Чаму Пуцін не абыграў Лукашэнку? Піша Віталь Тарас.

"Масква не шукае замены Лукашэнку»

Пад такой назвай на сайце «Беларускі партызан» нядаўна быў апублікаваны адкрыты ліст Аляксандру Казуліну расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава. На самым пачатку аўтар ліста перадае прывітаньне «ад дэпартаванага» — «палітвязьню».

Падобны зварот, трэба зазначыць, выглядае ня надта карэктным, паколькі розьніца паміж дэпартацыяй зь Менску ў Маскву і зьняволеньнем на пяць з паловай гадоў, усё?ткі, даволі істотная.

Але ня ў тым сутнасьць. Расейскі палітоляг даволі слушна крытыкуе ў сваім лісьце беларускую апазыцыю за адсутнасць выразнай стратэгіі як у эканамічнай, гэтак і ў геапалітычнай сфэрах. Апазыцыі ў Менску, на думку Суздальцава, няма чаго прапанаваць Маскве — з тым, каб прыцягнуць яе на свой бок у барацьбе з рэжымам Лукашэнкі. Калі ісьці за лёгікай аўтара, Лукашэнку ёсьць, ці, прынамсі, было што прапанаваць Крамлю ў абмен на палітычную ды эканамічную падтрымку. Толькі незразумела, чым жа выкліканая тады нафтагазавая вайна паміж Менскам і Масквой: непрадказальнымі дзеяньнямі Лукашэнкі ці непрадуманымі, безадказнымі дзеяньнямі Масквы, якая нават і не спрабавала ніколі шукаць яму замену? Таксама, як і шукаць нейкія моманты судакрананьня зь беларускай апазыцыяй.

Ліст Суздальцава шмат у чым тлумачыць, чаму гэтага не адбылося дагэтуль і наўрад ці адбудзецца ў бліжэйшай пэрспэктыве. Сярод прэтэнзіяў, якія выстаўляе беларускай апазыцыі вядомы расейскі палітоляг, ключавой уяўляецца наступная: «Ня прыме апазыцыя на сябе і гарантыі забеспячэньня дзяржаўнага статусу расейскай мовы. Апошняе пытаньне ўвогуле будзе ўспрынятае як зьнявага, хаця ясна — А.Лукашэнка выкарыстаў моўнае пытаньне для адколу апазыцыі ад электарату і загону сваіх палітычных апанэнтаў у палітычнае «гета». Між іншым, у Беларусі жыве агромністая маса беларусаў, якія нарадзіліся ў расейскамоўным асяродку і ўсё жыцьцё ў ім жывуць. Для іх, чыстакроўных беларусаў, расейская мова, натуральна, родная. Каб прымусіць гэтых людзей перайсьці на беларускую, апазыцыі, у выпадку прыходу яе да ўлады, давядзецца парушаць правы чалавека. Натуральна, зьявяцца ўцекачы... ў Расею. Зноў выдаткі фэдэральнага бюджэту. Так што і ў моўнай сфэры дыялёгу ня будзе».

Цяжка не пагадзіцца з апошнім цьверджаньнем. Але на каго, паводле Суздальцава, кладзецца адказнасьць за адсутнасьць дыялёгу, ці, інакш кажучы, разуменьня элемэнтарных рэчаў? На апазыцыю, якую ўлада загнала ў «гета»?

Калі й можна тут чымсьці папікнуць апазыцыю, дык гэта ў тым, што яна дагэтуль недастаткова рашуча абараняла беларускую мову, беларускія школы, беларускую культуру, адсоўваючы гэтае пытаньне на другі плян.

Беларусь як Ганконг наадварот

Хіба на пачатку 1990?х г. у беларускай дзяржаве адбывалася прымусовая беларусізацыя? Хтосьці калі?небудзь быў пазбаўлены права вывучаць расейскую мову? А, можа, у Расіі калі?небудзь былі расейскамоўныя ўцекачы зь Беларусі — то бок, эмігранты, прычынай эміграцыі якіх была дыскрымінацыя ў моўным пытаньні?

