Я разумею пазіцыю Расіі, але разумець пазіцыю, матывы дзеянняў іншага боку, далёка не заўсёды азначае падтрымку.

Я разумею, што Расія ў Беларусі мае свае нацыянальныя інтарэсы і імкнецца іх рэалізаваць. Як і тое, што свае інтарэсы ў Беларусі мае і імкнецца рэалізаваць кіруючая расійская эліта. І не па ўсім пытанням гэтыя інтарэсы супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі.

Сучасная гандлёвая вайна паміж Беларуссю і Расіяй з’яўляецца лагічным вынікам развіцця беларуска-расійскіх адносінаў за апошнія 12 гадоў. У Крамлі, спрыяючы рэжыму Лукашэнкі, цярпліва сачылі за тым, як апошні губляе легітымнасць, фальсіфікуючы вынікі выбараў; страчвае магчымасці палітычнага манеўру, развязваючы «халодную вайну» з дэмакратычнымі краінамі. То бок становіцца ўсё больш залежным ад палітычнай і эканамічнай падтрымкі з боку Расіі.

Цяпер у Крамлі палічылі, што «плод саспеў і прыйшоў час яго сарваць» - прымусіць, урэшце рэшт, Лукашэнку аддаць усе тое, што ўжо даўно хацелі атрымаць. Гаворка ідзе не толькі аб усталяванні кантролю над «Белтрансгазам». Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў-2001 у Беларусі расійскае кіраўніцтва вуснамі тагачаснага прэм’ера Міхаіла Касьянава заяўляла аб жаданні расійскіх кампаніяў набыць кантрольныя пакеты акцый буйнейшых і найбольш рэнтабельных беларускіх прадпрыемстваў. У тым спісе былі «Белтрансгаз» і нафтапераапрацоўка, і МАЗ, і БМЗ. Цяжка назваць прывабны аб’ект беларускай уласнасці, які бы не хацелі «з’есці» расійскія бізнэсоўцы пры падтрымцы, натуральна, зацікаўленых асобаў у Крамлі.

Сёння расійскія афіцыйныя асобы кажуць, што адзінай магчымасцю аднаўлення паставак танных газу і нафты з’яўляецца «больш цесная інтэграцыя». Іншымі словамі, першым крокам да «цеснай інтэграцыі», з’яўляецца перадача пад кантроль Расіі «Белтрансгазу» і нафтапераапрацоўкі. І такая пазіцыя падтрымліваецца шэрагам беларускіх эканамістаў, якія лічаць сябе «лібераламі»: маўляў, навошта беларусам газапровад без газу і нафтапераапрацоўка без нафты? Расія зацікаўленая паставіць крыж на перспектывах стварэння Балта-Чарнаморскага калектару. І не толькі.

Усталяваўшы кантроль над беларускай энергетычнай сістэмай, Расіі будзе ўжо прасцей даціснуць Лукашэнку і ў чарговым патрабаванні, без якога немагчымае развіццё «цеснай інтэграцыі». Лукашэнка ўжо не скажа, што ўмовай аб’яднання грашовых сістэмаў з’яўляецца стварэнне роўных умоваў для гаспадарчых суб’ектаў, г.зн. роўныя кошты на энерганосбіты. Ну, а пасля таго, як будзе ўсталяваны кантроль над фінансавай сістэмай, калі ўжо не ў Мінску, а ў Маскве будуць вырашацца пытанні выплаты заробку, інвестыцый, паўстануць наступныя патрабаванні «цеснай інтэграцыі».

Калі інтэграцыя дойдзе да такой ступені, то Лукашэнку будзе цяжка адмовіць сваім расійскім партнёрам. Ці, увогуле, магчыма тады будзе адмовіць? Справа ў тым, што ўжо на першым этапе «сапраўднай», «цеснай інтэграцыі» будуць адбывацца адпаведныя змены і ў камандзе Лукашэнкі. Пачнуцца працэсы дэзінтэграцыі ўлады. Любы аўтарытарны рэжым пабудаваны на карупцыі. Ён трымаецца на матэрыяльных інтарэсах, на «ценявых», пазабюджэтных фінансавых патоках, на магчымасці адпаведных асобаў канвертаваць уладу ва ўласнасць. Чым больш моцнымі будуць эканамічныя пазіцыі Расіі ў Беларусі, тым большы спектр палітычных пытанняў будзе вырашацца не ў Мінску, а ў Маскве. Тым больш у Масквы будзе рычагоў палітычнага ўплыву. Поле палітычных магчымасцяў Лукашэнкі будзе звужацца да памераў, адпаведных статусу марыянеткавай фігуры. Вось чаму такая барацьба разгарнулася за нафту і газ. Гэта першая і ў значнай ступені вырашальная пазыцыя.

Лукашэнка мае рацыю, калі кажа, што «незалежнасць і суверэнітэт не прадаюцца за нафту і газ». У тым сэнсе мае рацыю, што яго палітыка за 12 гадоў падвяла Беларусь да такой мяжы, калі гандаль, барацьба ідуць не за газ і нафту, а за незалежнасць і суверэнітэт. Ён падвёў Беларусь да мяжы страты незалежнасці і суверэнітэту. І Расія цісне, бо Крэмль бачыць створаны для яго самім Лукашэнкам гістарычны шанец, бачыць магчымасці зноў вырашыць сваё «беларускае пытанне».

