Урадавай пастановай ад 13 студзеня адпраўлены ў адстаўку намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Анатоль Дзядкоў. Матывуецца гэтае рашэньне тым, што спадар Дзядкоў ня выканаў даручэньні прэм’ер‑міністра Беларусі ў «складанай крытычнай сытуацыі», а таксама за тое, што не забясьпечыў вытворчую загрузку нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрну.
Апроч таго, на намесьніка старшыні канцэрну Валянціну Красных усклалі выкананьне абавязкаў кіраўніка «Белнафтахіму» – на пэрыяд знаходжаньня ў камандзіроўцы старшыні канцэрну Аляксандра Бароўскага, паведамляе БелаПАН. Спадарыні Красных даручылі забясьпечыць поўную вытворчую загрузку нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрну ў бесьперабойным рэжыме ды інфармаваць штодзённа да 1 лютага 2007 году пра сытуацыю на гэтых прадпрыемствах апарат ураду.





