Медыкі занепакоеныя ростам ліку беларускіх падлеткаў з залішняй вагой. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Ірына Засценская 25 жніўня на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.

Паводле яе слоў, па дадзеных даследавання мінскіх школ, залішнюю вагу маюць чвэрць падлеткаў. Часцей яна назіраецца ў дзяўчынак з прычыны іх фізіялагічных асаблівасцяў. У 10–13% сталічных школьнікаў выяўлена атлусценне.

З мінулага года па ўсёй Беларусі праводзіцца асобнае даследаванне па ацэнцы атлусцення ў дзяцей. Гэту працу плануецца завяршыць у наступным годзе. Даследаванне дазволіць вызначыць, наколькі распаўсюджана адхіленне вагі ў дзяцей і падлеткаў з тым, каб рэкамендаваць на дзяржаўным узроўні меры, якія будуць перашкаджаць распаўсюджванню гэтай тэндэнцыі.

Засценская лічыць, што прычына павелічэння ліку беларускіх падлеткаў з залішняй вагой — даступнасць харчовых прадуктаў у спалучэнні з адсутнасцю культуры харчавання.

Паводле яе слоў, можна вылучыць два асноўныя кірункі ў барацьбе з залішняй вагой: карэкцыя харчавання і павелічэнне фізічнай нагрузкі. Пастаянна ўносяцца карэктывы ў школьнае меню. «У школах забаранілі колу, адыходзяць ад чыпсаў, рэкамендуем садавіну і агародніну, рэкамендуем прадаваць у школах сокі, — сказала Засценская. — Мы пільна сочым, каб не было перагібу ў бок вугляводнага харчавання».

Паводле слоў спецыяліста, для схільных да паўнаты людзей таксама абавязкова павелічэнне расходу энергіі. Дзецям рэкамендуецца хадзіць у школу пешшу, наведваць спартыўныя секцыі. У перспектыве медыкі зацікаўлены ва ўкараненні ў Беларусі аптымальнага планавання гарадоў. У прыватнасці, канцэпцыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Зялёны горад» прадугледжвае, што кожны гараджанін павінен мець магчымасць на працягу 15 хвілін без выкарыстання транспарту дабрацца да зялёнай зоны, а таксама мець доступ да бясплатных спартыўных збудаванняў.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр гігіены абмяркоўвае магчымасць аптымізацыі планавання беларускіх гарадоў з Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры. Для гэтай працы неабходна знайсці міжнародных спонсараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0