У Мінску пачасціліся выпадкі продажу алкаголю непаўналетнім. З пачатку года ў сталіцы да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнутыя 143 прадаўцы за продаж алкаголю непаўналетнім, што амаль удвая больш, чым летась.
Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Юрый Сарокін 24 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, за продаж алкаголю дзецям прадугледжаны штраф у памеры да пяці базавых велічынь. Сёлета прадпрыемствы гандлю па прычыне продажу алкаголю дзецям ліцэнзіі не пазбаўляліся, «толькі аднаму гандлёваму прадпрыемству быў абмежаваны асартыментны пералік, гэта значыць продаж нейкага віду алкагольнай прадукцыі быў забаронены». Акрамя таго, 392 дарослыя (двое з іх спойвалі сваіх дзяцей) прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўцягванне падлеткаў у распіванне спіртных напояў.

Сарокін таксама падкрэсліў, што маштабы продажу алкаголю непаўналетнім цяжка адсачыць, паколькі існуе праблема «высокай латэнтнасці правапарушэнняў такога роду».

На прафілактычным уліку ў Мінскім гарадскім наркалагічным дыспансеры знаходзяцца 4.493 непаўналетнія, у тым ліку 10 — з устанаўленым дыягназам «алкагалізм».

Загадчыца рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра здароўя Аляксандра Лагун паведаміла, што згодна са звесткамі сацыялагічнага апытання, праведзенага ў 2010 годзе Мінскім навукова-даследчым інстытутам сацыяльна-эканамічных праблем, 15,4% дзяцей пакаштавалі ўпершыню алкаголь ва ўзросце да 8 гадоў.

Больш за палову апытаных школьнікаў сказалі, што перыядычна ўжываюць шампанскае, часцей за ўсё ў сямейным коле, каля 48% — сухія і паўсухія віны, а амаль 47% — піва. Лагун падкрэсліла, што нягледзячы на забарону ўжываць спіртныя напоі ў грамадскіх месцах, «усюды можна ўбачыць падлеткаў з бутэлькай піва». На яе думку, грамадская талерантнасць адносна ўжывання спіртнога з’яўляецца небяспечнай і правакуе алкагалізацыю грамадства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?