У судзе Гомельскага раёна 22 жніўня пачаўся разгляд іску гандлёвага дома «Мільча» ААТ «Гомельская птушкафабрыка» да работнікаў магазіна ў вёсцы Бабовічы Гомельскага раёна. Прадпрыемства мае намер спагнаць з прадаўцоў нястачу ў 71 млн. рублёў.

Інтарэсы адказчыкаў выкладае ў судзе прававы інспектар прафсаюза работнікаў РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

«Магазін абслугоўвае вяскоўцаў, а выяўленая нястача буйная. Думаю, што прадаўцы не маюць дачынення да нястачы. Тры прадаўцы, уключаючы загадчыцу магазіна, пагадзіліся з выяўленай нястачай і ўнеслі больш за 30 млн. рублёў. А вось тры іншыя наадрэз адмаўляюцца плаціць, заяўляючы пра невінаватасць.

Цікава, дарэчы, адкуль у сціплай загадчыцы вясковага магазіна з акладам 700 тыс. рублёў раптам узялася сума 25 млн., якую яна ўнесла за сябе і дачку, таксама прадаўца?»
 — пракаментаваў Судаленка.

Паводле яго слоў, на судзе работнікі магазіна сказалі, што за ўсё ў магазіне адказвала загадчыца. «Паводле слоў прадаўцоў, нават падчас рамонту продаж тавару не спыняўся, будаўнікі ў загадчыцы бралі тавары ў доўг. У судзе таксама быў выяўлены факт продажу няўлічанага спіртнога, калі паводле просьбы загадчыцы ў магазін завозілася таннае віно, выручка ад якога не праходзіла па касе», — адзначыў прававы інспектар.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца 9 верасня. Паводле хадайніцтва Судаленкі ў суд выкліканы сведкамі ўсе работнікі магазіна.

Гэта не першы выпадак, калі прафсаюз РЭП дапамагае прадаўцам, абвінавачаным у нястачы ў магазіне, апраўдацца ў судзе. Да прыкладу, у 2009 годзе рашэннем суда Цэнтральнага раёна Гомеля 14 звольненых прадаўцоў магазіна ААТГ «Цэнтр» былі адноўлены ў ранейшых пасадах, суд таксама спагнаў прыкладна 30 млн. рублёў на ўсіх работнікаў у якасці кампенсацыі за час вымушанага прагулу. Работнікі былі звольнены пасля выяўлення нястачы. Прафсаюз РЭП дапамог ім падрыхтаваць калектыўны іск у суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?