У канцы мінулага году Вярхоўны суд вынес прысуд сарака шасьці удзельнікам банды Мароза. Тры зь іх прыгавораныя да сьмяротнага пакараньня. Між тым, гісторыя далёкая да свайго заканчэньня. Пра тое, якія яшчэ прывіды хаваюцца ў гэтай гучнай справе, Сяргей Сацук гутарыць зь першым намесьнікам начальніка галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Уладзімерам Ціхінем.

— Чаму банда Марозава больш за 10 гадоў бесьперашкодна займалася злачыннай дзейнасьцю?

— Таму што ўсе, хто мусіў перацінаць дзеяньні бандытаў, знаходзіліся ў іх на ўтрыманьні. Калі сам начальнік крымінальнага вышуку (Гомельскай вобласьці — Рэд.) Лосеў дапамагаў хаваць злачынствы, то пра якую працу магло весьціся. У Гомельскім УУС было дастаткова нармальных, прафэсійных супрацоўнікаў, але ўсе яны былі падначаленымі.

— А чаму раптам паднялі гэтую справу: больш за 10 гадоў усіх жа ўсё задавальняла?

— Як я гэта бачу, напэўна, прыйшоў час. Я тады працаваў у Мазыры па бандзе Якусевіча, і ўжо тады ішла інфармацыя, што ў Гомелі неспакойна, што там процьма бандытаў, павязаных зь міліцыяй, пракуратурай, КДБ. А пачалося ўсё з таго, што праверка выявіла крымінальную справу аб групавым забойстве, дзе яшчэ з 1998 г. была яўка з павіннай. І гэтая справа не расьсьледавалася! Вось тады кіраўніцтва МУС і дало каманду ва ўсім разабрацца.

— А чаму праверка раней не зважала на яўку з павіннай?

— Яе ніхто ня бачыў. Справа ўвесь час была ў Лосева. А калі ён сышоў на пэнсію, то перадаў усе матэрыялы свайму пераемніку. Дзесьці гады праз два прыйшла чарговая праверка, і ўсё адкрылася. Быў напісаны рапарт у МУС, сытуацыю прааналізавалі і вырашылі ва ўсім разабрацца.

— Якое ўтрыманьне бандыты прызначылі Лосеву?

— Паводле нашых зьвестак, першапачаткова яму плацілі 2—3 тысячы даляраў на месяц. Гэта нармальнае ўтрыманьне, я вам скажу. Акрамя таго, яму яшчэ плацілі за вырашэньне канкрэтных пытаньняў. Напрыклад, па справе, дзе была яўка з павіннай, як нам распавялі, яму заплацілі 10 тысяч даляраў.

— Гавораць, каб прыкрыць дзеяньні банды Марозава, у іх злачынствах абвінавачваліся невінаватыя грамадзяне, двох зь якіх нібыта прыгаварылі да найвышэйшай меры…

— Наконт найвышэйшай меры я не гатовы штосьці казаць, таму што ў нас няма такіх зьвестак. Але тое, што за злачынствы бандытаў сядзелі іншыя, было. У забойстве супрацоўніка міліцыі абвінавацілі раней асуджанага Гуркіна, які злоўжываў алькаголем. Накачалі яго алькаголем да сьмерці і падкінулі пісталет, які каштуе амаль 1,5 тысячы даляраў. Былі і іншыя моманты, калі за злачынствы «марозаўцаў» сядзелі іншыя, але на «вышку» нікога не адпраўлялі.

— Зь якімі самымі вялікім цяжкасьцямі вы сутыкнуліся, бо вам жа даводзілася працаваць і супраць сваіх?

— Я ўжо казаў, што да банды Марозава я займаўся Мозырам, а таму й ведаў, што такое Гомель. Мы былі гатовыя да ўсяго. Ведалі, што там ўсё павязана. Таму цяжкасьці былі толькі ў тым, што мы працавалі аўтаномна: атрымлівалі інфармацыю і самі ж займаліся яе рэалізацыяй.

— Тады як верхаводы банды здолелі ўцячы? Хадзілі чуткі, нібыта іх папярэдзіў хтосьці з МУС, з генэральскімі пагонамі...

— Наконт гэтага я не гатовы нічога сказаць. Няма сумневу, што інфармацыя сышла. Калі мы прыехалі, яны ўжо ведалі, што мы прыедзем.

— Тады адкуль яны даведаліся?

— Пра тое, што група зьбіраецца зьяжджаць, ведала вялікая колькасьць людзей. Мы замаўлялі гатэлі, адно, другое, трэцяе. Калі ў Гомель прыяжджае 19 супрацоўнікаў з МУС, гэта можа многіх насьцярожыць. Той жа Лосеў мог дазнацца і сказаць бандытам. Але мы дакладна яшчэ нічога ня ведаем, толькі працуем у гэтым напрамку.

— Наколькі фінансава магутнай была арганізацыя Марозава?

— Мацюшкоў, які стварыў гэтую арганізацыю і якога ў 1996 г. забілі, паставіў справу на шырокую нагу. Ужо тады было багата камэрсантаў, што працавалі на групоўку. У сярэдзіне 1990-х быў пік выдачы крэдытаў, станаўленьня бізнэсу, і Мацюшкоў актыўна ўносіў грошы ня толькі ў Гомелі і іншых рэгіёнах Беларусі, але й у Расеі. «Марозаўцам» плацілі вельмі многія, нават банда «пажарнікаў». Іх вывезьлі ў лес і проста сказалі: альбо ў зямлю, альбо плаціце.

— Дык якімі ж сродкамі валодаў Марозаў?

