У сацыяльных сетках працягваецца кампанія ў абарону беларускай мовы. У бліжэйшы чацвер, 25 жніўня, адбудзецца флэш-моб.

Падставай стала мэтанакіраваная замена беларускамоўных шыльдаў з назвамі населеных пунктаў на расійскамоўныя ў Глыбоцкім, часткова Шаркоўшчынскім і Ушацкім раёнах Віцебшчыны. Раней на зварот ТБМ Глыбоцкі райвыканкам даў фармальную адпіску.

Паколькі прыватныя звароты і зварот грамадскай арганізацыі ў мясцовыя органы не паўплывалі на сітуацыю, то ў чацвер адбудзецца масавая атака лістамі адпаведных структур.

Арганізатары флэш-мобу заклікаюць людзей мадыфікаваць тэксты звароту і ставіць пытанні такім чынам, каб улады мусілі даваць індывідуальныя адказы, а не агульную адпіску, напрыклад, канкрэтныя параграфы ў заканадаўстве, планы па замене шыльдаў на беларускамоўныя, адказныя арганізацыі, прычыны замены шыльдаў, кошты, звязаныя з заменай і г.д.

У сетцы размешчаны і адрасы ўстаноў:

Старшыні раённага Выканаўчага камітэта Морхату А. В.
211070, Віцебская вобл.,
г. Глыбокае, вул. Леніна, 42

Старшыні абласнога Выканаўчага камітэта Касінцу А. Н.
210010, г. Віцебск, вул. Гогаля, 6

Генеральнаму дырэктару РУП «Витебскавтодор»
Каноплічу А.А.
210026, г. Віцебск, вул. Суворава, 16

Намесніку міністра транспарту і камунікацый
дырэктару Дэпартамента «Белавтодор»
Лыціну А. М.
220073, г. Мінск, вул. Кальварыйская, 37

Арганізатары флэш-мобу надрукавалі і ўзорны тэкст:

“Звяртаюся з патрабаваннем патлумачыць прычыны масавага і паслядоўнага пераводу шыльдаў з назвамі населеных пунктаў у Глыбоцкім раёне з беларускай мовы на расійскую. Між іншым, маюцца на ўвазе назвы вёсак Рошча, Чашкі, Асінаўка, Зябкі, Галінава, Рабчонкі, Удзела, Панфілаўшчына, Луцк-Масарскі. Адначасова звяртаю ўвагу на тое, што гэтая замена супярэчыць закону аб геаграфічных назвах, з’яўляецца непрыемным выняткам у маштабе вобласці і краіны, а таксама пярэчыць шматгадовай традыцыі Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, мэтазгоднасць такой замены супярэчыць вынікам афіцыйнага перапісу насельніцтва 2009 года, паводле якіх у Глыбоцкім раёне колькасць беларускамоўнага насельніцтва ў вёсках перавышае 90%, а ў горадзе 50-60%. У сувязі з гэтым прашу спыніць прэцэдэнт, а ўжо замененыя шыльды замяніць беларускамоўнымі”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?