Сустрэча ў Літве адбылася на беспрэцэдэнтным узроўні. Гэта знак салідарнасьці Літвы з Вольнай Беларусьсю. Графік ранейшых візытаў у Прагу й Маскву і сёньняшняга ў Кіеве таксама напружаны.

Трохдзённы візыт новага лідэра беларускіх Дэмакратычных сілаў у Кіеў рыхтавала Міністэрства замежных справаў Украіны. Ён прымеркаваны да саміту «Ўкраіна — Эўразьвяз», што праходзіць у сталіцы на Дняпры 1—2 сьнежня. Заплянаваныя сустрэчы падчас саміту й выступ на форуме «Супольнасьць дэмакратычнага выбару», а таксама вялікая прэс-канфэрэнцыя для ўкраінскіх і заходніх СМІ.

У асобе Мілінкевіча прымаюць прадстаўніка беларускага незалежнага грамадзтва. Выказваюць, гаворачы афіцыйнай мовай, зацікаўленасьць да разьвіцьця падзеяў у наступным годзе. А неафіцыйна — прапануюць дапамогу.

Мілінкевіч адкрыта кажа пра тое, што выбараў у звыклым разуменьні ня будзе. І таксама адкрыта — пра цьвёрды намер дамагчыся перамогі й небясьпеку сваёй місіі.

БТ будзе лямантаваць, што «апазыцыя» — імя Мілінкевіча называць пакуль не рэкамэндуецца — езьдзіць па санкцыі супраць Беларусі. Насамрэч жа Мілінкевіч езьдзіць па інвэстыцыі для Вольнай Беларусі. Эўрапейскія лідэры думкі — прычым як на Захадзе, так і на Ўсходзе — шмат разоў казалі, што хацелі б мець партнэра ў Менску з боку апазыцыі, зь якім можна было б размаўляць. Цяпер яны такога суразмоўцу бачаць і чуюць. Сваімі візытамі Мілінкевіч наладжвае кантакт між сьветам і Вольнай Беларусьсю, прарывае сьцяну ізаляцыі ды ігнараваньня нашай краіны. У якую можна і варта інвэставаць — у СМІ, у інтэлектуальную супольнасьць, у культуру. «Цягніком» у свой час пойдзе эканоміка. Адзіны кандыдат робіць важную справу, плён якой кожны з нас адчуе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна