Суд Ашмянскага раёна вынес вырак 48-гадоваму жыхару Мінска, які ў вёсцы Жупраны п’яны ехаў за рулём сваёй машыны “Сітраэн Ксара Пікасо”. Прысуд – штраф у 21 мільён рублёў – уступіў у законную сілу 22 жніўня.

Пракурор Ашмянскага раёна Андрэй Клышэвіч паведаміў: мінчанін, ураджэнец вёскі Нарбуты, сёлета ў другі раз кіраваў сваім “Сітраэнам” у стане алкагольнага ап’янення. Пасля вынясення адміністрацыйнага пакарання ў гэтым выпадку парушальнік прыцягваецца да крымінальнай адказнасці.

Паводле словаў Андрэя Клышэвіча, такую вялікую суму штрафу, 600 базавых велічынь (21 мільён рублёў), за нецвярозае кіраванне аўтамабілем суд Ашмянскага прысудзіў упершыню. Раней за гэта злачынства штрафы былі меншыя.

Пракурор Ашмянскага раёна расказаў, што здарэнне адбылося 30 чэрвеня. Мужчына прыехаў з Мінска ў Нарбуты ў госці да сваёй маці. Ён цалкам прызнаў сваю віну і прызнаўся: у бацькоўскім доме спачатку выпіў 300 грамаў гарэлкі, потым – яшчэ 200. Пасля гэтага каля 21 гадзіны вырашыў з’ездзіць па запалкі ў краму ў Жупраны. Там яго спыніў супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі.

Сёлета ў красавіку за нецвярозае кіраванне мужчына ўжо быў аштрафаваны ў Мінску на 1 мільён 50 тысяч рублёў. Яго таксама пазбавілі правоў кіравання аўтамабілем на тры гады. Цяпер за паўторнае такое ж парушэнне жыхар сталіцы пазбаўлены правоў на пяць гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?