Гэтае і іншыя прызнаньні адбыліся ў чацьвер на прэзэнтацыі ягонай кнігі “Сто лістоў на tut.by”.

У менскім Палацы моладзі адбылася прэзэнтацыя кнігі Андрэя Хадановіча “Сто лістоў на tut.by”. Нягледзячы на тое, што квіток на імпрэзу каштаваў 2000 рублёў, рэдкі выпадак для прэзэнтацыі беларускамоўнае кнігі, калі за ўваход гледачы плацяць грошы, заля была запоўненая цалкам. Хадановіч пачаў з таго, што прачытаў верш “Ехаў казачнік-байкер”, пасьля падзячыў усіх тых, дзякуючы каму зьявілася кніга.

Другім у гэты вечар слова ўзяў галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко, ён у сваю чаргу падзячыў Хадановіча, безь якога гэтая кніга таксама не была б магчымая. Скурко адзначыў, што кніга “Сто лістоў на tut.by” усяго толькі распачынае кніжны праект “Кнігарня “Нашай Нівы”.

Ён паабяцаў зьяўленьне блізу 15 кніжак з гэтай сэрыі, якою “Наша Ніва” адзначае сваё стагодзьдзе. “З гэтых кніг у будучыні можна будзе стварыць сапраўдную палічку”, -- сказаў А.Скурко.

Андрэй Хадановіч чытаў багата вершаў і старых, і новых, “ад саплівага чытаньня мілосных вершаў” да “відавочна правакацыйных і іранічных”, чытаў уласныя пераклады з Галчынскага і Андруховіча. Кожны ў вершах Хадановіча пазнаваў нешта сваё, інтымнае, шчырае. Дзяўчынкі-філялягіні, што масава прыйшлі на імпрэзу, ня зводзілі з паэта замілаваных вачэй.

На імпрэзе стала вядома, што насамрэч Хадановіч не карыстаецца паштовымі паслугамі парталу tut.by, а аддае перавагу yahoo.com. Ён спадзяваўся, што на ягоны верш “Сто пудоў адзіноты” не пакрыўдзіцца ніводны Маркес, а таксама сваімі вершамі спрабаваў заклікаць надыход маразоў і сьнягоў. Паглядзім, што ў Хадановіча з гэтага ўдасца.

Культуроляг Максім Жбанкоў у сваім эсэ пра Хадановіча адзначыў, што, “калі ў Вайцюшкевіча сканчаюцца словы, ён пачынае танчыць, калі словы сканчаюцца ў Хадановіча – ён пачынае сьпяваць”. І сапраўды, Хадановіч пад гітару, якую ён, па ўласных словах, упершыню падключыў да электрычнага сілкаваньня, выканаў некалькі песень на ўласныя словы, але чужыя мэлёдыі.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў сказаў, што, як добра нам усім разам сабрацца тут “гэтым цудоўным студзеньскім восеньскім днём”. Ён таксама прызнаўся, што ледзьве не паверыў Андрэю Хадановічу, што верш “Мне прысьніўся Хадановіч” напісаў ня ён, а сам Хадановіч, прыпісаўшы нейкім чынам аўтарства яму. Арлоў не сьпяваў, а толькі выканаў парачку сваіх вершаў і падараваў Хадановічу невялічкую бандэроль, са словамі “Асьцярожна, шкло”!

Яшчэ адным зь цьвікоў праграмы быў выступ гурту “Рэха”. Хлопцы і дзяўчаты з гурту добра так запалілі гледачоў.

Яшчэ Хадановіч на пару з Уладзем Лянкевічам таксама выканаў рэп-чытанку, відаць, натхніўшыся “Зянон-хопам”, а скончыў імпрэзу музыка Зьміцер Вайцюшкевіч, які выканаў сьцёбную песьню на верш Хадановіча “Што беларусу трэба”. У гэтыя дні некаторыя ейныя радкі гучалі вельмі актуальна: “Беларусу трэба халяўная нафта і газ”.

Усе ахвотныя пасьля імпрэзы маглі набыць асобнік вершаў паэта зь ягоным аўтографам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?