Чаму з’явіліся такія магчымасці? Палітыка і эканоміка ўзаемазвязаныя. Не можа быць эфектыўнай эканомікі пры рэжыме асабістай улады і адпаведнай сістэме прыняцця палітычных рашэнняў. Ва ўмовах, калі ўлада не фармуецца на падставе выбараў, Канстытуцыя і законы пераўтвараюцца ў паперкі, якія перапісваюцца, калі улада нелегітымная, галоўнай каштоўнасцю ўлады, прынцыпам і мэтай яе функцыянавання, становіцца не развіццё грамадства і стварэнне спрыяльных умоваў для самарэалізацыі асобы, а палітычны кантроль, захаванне ўлады. Адпаведным чынам размяркоўваюцца і дзяржаўныя сродкі. Праваахоўныя органы пераўтвараюцца ў «сілавыя структуры», «сілавы блок», які фінансуецца ў прыярытэтным парадку. А на мадэрнізацыю вытворчасці, рэалізацыю праграмаў падвышэння энергаэфектыўнасці не хапае сродкаў. Як не хапае на адукацыю, ахову здароўя, культуру. Пры гэтым не хапае і на барацьбу са злачыннасцю, што прадказальна: «героямі» рэжыму становяцца не прафесіяналы, крымінальны вышук і не АМАП у яго сапраўдным прызначэнні, як атрада па барацьбе са злачыннасцю, а паўлічэнкі розных калібраў, якія збіваюць годных людзей.

Энергетычны ціск з боку Расіі стаў пэўным экзаменам для рэжыму Лукашэнкі, адэкватнай ацэнкай «эканамічнага цуду». Высвятлілася, што сапраўднае становішча Беларусі як грамадства і дзяржавы можна назваць глыбокім сістэмным крызісам. Лукашэнка завёў Беларусь у тупік.

Калі краіна ў такой ступені непадрыхтаваная для жыцця ва ўмовах рынкавых коштаў на энэрганосбіты, калі створаны ўмовы для знешняга ціску і пры гэтым ва ўладзе адсутнічае бачанне вырашэння гэтых праблемаў -- гэта менавіта крызіс і тупік.

Адначасова нафтагазавы беларуска-расійскі канфлікт высвяціў сапраўдны характар Расіі, як партнёра Захаду ўвогуле і энергетычнага партнера Еўропы, у прыватнасці. А таксама высвяціў ступень адпаведнасці Расіі дэмакратычным стандартам.

Расійскія СМІ, афіцыйныя асобы інтэрпрэтуюць канфлікт як «сутыкненне рынкавай маделі Расіі і планавай мадэлі Беларусі». Але часцяком за «рынкавай» рыторыкай Расіі хаваецца імкненне зрабіць беларускі ўрад сваёй марыянеткай. Імкненне атрымаць надзейныя гарантыі выканання Беларуссю ролі стратэгічнага саюзніка, «плацдарма» і «шчыта» перад NATO, як ваенна-палітычным звязам, і Захадам, як цывілізацыяй, якая прадукуе пэўныя, у тым ліку і палітычныя, каштоўнасці. Прычым атрымаць гарантыі і «пасля Лукашэнкі» і незалежныя ад Лукашэнкі. Таму афіцыйная Масква змагаецца за пашырэнне і ўзмацненне эканамічных і палітычных пазіцыяў Расіі ў Беларусі.

Лукашэнка вельмі добра разумее, што Расію цікавяць у першую чаргу не грошы, а геапалітычны статус. Не столькі імкненне атрымаць дадатковыя рэсурсы для ўнутранага развіцця, сколькі імперскія амбіцыі, ідэя «Вялікай Расіі» хвалююць крамлёўскую эліту. Разумеючы важнасць ролі свайго рэжыму як «плацдарма» і «тарчы», Лукашэнка рашуча настроены вытрымаць ціск з боку Расіі: ён упэўнены, што адліга ў беларуска‑расійскіх адносінах непазбежная. А калі так, то дзеля набліжэння моманту адлігі можна выкарыстаць і спыненне транзіту расійскіх энерганосбітаў. З задавальненнем паставіўшы пад пытанне надзейнасць Расіі як энергетычнага партнёра Еўропы.

Галоўныя аргументы Лукашэнкі ў размове з Масквой гэта нават не транзіт нафты, газу, іншых тавараў. Гэта вайсковыя аб’екты Расіі, супрацьпаветраная абарона, іншыя паслугі стратэгічнага саюзніка, «плацдарма» і «тарчы». Разумеючы сваю ролю, Лукашэнка гатовы ў любы зручны момант скасаваць заключаныя беларуска-расійскія пагадненні і зноў стварыць перашкоды для транзіту расійскіх энэрганосбітаў, патрабуючы больш спрыяльных умоваў. Гэта датычыцца і падпісанага напярэдадні Новага Году пагаднення аб продажу акцый «Белтрансгазу».

Менавіта таму, што Расія занадта шмат чаго хоча ў Беларусі, яна не можа быць надзейным пастаўшчыком энерганосбітаў у Еўропу. Незалежна ад падпісаных беларуска-расійскіх пагадненняў, захоўваецца вялікая верагоднасць чарговых нафтагазавых канфліктаў і спынення паставак энерганосбітаў.

Вырашэнне нашых праблемаў – у тэрміновым рэфармаванні эканомікі, у пераходзе да рынкавых адносінаў. Гарантыяй незалежнасці Беларусі можа быць толькі дэмакратыя. Сёння хвароба заганяецца ўнутр. Лячэнне яе адкладаецца. Сённяшні рэжым лекарам ужо выступаць не можа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?