На запрашэньне кіраўнікоў палат Нацыянальнага сходу Беларусі ў Менск прыбыў прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн. Як мяркуецца, ён сустрэнецца з уладамі і апазыцыяй, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, сваякамі палітвязьняў, наведае Нацыянальную бібліятэку і адзін зь беларускіх замкаў. У менскім аэрапорце госьця з Эўропы сустракаў наш карэспандэнт.

Апошні раз прэзыдэнт ПАРЭ прыяжджаў у Менск у 1996 годзе — у разгар супрацьстаяньня А.Лукашэнкі і Вярхоўнага Савету. Тагачасная кіраўнічка ПАРЭ Лені Фішэр хацела сустрэцца з А.Лукашэнкам, але ў яго на той час была заплянавана гульня ў футбол. Пасьля рэфэрэндуму Беларусь страціла статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ і сталася адзінай краінай кантынэнту па‑за Радай Эўропы.

Пад час цяперашняга візыту Рэнэ ван дэр Ліндэна сустрэча з А.Лукашэнкам не плянавалася: ён сустрэнецца толькі зь міністрам замежных спраў, кіраўнікамі палат Нацыянальнага сходу. Асобныя сустрэчы спадара ван дэр Ліндэна маюць быць наладжаны зь лідэрамі апазыцыі, прадстаўнікамі няўрадавага сэктару, сваякамі палітвязьняў: яны адбудуцца ў рэзыдэнцыі нямецкага амбасадара ў чацьвер увечары і ў пятніцу раніцай.

У аэрапорце Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў:

Ван дэр Ліндэн: «Гэта ўдалы момант пасьля спрэчкі Беларусі з Расеяй, якая паказала важнасьць адкрытага дыялёгу суседзяў у Эўропе. Я спадзяюся, беларусы разумеюць, што ізаляцыя не зьяўляецца шляхам у будучыню, і мы можам абмеркаваць, як нам распачаць дыялёг».

Камэнтуючы выказваньні прадстаўнікоў беларускай апазыцыі наконт таго, што такі візыт можа ўспрымацца нэгатыўна, спадар ван дэр Ліндэн сказаў:

Ван дэр Ліндэн: «Я палітык. І цалкам незалежны палітык. Я прытрымліваюся тых думак і поглядаў, якія я лічу правільнымі».

Спадар ван дэр Ліндэн заклікаў Беларусь быць бліжэй да Рады Эўропы і выказаў спадзеў:

Ван дэр Ліндэн: «Дзеля грамадзян Беларусі я спадзяюся, што ў будучыні яны далучацца да Рады Эўропы. Дзеля гэтага патрэбны канкрэтныя пазытыўныя крокі».

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў, які сустракаў прэзыдэнта ПАРЭ ў аэрапорце, мае іншую думку:

Канаплёў: «Для таго, каб мы атрымалі статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, нам ніякіх крокаў рабіць ня трэба. У краіне ўсё для гэтага ёсьць. А пра сяброўства ўжо можна гаварыць».

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, які ўвечары мае сустракацца з прэзыдэнтам ПАРЭ, мяркуе, што ўладам ня варта спадзявацца на гэты візыт як магчымасьць міжнароднага прызнаньня Нацыянальнага сходу.

Вячорка: «Ніякіх асаблівых практычных дывідэндаў з гэтага рэжым не атрымае. Хіба, прапагандысцкія. Спадар ван дэр Ліндэн даўно хацеў прыехаць у Беларусь — я зь ім ня раз пра гэта размаўляў. Ён мяркуе, што дагэтуль падыходы да Беларусі былі хібнымі. І, можа быць, яму ўдасца новы падыход выпрацаваць. Ну, калі хоча чалавек пераканацца, – няхай атрымае такую магчымасьць».

На думку спадара Вячоркі, прэзыдэнт ПАРЭ мусіў бы прыехаць з папярэднімі ўмовамі – напрыклад, зьвярнуцца да ўладаў па дазвол наведаць палітвязьняў.

Радыё Свабода

***

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Нашай Нівы» пра візыт у Беларусь Эўракамісара Рэнэ ван Ліндэна старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў, дэпутат Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец сказаў, што не чакае ад яго нейкага карэннага зьмяненьня ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўропай. Разам з тым Чаргінец адзначыў, што чакае з боку Эўропы канструктыўнага дыялёгу.

Чаргінец: «Для нас сёньня важна, каб эўрапейскі бок прыслухоўваўся ня толькі да апазыцыі, якую прадстаўляюць нейкія пяць‑шэсьць чалавек, але і да ўладаў, афіцыйнага боку. Толькі калі будуць выслуханыя абодва бакі, Эўропа мае права ў нейкіх пытаньнях крытыкаваць Беларусь, тады гэта крытыка будзе справядлівай і мы яе, магчыма, прымем.

У Эўропе ёсьць людзі, якія хочуць весьці з намі дыялёг і візыт ван Ліндэна гэта пацьвярджае, але і Эўропе ёсьць і больш магутныя сілы, якія не дадуць, калі будзе трэба, некаторым палітыкам разьвярнуцца ў наш бок».

Зьміцер Панкавец

***

Сярод іншых старшыню Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Нацыянальным аэрапорце Мінск сустракала Юлія Дарашкевіч:

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0