Сын праваабаронцы Алеся Бяляцкага Адам, затрыманы вечарам 22 жніўня ў Мінску падчас акцыі «Стоп-бензін», абвінавачваецца ў дробным хуліганстве.

Падчас акцыі аўтамабіль, якім кіраваў Адам Бяляцкі, спыніўся на скрыжаванні праспектаў Незалежнасці і Машэрава непадалёк ад плошчы Перамогі. Кіроўца ўключыў аварыйны сігнал і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ.

Аўтамабіль пагрузілі на эвакуатар, а Адаму Бяляцкаму надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну ДАІ з бартавым нумарам 649 і павезлі ў невядомым кірунку. Пазней высветлілася, што яго даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у дачыненні да Бяляцкага склалі пратакол на падставе арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства). Пасяджэнне ў судзе Цэнтральнага раёна мела пачацца, а 10-й.

***

Адам Бяляцкі — сын віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, які быў затрыманы ў Мінску вечарам 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненні да яго абралі меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. 12 жніўня праваабаронцу выставілі абвінавачанне паводле артыкула 243, частка 2 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры) і прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?