Прадпрыемствы і арганізацыі Мінска павінныя вярнуць дзяржаве сродкі, атрыманыя імі ў выглядзе ільгот па арэнднай плаце за зямельныя ўчасткі ў перыяд дзеяння зніжаных базавых ставак арэнды.
Такое рашэнне замацаванае распараджэннем А. Лукашэнкі N113рп ад 19 мая 2011, тэкст якога мае агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Распараджэннем скасоўваюцца раней прынятыя рашэнні Мінскага гарвыканкама, якія ўсталёўвалі паніжаныя базавыя стаўкі штогадовай арэнднай платы за зямлю некаторым юрыдычным і фізічным асобам, а таксама некаторым індывідуальным прадпрымальнікам.

У той жа час, згодна з распараджэннем, у 2 разы паніжаюцца стаўкі штогадовай арэнднай платы на зямельныя ўчасткі юрыдычным асобам і фізічным асобам, якія фігуравалі ў скасаваных рашэннях Мінгарвыканкама.

«Гэта ў асноўным такія юрыдычныя асобы, як жыллёва-будаўнічыя кааператывы, гаражныя кааператывы і іншыя юрыдычныя асобы, утвораныя грамадзянамі. Акрамя таго, у 2 разы зніжаецца стаўка для 7 фізічных асоб, якія раней мелі такія льготы ад гарадскіх уладаў», — растлумачылі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у ІМПЗ па горадзе Мінску.

Згодна з распараджэннем, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія карысталіся ільготамі паводле падліку арэнднай платы за зямлю на падставе скасаваных рашэнняў, павінныя вярнуць атрыманую такім чынам пазычанасць дзяржаве. Пры гэтым ім даецца адтэрміноўка па пагашэнні гэтай пазычанасці на 1 год — з 1 мая 2011 да 1 мая 2012.

У пераліку прадпрыемстваў і арганізацый, якія павінныя вярнуць дзяржаве сродкі, фігуруюць 76 прадпрыемстваў, сярод якіх — Мінскі гадзіннікавы завод «Луч», ЗАТ «Атлант», Мінскі падшыпнікавы завод, Чэрвенскі рынак, шэраг буйных прадпрыемстваў гандлю, а таксама гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці. Агульная сума пазычанасці складае каля $3 млн.

Пагашэнне пазычанасці павіннае праходзіць штоквартальна, пачынаючы з 1 жніўня 2011, роўнымі долямі без налічэння пені. Растэрміноўка даецца пры ўмове своечасовай і поўнай выплаты бягучых плацяжоў у рэспубліканскі і мясцовы бюджэты, а таксама плацяжоў у пагашэнне пазычанасці. Пры парушэнні гэтых умоваў юрыдычныя асобы і ІП страчваюць права на растэрміноўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?