Перавод грашовых укладаў насельніцтва на валютныя дэпазіты не будзе мець тэхнічных складанасцей, пра гэта заявіў 2 верасня журналістам першы намеснік старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Мікалай Лузгін.

«Гэта працэдура не будзе мець нейкіх складанасцей, — адзначыў Мікалай Лузгін. — Мы забяспечым свабодны перавод рублёвых дэпазітаў у валютныя пры выхадзе на адзіны курс».

Калі грамадзянін захоча перавесці рублёвы ўклад у валютны, то ён зможа гэта зрабіць па тым курсе, які ў гэты час складзецца на рынку.

Да гэтага часу ўжо будзе працаваць другая сесія на біржы, будзе адзіны рыначны курс.

Але пры гэтым Нацыянальны банк і банкі будуць праводзіць інфармацыйную кампанію, тлумачыць грамадзянам, каб не спяшаліся з гэтым пераводам, а селі і палічылі. Цяпер у Беларусі вельмі высокія стаўкі па рублёвых дэпазітах, якія дасягаюць 40 працэнтаў. Але ў далейшым плануецца паступовае зніжэнне інфляцыі. Нараўне з гэтым плануецца, што па меры выхаду на рыначны, адзіны курс на другой сесіі, курс беларускага рубля будзе ўмацоўвацца. «Трэба падумаць, ці трэба з галавой кідацца і змяняць рублёвы дэпазіт на валютны, а потым праз некаторы час шкадаваць аб гэтым, таму што валюту можна будзе купіць таннейшую», — выказаў меркаванне Мікалай Лузгін. У сувязі з гэтым, лічыць ён, не трэба спяшацца, лепш паглядзець, якія будуць тэндэнцыі на рынку.

Але ў тэхнічным плане Нацбанк настройвае банкі на тое, каб грамадзяне, якія вырашылі ажыццявіць такі пераход, ніякіх перашкод не мелі. Тым больш, гэта выгадна дзяржаве. «Адна справа, калі грамадзянін здымае рублёвы дэпазіт і хавае яго пад падушку, і іншая, калі ён яго перавядзе ў валютны. Гэтыя сродкі застаюцца ў абароце, гэта рэсурс крэдытавання эканомікі, гэта меншае з ліх», — падкрэсліў першы намеснік старшыні Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?