Сёньня ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску (пр-т Незалежнасьці, 47) адкрываецца пэрсанальная выстава літоўскага фатографа Антанаса Суткуса «Штодзённыя архівы». Як паведаміла прэсавая служба амбасады Літвы ў Беларусі, выстава падрыхтаваная пры садзеяньні дыпляматычнай місіі і галерэі «Сьвет фота».

Антанас Суткус, які пачаў кар’еру фотажурналіста ў сярэдзіне 50‑х гадоў мінулага стагоддзя, доўгія гады «быў вымушаны складваць у асобную папку свае работы, якія не адпавядалі канонам сацыялістычнага рэалізму». «Пазней, стаўшы лідэрам літоўскай фатаграфіі, з’яўляючыся шмат гадоў старшынём адзінага ў СССР Таварыства фотамастацтва, Суткус вымушаны быў зноў папаўняць сваю запаветную папку», ‑ гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы.

У 1993 годзе, калі ў Літве ўжо не было цэнзараў, аўтар «знайшоў» у сябе выдатную калекцыю, якая «дзіўна дакладна адлюстроўвала розныя бакі жыцьця літоўскага грамадзтва».

Летась у Менску праходзіла фота выстава Антанаса Суткуса «Жан‑Поль Сартр і Сімона дэ Бавуар. Пяць дзён у Літве». Фатограф у чэрвені 1965 года суправаджаў славутую інтэлектуальную пару Парыжа ‑ Жан‑Поля Сартра і Сімону дэ Бавуар ‑ у іх паездцы па Літве.

Тады 26‑гадовы А.Суткус зафіксаваў на фотастужцы тое, што потым стала самым славутым вобразам філёзафа.

Фота з сайту fototapeta.art.pl.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?