Жарт наконт таго, што курс даляра ў Беларусі залежыць выключна ад нумара месяца, аказаўся прарочым. Менавіта 1 верасня курс продажу даляра на сайце Пракапові.ч перайшоў мяжу ў 9000 рублёў.Дэвальвацыя беларускага рубля дасягнула 200% ад пачатку года.
Разам з тым, курс куплі яшчэ падцягваецца да гэтай адзнакі. З улікам гэтага можна меркаваць, што, сярэдні курс знаходзіцца на ўзроўні 8850-8900 рублёў.
Віленскія абменнікі працуюць з курсамі 8200-8300/9200-9640. Такім чынам, сярэдні курс і ў іх ушчыльную падабраўся да 8900-9000 рублёў.
Падзенне рубля аднавілася ад пачатку жніўня.
Старшыня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова прызнала ў сераду, што курс рубля ўвосені ўстановіцца на ўзроўні, блізкім да 10 000: «Я не думаю, што курс скочыць у «завоблачнасць», — сказала яна, —
бо на чорным рынку ён цяпер сфармаваўся на ўзроўні 10 тысяч за долар і больш за 10 тысяч ён не вырасце.
Нацбанк спадзяецца выйсці на адзіны абменны курс цягам восені, прычым улады прызнаюць, што адзіны курс будзе блізкім да цяперашняга курса чорнага рынку.