Дарэчы, у суседняй Латвіі патрабаваньне ведаць мову тытульнае нацыі аформлена заканадаўча, і дзяржава вельмі строга сочыць за яго выкананьнем. Але нешта не было чуваць дагэтуль пра масавую эміграцыю расейскамоўных грамадзянаў Латвіі ў Расею. Бо ўнутры краіны яны маюць магчымасьць абараняць права нацыянальнае меншасці вывучаць сваю мову. А вось у Беларусі тыя, хто гаворыць на роднай мове (адной зь дзвюх дзяржаўных) у публічных месцах, рызыкуюць.

Але гэта расейскага палітоляга не хвалюе. Ён загадзя заклапочаны парушэньнямі правоў чалавека з боку беларускай апазыцыі, калі яна прыйдзе да ўлады ў Беларусі, але масавых парушэньняў гэтых правоў — у тым ліку парушэньня палітычных правоў апазыцыі — ва ўпор ня бачыць. Такая вось лёгіка.

Казаць пра «чыстакроўных беларусаў», якія, паводле аўтара, ня толькі ня ведаюць, але й не разумеюць беларускае мовы, ня хочацца нават і гаварыць.

Падобныя разважаньні ня маюць нічога агульнага з клопатам пра лёс беларускай апазыцыі, ды й нацыі, зразумела.

І такая пазыцыя характэрная ня толькі для Андрэя Суздальцава, якога можна залічыць у кагорту палітолягаў лібэральных.

Пракрамлёўскі палітоляг Сяргей Маркаў пайшоў у сваіх разважаньнях далей за іншых калег. У гутарцы за круглым сталом на расейскай службе радыё «Свабода» ён даводзіў, што Маскве ў любым выпадку патрэбная Беларусь як частка вялікай Расеі — незалежна ад і палітычнага і эканамічнага ладу ў нашай краіне. (На думку Маркава, Лукашэнку ўдалося рэалізаваць у РБ кітайскую эканамічную мадэль.) У прыклад ён прывёў узьяднаньне… КНР і Ганконгу на падставе прынцыпу: адна краіна — дзьве сыстэмы.

Мала таго, што, згодна з Маркавым, беларусы ня больш адрозьніваюцца ад расейцаў, чым жыхары Ганконгу ад кітайцаў. Выходзіць, што Беларусі ў выпадку «ўзьяднаньня з Расеяй будзе пакінуты статус свайго роду запаведніка, альбо рэзэрвацыі, дзе мясцовым жыхарам, як амэрыканскім індзейцам, будзе пакінутае права захоўваць больш прымітыўную мадэль эканомікі. У дадзеным выпадку — камандна?адміністрацыйную. Ну, а мясцоваму кіраўніцтву, зразумела, будзе пакінутае права камандаваць беларускім народам на свой капыл. Якая справа кіраўніцтву і эліце дзяржавы, на тэрыторыі якой знаходзіцца «запаведнік», ці парушае яго адміністрацыя правы мясцовай «фаўны»?

Аб тым, што сваімі разважаньнямі спадар Маркаў і яму падобныя адводзяць беларускаму народу ролю неразумных тубыльцаў, якіх трэба выхоўваць і вучыць цывілізацыі, яны, відаць, нават не задумваюцца. Паколькі іхнае ўяўленьне аб маралі зводзіцца, хіба, да вядомага прынцыпу: маральна ўсё, што карысна для Расеі. Ці — у дадзенай канкрэтнай сітуацыі — што карысна для Пуціна.

Перахаміць хама

Праўда, узьнікаюць вялікія сумненьні, што Пуцін і ягонае атачэньне сапраўды змаглі атрымаць хоць нейкую карысьць са спробы ўчыніць беларускаму кіраўніку публічнае лупцаваньне. Паколькі бітымі ў выніку апынуліся самі «настаўнікі». Ім здавалася, што «супраць лому няма прыёму», яны прызвычаіліся да ўласнага хамства як унівэрсальнага спосабу вырашэньня ўсіх праблемаў з геапалітычнымі «падначаленымі». Але Лукашэнка міжволі апынуўся ў ролі пэрсанажа раману Робэрта Пэна Ўорэна. Яго герой учыніў форменны скандал палісмэну. Чым заслужыў саркастычны камплімэнт сваёй жонкі: «Малайчына! Перахаміў хама!..»

Лукашэнка зь лёгкасьцю зможа перахаміць любога палітыка, нават Жырыноўскага, і зь ім лепш не спаборнічаць у рыторыцы — што сарамліва вымушаныя былі прызнаць расейскія чыноўнікі, якім давялося збаўляць напал свайго абурэньня паводзінамі афіцыйнага Менску.