— Пра гэта цяжка казаць. Усе іхныя грошы круціліся ў бізнэсе. Мы гатоўкай нічога не знайшлі. Ведаем, што ў іх былі па 2—3 крутыя машыны, па 2—3 кватэры. Гэта само па сабе пра нешта кажа. Яны будавалі рынак і толькі ў яго ўклалі 600 тыс. даляраў. Але большасьць іх грошай круціліся ў Расеі: у Бранску, Маскве, Екацерынбургу, Саратаве, Самары. Таму цяжка падлічыць, колькі усяго грошай яны мелі.

— Ці фінансавая аснова банды, іх унёскі ў бізнэс уцалелі?

— Не, падчас расьсьледаваньня былі праведзеныя праверкі фінансава?гаспадарчай дзейнасьці тых фірмаў, якія мелі фінансавыя дачыненьні з бандай. Былі накладзеныя арышты на маёмасьць і рахункі гэтых фірмаў на вялізныя сумы.

— Які «хвост» цягнецца за гэтай справай, як доўга яшчэ будзе ісьці расьсьледаваньне?

— Ёсьць яшчэ багата пытаньняў. І будуць яшчэ працэсы. Зь сёньняшняга дня пачынаецца азнаямленьне Марозава і яшчэ шасьці ўдзельнікаў злачыннай арганізацыі з матэрыяламі справы па абвінавачваньні ў зьдзяйсьненьні сямі забойстваў.

— Ці ўсе карупцыйныя сувязі адпрацаваныя?

— Не. Мы цяпер у асноўным над гэтым і працуем.

— Ці праўда, што некаторыя цяперашнія генэралы, якія ў свой час працавалі ў Гомелі, таксама мелі дачыненьне да дзейнасьці «марозаўцаў»?

— Не магу сказаць, што нейкія генэралы ўдзельнічалі, але разумею гэта так: генэралы там былі начальнікамі УУС, яны ведалі, што там робіцца, яны жылі ў гэтым горадзе і маглі навесьці парадак. Ім падначальваліся сотні супрацоўнікаў.

— То бок, вы кажаце не пра крымінальнае злачынства, а пра нейкую маральную віну?

— Не, чаму ж. Я лічу, што ў гэтым іх наўпроставая віна. Як гэта так, што ў верасьні 1994 г. усплылі чатыры трупы і па іх нічога ня зроблена? Ужо тады, калі былі пахаваньні, людзі казалі і абураліся, калі ж гэтае беззаконьне спыніцца. Усе ведалі, што Марозаў падмяў усіх пад сябе, але міліцыя не рэагавала. Гэта толькі віна начальніка УУС, я так лічу. Так, ён цяпер на пэнсіі. Але гэта няправільна. Калі мы праз 12 гадоў здолелі знайсьці забойцаў, то па гарачых сьлядох зрабіць гэта было б значна прасьцей. А раз не было зроблена, значыць, было камусьці выгадна.

— У міліцыі ходзяць чуткі, нібыта некалькі пратаколаў допыту абвінавачаных, дзе згадваюцца генэралы, былі вынятыя са справы. Гэта праўда?

— Не, гэта няпраўда. Рэч у тым, што на генэралаў ніхто нічога ня ўказваў, што яны там штосьці атрымлівалі. Яны нічога не атрымлівалі. Яны проста глядзелі на сваіх падначаленых і не рэагавалі. І справа тут ня толькі ў нейкіх генэралах МУС. Усе органы ўлады ў Гомелі былі ў той ці іншай ступені зьвязаныя з бандытамі. Там вельмі шмат людзей павінны несьці за гэта адказнасьць.

— Ці гэтыя генэралы хаця б дапытваліся?

— Канечне, ні нам, ні суду ніхто аніякіх абмежаваньняў ня ставіў.

— З 1996 г. МУС даволі жорстка разьбіраецца з арганізаванай злачыннасьцю. Ці вы гэтаксама дзейнічалі і ў Гомелі, як той казаў, на грані?

— Не, мы дзейнічалі нармальна, паводле закону.

— Ці сапраўды «марозаўцам» у Гомелі плацілі практычна ўсе, у тым ліку і некаторыя дзяржаўныя прадпрыемствы?

— Ня тое каб дзяржаўныя прадпрыемствы плацілі, але бандыты дапамагалі выконваць дахавыя работы дзяржпрадпрыемствам, за што атрымлівалі грошы. Мы з гэтым цяпер разьбіраемся. Як мог, напрыклад, той самы Гарбаты прыйсьці і выконваць дахавыя работы на адным з прадпрыемстваў Гомельскай вобласьці. Усе ведалі, хто ён такі. А яму ж плацілі дзяржаўнымі грашыма. Мы ўжо ведаем, што Гарбатаму складалі пратэкцыю па выкананьні гэтых работ праз выканкамы.

— Вы мяркуеце, праз гэтае прадпрыемства «марозаўцы» адмывалі грошы?

— Канечне.

— На вашу думку, трох сьмяротных прысудаў дастаткова ці ёсьць і іншыя, хто заслугоўвае такога пакараньня?

— Мне цяжка сказаць. Можа быць, гэта не апошні сьмяротны прысуд. Усё залежыць ад суду і ад тых доказаў, якія ёсьць у матэрыялах справы. Ёсьць яшчэ асобы, якія знаходзяцца ў вышуку, і калі мы іх затрымаем, то ня толькі ім, але і іншым будзе пагражаць такое самае пакараньне.

— Ці вы задаволеныя, як правяла расьсьледаваньне пракуратура?

— Вельмі задаволены. Я скажу болей: вельмі шмат залежала ад Трубачкіна, які вёў сьледзтва. Я нават думаю, што калі б на ягоным месцы быў нехта іншы, то, магчыма, і не было б такіх вынікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?