У Беларусі ўпершыню плануецца экспартаваць аднаўляныя энергарэсурсы,
паведаміў начальнік аддзела энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама Сяргей Сямашка 24 жніўня на пасяджэнні круглага стала.

Паводле яго слоў, перамовы аб экспарце пелетаў з саломы вядуцца з польскай кампаніяй. Дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб’ёмах і цане партыі біяпаліва. Чакаецца, што пастаўкі ў Польшчу пачнуцца ўжо сёлета. Пробная партыя пелетаў з саломы выпушчана.

Вытворчасць гэтага віду біяпаліва наладжана на базе Клецкага філіяла прадпрыемства «Мінаблпаліва». Устаноўленае абсталяванне дазваляе вырабляць да 2 тон пелетаў з саломы за гадзіну.

Паводле слоў Сямашкі, вырашаць пытанне аб экспарце біяпаліва Беларусь будзе, перш за ўсё, з улікам таго, каб сыравіны хапіла для выкарыстання ў краіне.

Пакуль недахопу сыравіны, неабходнай для вытворчасці пелетаў і паліўных брыкетаў з саломы, не ўзнікае.

Прадпрыемствы сельскай гаспадаркі поўнасцю забяспечваюць свае патрэбы ў саломе, і застаюцца лішкі. Толькі ў Мінскай вобласці ў 2010 годзе было выраблена 1.867,4 тыс. тон саломы, з якіх 784,1 тыс. тоны заарана ў якасці арганічных угнаенняў. Пры гэтым патрэба ў саломе для вытворчасці паліўных брыкетаў і пелетаў складае толькі 31,5 тыс. тон, ці 1,7% ад валавога збору.

Калі аднаўляныя энергарэсурсы дагэтуль у Беларусі не экспартаваліся, то экспарт мясцовых відаў паліва краіна ажыццяўляе ўжо даўно, заявіў Сямашка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?