Калі б гэтыя палітыкі, асабліва на самым версе, здолелі шчыра прызнацца, што ўсе апошнія захады ня маюць нікага дачыненьня да рынкавай эканомікі, а былі толькі спосабам пакараць хаўрусьніка за недастатковую паслухмянасьць, то такая пазыцыя выглядала б, насамрэч, больш маральнай і лягічнай. Калі ж у Маскве спрабуюць гуляць у «славянскую еднасьць, дружбу й братэрства» з аднаго боку і ў «жорсткі прагматызм» зь іншага — ёй ніхто ўжо ня верыць. Асабліва ў Беларусі.

А галоўнае, што ў галіне дэмагогіі спрабаваць пераўзысьці Лукашэнку — пусты нумар. Хацелі папалохаць трубаправодам, прыструніць, а ў выніку — паводле расейскай клясыкі — адлупцавалі саміх сябе перад усім сьветам, як тая ўнтэр?афіцэрская ўдава.

Расейская журналістка Юлія Латыніна на радыё «Эхо Москвы» выказала погляд, што высадзіць парашутна?дэсантны полк у Менску стала б больш дзейсным, а галоўнае — больш лягічным крокам з боку Крамля, чым выдаваць сябе за прыхільнікаў строгага выкананьня міжнародных дамоваў і выхавальнікаў добрых манераў у дыктатара.

Добра хаця б тое, што пасьля гэтай навагодняй камэдыі з падпісаньнем дамоваў пад бой курантаў, перакрываньнем вэнтыляў, увядзеньнем і скасаваньнем транзытных мытаў ад усіх далейшых размоваў пра будаўніцтва саюзнай дзяржавы будзе патыхаць цяпер ужо нясьцерпным фальшам. Гэта ня значыць, што пра саюз Беларусі й Расеі больш ня будуць гаварыць — яшчэ як будуць, асабліва ў Маскве. Трэба ж, напрыклад, ведамству Барадзіна і іншым «саюзным» чыноўнікам хоць неяк апраўдаць сваё існаваньне. Але паверыць у гэтыя інтэграцыйныя размовы ахвотнікаў цяпер будзе значна меней — і ў Расеі, і ў Беларусі.

Зразумела, што рыторыка беларускіх СМІ зьмянілася за апошнія дні значна меней, чым рыторыка Крамля. Вайна — прапагандысцкая, гандлёвая, якая заўгодна іншая — ёсьць натуральным спосабам іх функцыянаваньня. Дзеля гэтага яны й ствараліся. Дзяржаўныя СМІ ў сёньняшнім выглядзе ня могуць працаваць на пазытыў, на фармаваньне вышэйшых каштоўнасьцяў — такіх, як нацыянальная ідэя, напрыклад. Яны могуць толькі абараняць і апраўдваць дзеяньні ўлады, дзеяньні першай асобы пры любым раскладзе. І толькі адным даступным ім спосабам — узбуджэньнем нянавісьці да праціўніка. У дадзеным выпадку ў іх лік патрапілі «Газпром» і «Транснефть». БТ у сваіх камэнтарах не знайшло нічога лепшага, як абазваць расейскіх алігархаў «усялякімі вайнштокамі, мілерамі, грэфамі». Інакш кажучы, для выкрываньня расейскага алігархічнага імпэрыялізму была выкарыстаная… вялікарасейская шавінісцкая рыторыка.

Не пра пагрозу страты незалежнасьці Беларусі і не пра будучыя эканамічныя праблемы беларусаў вялася апошнімі днямі гаворка ў дзяржаўных СМІ. Рознага калібру аглядальнікі і інтэрвіюеры плакалі, насамрэч, аб адным — не ўдалося стварыць Саюз, у якім усё было б так, як у сёньняшняй Беларусі, на манэр колішняга СССР.

Гэтая прапаганда, відаць, разьлічаная на тых самых «чыстакроўных беларусаў», для якіх роднай мовай за савецкім часам была і застаецца адзінай «общепонятной». А беларуская мова і культура — варожымі сымбалямі.

Але той час незваротна сыходзіць. Разам з таннай нафтай і ня менш таннай «саюзнай» рыторыкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0