Нападкі на свабоду выказвання толькі збядняюць грамадства, заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан 24 жніўня ў Мінску на прыёме, прысвечаным свабодзе творчага выказвання, звяртаючыся да прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі.

Паводле яго слоў, нападкі на свабоду выказвання сведчаць пра боязь улады і яе глыбокі недавер да народа. «Прыгажосць і праўда застаюцца назаўжды, а цэнзура — не. Няпісаныя забароны, абмежаванні, адмена выстаў у апошнюю хвіліну супярэчаць духу творчасці, якую прадстаўляеце вы, мастакі», — сказаў дыпламат.

Ён выказаў надзею, што найбліжэйшым часам «гэтыя сумныя падзеі» застануцца ў гісторыі.

Як адзначыў Скэнлан, магчымасць свабодна выказваць свае погляды праз мастацтва, паэзію, прозу з’яўляецца асновай росту і развіцця грамадства і асобы. «Мноства канкурэнтных ідэй здольныя прымусіць нас крытычна ставіцца да сябе і грамадства ці, наадварот, даюць нам шанс атрымліваць асалоду ад прыгажосці. Але вырашаць, што глядзець, чытаць ці слухаць, павінен сам чалавек, а не ўлада. Кожны разумее прыгажосць па-свойму», — сказаў часовы павераны.

На прыёме выступілі музыканты і паэты, якія сутыкаюцца з перашкодамі пры арганізацыі сваіх мерапрыемстваў. У іх ліку гурты Naka, «Палац», «Крамбамбуля», Зміцер Вайцюшкевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч. У межах прыёму працавалі выставы, паказ якіх у поўным аб’ёме раней не ўдалося арганізаваць у іншых месцах. Гэта, у прыватнасці, выставы фатаграфій «Прэс-фота Беларусі 2011», рэпрадукцый амерыканскіх аўтараў розных эпох.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру