найбуйнейшая сетка фаст‑фуду. McDonald’s патрабуе работнікаў у старэйшым узросьце на месца маладых, якія ўсё часьцей зьяжджаюць за мяжу.

«Мая праца такая ж цікавая, як і кнігі, якімі я захапляюся», — усьміхаецца з‑пад акуляраў 49‑гадовая Ганна, работніца гданьскага McDonald’s, з папяровай рэклямы на падносе. Побач — вялікі надпіс: «Праца чакае на Цябе!». І зьнізу заклік: «Пані і панове! Калі Вы гэтак жа, як і я, ужо даўгі час шукаеце цікавую працу, якая была б для вас выклікам, — наведайце McDonald’s. Гэта цудоўнае месца, паверце мне!». Такую рэкляму атрымлівае разам зь ежай кожны наведвальнік McDonald’s.

McDonald’s у нас хутчэй асацыюецца са студэнтамі, што мітусяцца ў выпарэньнях смажанай бульбы‑фры. Да гэтага часу фірма брала на працу ў асноўным моладзь, бо восем гадзін тут трэба працаваць на нагах. Для гэтага неабходныя трываласьць, моцныя ногі і гатоўнасьць да зьменнай працы з самай раніцы і да позьняга вечара.

Аднак сёньня McDonald’s у Польшчы адчувае вынікі хвалі заробкавай эміграцыі. Асабліва ў вялікіх гарадах, дзе вельмі цяжка знайсьці работнікаў. «Людзі сярэдняга ўзросту ўжо маюць стабільнае жыцьцё. У іх ёсьць сем’і, і яны ўжо не такія адважныя, каб кінуць усё і зьехаць», — кажа прадстаўнік польскага McDonald’s.

Прыблізна на 10 тыс. работнікаў у 210 рэстарацыях McDonald’s прыпадае ўжо недзе каля сотні бабуль. Некаторыя зь іх працуюць тут некалькі гадоў. 47‑гадовая Эля Маньк трапіла на гэтую працу дзевяць гадоў таму — сын, вяртаючыся са школы, знайшоў улётку з прапановай працы. «У сярэдзіне 90‑х у мяне не было працы. Тады я падумала: я ж люблю працаваць, люблю людзей, ну й паспрабую», — кажа яна. Пачынала яна з таго, што вучылася рабіць бутэрброды, бо паводле інструкцыі гэта выглядае іначай, чым удома. Пасьля яна прыбірала залю, абслугоўвала McDrive. Сёньня яна інструктар і навучае новых работнікаў . «Уставаць даводзіцца а 4.20. А пятай я выходжу з дому, кілямэтар іду празь лес на прыпынак, сядаю ў аўтобус і а 5.30 я ўжо на месцы. Сканчаю працу а 14.30, але часам працую і на другую зьмену — тады пачынаю а 14, а сканчаю а 23», — распавядае Эля.

Цяпер работнікамі сярэдняга ўзросту таксама пачынаюць цікавіцца і іншыя фірмы, сярод якіх Gillette, Dell, Indesit. Найноўшая тэндэнцыя на польскім рынку працы цяпер — прызначэньне жанчын на традыцыйна мужчынскія працоўныя месцы.

У McDonald’s сярод пэрсаналу можна таксама сустрэць і дзядуль. У адной з рэстарацыяў нават працуе пэнсіянэр, якому ўжо каля 70. «Працуючы сярод студэнтаў, дзядуля зноў адчувае сябе маладым», — кажа прадстаўнік McDonald’s у Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?