«Расія і Еўропа — кожная па-свойму — працягваюць падтрымліваць рэжым Лукашэнкі», — такую пазіцыю папрасіў агучыць у СМІ кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Дзмітрый Ус, які знаходзіцца ў зняволенні.
24 жніўня ў папраўчай калоніі ў Магілёве ў яго адбылося кароткае спатканне з жонкай Яўгеніяй.

Расія, паводле меркавання Уса, спрабуе «за драбязу» ўзяць у Беларусі штосьці сабе, а Еўропа абмежавалася «дробнымі санкцыямі».
«У гэтым плане выразна паказалі сябе толькі ЗША, якія з самага пачатку далі зразумець, што санкцыі будуць, і не адхіляліся ад дадзенага курсу», — прывяла словы экс-кандыдата яго жонка ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН.

Еўропа, мяркуе Ус, напрамую крэдыты не дае, але закупляе беларускую прадукцыю, што дазваляе Аляксандру Лукашэнку падтрымліваць цяперашні рэжым. Паводле меркавання палітыка, пасадзіўшы кандыдатаў у прэзідэнты ў турму, рэжым ашукаў Еўропу, якая прапанавала яму вялікія грошы за дэмакратызацыю краіны. «Палітыка кіраўніцтва краіны заснавана на пачарговым падмане Расіі і Еўропы, — лічыць Ус.

— Ашуканы і беларускі народ, які абрабавалі 100-працэнтнай дэвальвацыяй рубля».

Акрамя таго, заявіў Ус, кантрактная сістэма для работнікаў бюджэтнай сферы не пакідае ім права выбару. Напрыклад, у перадвыбарнай кампаніі палітыка ўдзельнічаў завуч адной з мінскіх школ, і яго кантракт не прадоўжылі.

Паводле слоў Яўгеніі Ус, яна выпісала мужу ў калонію газеты, у тым ліку «Народную волю» і «Нашу Ніву». Яны павінны прыходзіць з верасня. Раней палітыку ўжо выпісвалі газеты, але ён іх не атрымліваў, магчыма, таму, што знаходзіўся ў каранціне.

«Лісты прыходзяць дрэнна — цэнзар у адпачынку. Начальнік калоніі запэўніў мяне, што, у прынцыпе, затрымка невялікая, проста калі ён быў у СІЗА, лісты, якія прыходзілі ў Магілёў, збіралі, а потым сказалі пераправіць у СІЗА. Іх адправілі, цяпер яны вяртаюцца, таму нібы з-за гэтага затрымка. Хоць ліст, які мы адправілі тыдзень таму, Дзмітрый атрымаў сёння, літаральна адразу пасля таго, як я схадзіла да начальніка», — сказала Яўгенія Ус.

Дзмітрый Ус прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года. 26 мая суд Ленінскага раёна сталіцы прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў прыгавор раённага суда без змяненняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?