Нават нядаўнія падзеі хутка забываюцца і бясьследна зьнікаюць у пыльных архівах і падшыўках газэт. Каб мінулае сапраўды было асэнсаванае і выкарыстана ў будучыні, сукупнасьць ці нават хаос падзеяў і зьяваў трэба ўпарадкаваць дый выбудаваць асноўныя ланцужкі прычынна-выніковых сувязяў. Гэтую задачу штогод спрабуюць вырашаць укладальнікі «Беларускага штогадовіка» — добра вядомыя айчыннай экспэртнай супольнасьці Анатоль Панькоўскі і Валерыя Касьцюгова.
Чарговы выпуск Штогадовіка з падсумаваньнем вынікаў мінулага году выйшаў нядаўна ў Менску.

Тры дзясяткі зьмешчаных у ім інфармацыйна-аналітычных артыкулаў беларускіх, украінскіх і польскіх аўтараў прысьвечаныя ўнутранай палітыцы (у тым ліку асобны разьдзел — выбарам), вонкавай палітыцы, грамадзтву (у тым ліку культуры, рэлігіі і спорту) ды эканоміцы Беларусі ў 2010 годзе. Штогадовік, выдаваны Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў і Сайтам экспэртнай супольнасьці «Наша меркаваньне» з 2003 году, выходзіць зазвычай у дзьвюх вэрсіях — зьмяшанай расейска-беларускамоўнай (асноўнай) і ангельскамоўнай (перакладной).

На жаль, па-беларуску ў сёлетнім выданьні толькі 6 артыкулаў. Цікава, што ніводзін зь іх не прысьвечаны культуры, а найбольшая доля беларускамоўных допісаў у разьдзеле вонкавай палітыкі, дзе іх аж 3 з 8 артыкулаў разьдзела. Моўная карціна адлюстроўвае сытуацыю ў навуковай і экспэртнай супольнасьці краіны, бо ўкладальнікі Штогадовіка падкрэсьлена пакідалі аўтаром самім выбіраць мову, на якой пісаць.

Вядома, выданьне змагаецца з відавочным недахопам экспэртнай базы.

Задача няпростая ўжо хаця б таму, што, насуперак думцы кіраўніка краіны, у Беларусі няшмат спэцыялістаў, якія б сапраўды займаліся навуковай ці нават проста аналітычнай дзейнасьцю ў галіне сацыяльных ці гуманітарных дысцыплін у заходнім разуменьні гэтае дзейнасьці.

Таму й трапляецца тут і там крыху хібаў. Ад драбнейшых недаглядаў — кшталту скажонай дыякрытыкі ў польскіх словах (с. 131), ці дзіўнага фармату напісаньня датаў (калі дзень месяца пішацца то лічбамі, то пропісам) ды імёнаў (імя Каміля Клысінскага ўпарта ня пішацца кірыліцай) да куды больш важкіх — напрыклад, калі студэнт Лёнданскай школы эканомікі Арыс Трантыдыс, які быў апублікаваўшы ў досыць маргінальных выданьнях пару артыкулаў пра Беларусь з банальнымі высновамі пра эканамічную залежнасьць насельніцтва ад дзяржавы як аснову кансалідацыі Лукашэнкавага рэжыму, абвяшчаецца раптам «ізвестным політологом» (с. 64). Выглядае, няшмат трэба, каб стаць у Беларусі палітолягам — дастаткова проста штосьці казаць пра палітыку.

Ёсьць у кнізе і крыху празьмерныя адхіленьні ў публіцыстыку і крэмлязнаўства, як то першы артыкул Пятра Валуева пра Адміністрацыю прэзыдэнта і сілавыя структуры, які захоплена прачытваецца, але ў сытуацыі закрытасьці беларускай дзяржаўнай структуры выглядае толькі як журналісцкая вэрсія падзеяў. Трохі дзіўна і тое, якім драбнюткім шрыфтам укладальнікі перадрукавалі пры канцы кнігі выпускі «БІСС-Трэндс»!

Разам з тым, стваральнікі публікацыі сапраўды імкнуліся прыцягнуць лепшых даступных экспэртаў, пра што сьведчыць сьпіс аўтараў. У выніку атрымаўся неаднародны, але каштоўны энцыкляпэдычны прадукт, які прыдасца дасьледніку беларускай рэчаіснасьці альбо практыку, што працуе ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сфэрах. Як звычайна, працу цэлага дзяржаўнага выдавецтва выканала пара чалавек. Застаецца толькі спадзявацца, што беларуская эліта сапраўды будзе зважаць на меркаваньні экспэртаў ды паставіць чорны том Штогадовіка на сваю кніжную паліцу. Або спампуе яго электронную вэрсію з сайта Беларускага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў.

Маладэчна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?