Сёньня Менск прадоўжыў выстаўляць рахунак Маскве і трохі супакоіў Захад. Як піяраўская нагода было скарыстанае зацвярджэньне рашэньня аб ахове дзяржаўнае мяжы ў 2007 годзе. Удзельнікі мерапрыемства: галоўнакамандуючы Лукашэнка, генэрал Паўлоўскі.
З аднаго боку, прадэкляравана, што паўнавартасную мяжу з Расеяй пакуль што рабіць не зьбіраемся.
Але выразны падтэкст такі: калі ўсё ж давядзецца ісьці на гэнакі крок, дык ведайце: ня мы першыя пачалі!
Нам паведамілі, што расейцы ўжо "выйшлі на мяжу сваімі мытнымі органамі"! Звыш таго (гэта прагучала асабліва інтрыгоўна), паблізу Масква "разьмясціла каля 150 апэратыўных работнікаў, якія дзейнічаюць у інтарэсах расейскіх памежных войскаў".
Падкрэсьлена: Беларусь фінансуе дзве траціны выдаткаў на ахову мяжы саюзнай дзяржавы!
У прыватнасьці, каб вы ведалі, за беларускія грошыкі заменена 95% слупоў на мяжы з Польшчай.
Тут самі разумееце, у чый гарод камень. Каб ня надта папракаў нафтагазавымі прэфэрэнцыямі. Бо выставім рахунак за кожны слуп, як за сталярны выраб з чырвонага дрэва!
А вось Захад, бадай, можа трохі супакоіцца. Сёньня яго ўжо не палохалі нашэсьцем нелегалаў:) Наадварот, заяўлена, што створаная надзейная сыстэма аховы мяжы з Эўразьвязам.
Сапраўды, нашто псаваць настрой спадару ван дэр Ліндэну, які акурат толькі што прызямліўся ў Менску?
Карацей, пра падкопы Захаду, пра вераломнага монстра гэтым разам не чутно было. А вось высьвятленьне стасункаў між Менскам і Масквой, як бачым, доўжыцца. Новае абвастрэньне мажлівае калі заўгодна.
Сымбалічны слуп на беларуска-расейскай мяжы ў 1995 годзе разам з Лукашэнкам выкопваў прэм'ер Чарнамырдзін. Калі там паўстануць ужо не сымбалічныя слупы, ён пэўна згадае ўласнае выслоўе: хацелі як лепей, а атрымалася як заўсёды!
Зрэшты, для Беларусі было б акурат лепей.





