У ноч зь нядзелі на панядзелак стартаваў першы турнір найпрэстыжнейшага тэніснага турніру сьвету Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі. Гэта першы этап Вялікага Шлему, што ўключае ў сябе турнір у Францыі Ралян Гарос (чэрвень), Уімблдонскі турнір, які звычайна вызначаецца праліўнымі ліпеньскімі дажджамі, ды Адкрыты чэмпіянат ЗША ў Нью-Ёрку.

Аўстраліян Оўпэн праходзіць у Мэльбурне.

Сёньня раніцай - у Беларусі была глыбокая ноч - удала стартавалі нашыя дзяўчаты.

Настасься Якімава перамагла гішпанку Лаўру Пус Ціо — 6:2, 4:6, 7:5, а Вікторыя Азаранка — украінку Юліяну Фядак — 6:2, 5:7, 6:4. У наступным раўндзе Вікторыя згуляе з францужанкай Марыён Барталі (Францыя), што сёньня перамагла Веру Душэвіна (Расея) - 6:0, 6:3. Настасься згуляе зь вядомай японскай тэнісісткай Аяй Сугіямай.

У першым раўндзе мужчынскага індывідуальнага разраду Максім Мірны памераецца сіламі зь перуанцам Люісам Хорнам.

За матчамі Аўстраліян Оўпэн можна сачыць на канале Эўраспорт. Пачынаюцца трансьляцыі а 1‑й ночы. Розьніца зь Мэльбурнам, дзе жыве багата беларусаў, складае дзевяць гадзін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0