У нумары «Звязды» за 19 жніўня маю ўвагу прыцягнуў загаловак на 7-й старонцы: «Беларускія праварадыкалы».
Я падумаў быў, што гаворка пойдзе пра «почивший» «Правы рэванш» ці нешта такое. Аднак падзагаловак — «Ці ўдалося выкараніць праявы неанацызму на нашых футбольных стадыёнах?» — і «славуты» здымак плакату, на якім фанаты менскага «Дынама» змяцілі партрэт Рудольфа Геса і заявілі, што жыццё гэтага нацысцкага ідэолага для іх — «верности пример», прымусілі мяне ўжо каторую сотню разоў панаракаць на журналісцкую павярхоўнасць. Шкада, што да гэтага матэрыялу некрытычна паставілася «Наша Ніва» і змясціла яго на сваім сайце.

Кожны скажа, што нацызм — гэта адмена фашызму, якая нацыянальнае ставіць вышэй за ўсё. І ў гэтым яго адрозненне ад «класічнага» фашызму ў Італіі ці «іберыйскага» фашызму ў Іспаніі і Партугаліі. Нацызм — гэта суперкультываванне ўсяго «свайго», нацыянальнага, гэта ксенафобія (нянавіць да габрэяў, цыганоў, славянаў і г. д.)

Нацызм як палітычная плынь нарадзіўся ў Нямеччыне. Паступова фашысцкія партыі на ўзор Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП) пачалі з’яўляцца і ў іншых краінах, у тым ліку ў Заходняй Беларусі. Аднак

Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя сутыкнулася і з супрацівам заходнебеларускіх дэмакратаў (як левых, так і правых), і з пераследамі з боку польскіх уладаў.
Не ўдалося беларускім нацыстам аднавіць сваю дзейнасць і падчас нямецкай акупацыі, бо акупанты забаранялі ўсе палітычныя арганізацыі, апроч НСДАП.
Аўтар артыкула Яўген Валошын мусіў бы пазбегнуць слова «беларускія» і зусім не выносіць яго ў загаловак. Калі ўжо не здолеў у Беларусі развіцца «свой» нацызм, то адкуль узяцца неанацызму?
Я не прыгадаю, каб хоць адна партыя ў Беларусі, якая прэтэндавала на званне крайняй правай, вызнавала нацызм. Усім, хто быў на Ўстаноўчым з’ездзе БНФ у Вільні ўрэзалася ў памяць, як адзін маладзён загалёкаў на ўсю залу пра «Беларусь без жыдоў» (Яўген Валошын сарамліва абрывае гэтае слова на літары «ж») і як адрэагавала на гэта зала. Правей ад БНФ спрабавалі стаць Партыя свабоды і «Правы рэванш», але ў іх дэкларацыях цяжка знайсці нацызм.
Праўда, былі ў нас былі ахвотнікі нават пратэст БНФ супраць імперскіх памкненняў Расіі лічыць ксенафобіяй, але цяпер і Вячаслаў Кебіч загаварыў, як Зянон Пазьняк, ды заяўляе, што Расія хоча «праглынуць Беларусь баз астатку».

Ці азначае ўсё гэта, што ў Беларусі няма неанацызму? Ёсць! Але гэта нацыянальна (моўна, ментальна) небеларускі неанацызм, а клон неанацызму расійскага. Гэтыя хлопцы і дарослыя мужыкі не маюць ніякага дачынення да беларускай нацыянальнай ідэі, якая ад самага пачатку была ідэяй дэмакратычнай Беларусі — краю пяці народаў. Я ўпэўнены, што менска-барысаўскія «нацыкі» нічога не чулі пра беларускіх нацыстаў Фабіяна Акінчыца і Уладзіслава Казлоўскага. Яны малпуюць сваіх большых братоў з Масквы і спрабуюць перанесці іх «каштоўнасці» і ўзоры іх паводзін на беларускую глебу. Я б раіў Яўгену Валошыну — чалавеку яшчэ маладому — упісацца ў асяроддзе гэтых «нацыкаў» і паспрабаваць весці там беларускую прапаганду, а пра вынікі эскперыменту паведаміць нам.

У Беларусі — краіне, дзе, бадай, усё беларускае паганіцца як уладаю, так і некаторымі дэмакратамі з іншамоўнага асяроддзя, дзе ўласна беларускія дэмакраты як агню баяцца, каб іх не западозрылі ў ксенафобіі і неталерантнасці, беларускі (моўна і ментальна беларускі) неанацызм немагчымы.

Затое маецца ў наяўнасці расійскамоўны неанацызм, клон расійскага, бо ў нашай краіне ёсць спажыўнае асяроддзе і запатрабаванасць на такія «каштоўнасці» і такія паводзіны. Гэта перш за ўсё атмасфера нацкоўвання ўладаю адных грамадзян на іншых, гэта прапаганда нянавісці, варожасці да ўсіх, «хто не з намі», гэта хамства, якое шырокай плынню хлынула на нас з дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.
Памятаеце, хто выказваўся пра «славянскі генетычны код», пра «кручканосых», пра «няўменне бабруйскіх габрэяў трымаць чысціню»?..

«…хто ведае, ці не выношвае нехта з прыхільнікаў неанацызму які-небудзь нечаканы план?» — пытаецца Яўген Валошын.

Гэта цалкам магчыма. Ажыццявіўжа адзін з выхаванцаў БРСМ план выбуху ў Менскім метрапалітэне…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?