Агнявое шоў у Дзень герояў

Актывісты «Моладзі БНФ» зладзілі 27 лістапада, у Дзень Слуцкага збройнага чыну, аўтобусную вандроўку на Случчыну. Экскурсію па месцах баявой славы случчакоў вёў гісторык Уладзімер Ляхоўскі. Ля памятнага крыжа ў Семежаве маладзёны ўсклалі бел-чырвона-белыя букеты і зладзілі агнявое шоў з паходнямі.

Руку вывіхнулі за «Народную волю»

Актывіста «Моладзі БНФ» Алеся Каліту 22 лістапада затрымалі ў Менску пры раздачы газэты «Народная воля». Пры затрыманьні хлопцу вывіхнулі руку. На хлопца склалі пратакол за «дробнае хуліганства».

Звольненая пратэстантка

Афіцыйную адмову ў перарэгістрацыі атрымала царква «Новае жыцьцё» ад адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску 24 лістапада. Афіцыйныя прычыны: няма подпісаў усіх чальцоў царквы, няма арыгіналу тэхнічнага пашпарту будынку й інш.

З супрацоўніцай БРТІ Людмілай Якімовіч, якая выдала царкве «Новае жыцьцё» тэхнічны пашпарт на будынак, 28 лістапада скасавалі кантракт пасьля таго, як стала вядома, што яна наведвае гэтую царкву. Напярэдадні скасаваньня кантракт быў падоўжаны.

Суд Партызанскага раёну Менску 24 лістапада вынес папярэджаньне пастару рэфармацкай баптысцкай царквы «Запавет Хрыста» Георгію Вязоўскаму за «несанкцыянаванае богаслужэньне».

Пагром прэсы працягваецца

Недзяржаўнай «Газеты для Вас» ня будзе ў падпісным каталёгу на 2006 г. Пра гэта рэдакцыя даведалася 23 лістапада ад супрацоўнікаў Івацэвіцкага раённага вузла паштовай сувязі, якія спасылаліся на распараджэньне «зьверху».

Глыбоцкая пошта з 1 сьнежня скасавала дамову на распаўсюджваньне зь недзяржаўнай газэтай «Вольнае Глыбокае». Падпіска на газэту на 2006 г. скасаваная.

Сканфіскаваны цэх у Клецку

Гаспадарчы суд Менскай вобласьці 24 лістапада адхіліў скаргу актывіста АГП прадпрымальніка Сяргея Панамарова на рашэньне клецкіх уладаў канфіскаваць вытворчае памяшканьне — дрэваапрацоўчы цэх.

Цыганы супраць АНТ

Праваабаронца Мікалай Калі¬нін 17 лістапада падрыхтаваў зварот да кіраўніка Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, старшыні камісіі па правах чалавека палаты прадстаўнікоў: ён патрабуе прыцягнуць да адказнасьці аўтараў фільму «Табар сыходзіць у зону». Дзьвюхсэрыйны фільм, паказаны ў лістападзе 2005 г. па АНТ, на думку праваабаронцы, у нэгатыўным сьвя¬тле паказвае цыганоў, наўмысна вылучаючы іх з насельніцтва Беларусі.

БНФ не дае спакою

Уначы на 18 лістапада ўваходныя дзьверы ў ся¬дзібу БНФ былі апаганены свастыкай і надпісам «Слав. Союз».

БХК змагаецца ў судзе

Вышэйшы гаспадарчы суд 25 лістапада правёў папярэдняе пасяджэньне па скарзе ГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» на Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта: БХК абскарджвае адмову рэгістраваць бязвыплатную замежную дапамогу ў 1000 даляраў, пералічаную зь Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі. Грошы неабходны БХК для аплаты арэнды офісу, аплаты тэлефону і канцылярскіх выдаткаў.

Польскія справы

Анжаліку Борыс 22 лістапада выклікалі на допыт у пяцьдзясят пяты раз.

23 лістапада беларускія памежнікі ня выпусьцілі ў Польшчу актывістак Саюзу палякаў Беларусі Інэсу Тодрык і Анжаліку Арэхву. І.Тодрык 25 лістапада выклікалі на допыт: у яе цікавіліся зьнікненьнем з гарадзенскага Дому польскага штандараў і пячаткі арганізацыі. Яны зьніклі ў жніўні пасьля штурму амонаўцамі сядзібы СПБ.

Галоўнага рэдактара часопісу «Magazyn Polski» Андрэя Пачобута выклікалі на допыт у Шчучын 23 лістапада: прайшла яго вочная стаўка з дырэктарам Дому польскага ў Шчучыне Віктарам Богданам, які вінаваціць актывістаў СПБ у запалохваньні.

Магілеўскі суд

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Андрэя Палуду, затрыманага 16 лістапада, асудзілі за «дробнае хуліганства» 23 лістапада на адну базавую велічыню. На судзе адзін са сьведкаў-міліцыянтаў заявіў, што атрымаў «арыенціроўку» з загадам затрымаць аўтамабіль Палуды.

Мілінкевіч у Бабруйску

Намесьнік старшыні Бабруйскага гарвыканкаму па ідэалёгіі Міхаіл Кавалевіч забараніў мясцовым газэтам «Коммерческий курьер» і «Вечерний Бобруйск» прымаць рэклямныя абвесткі аб прыезьдзе ў горад 24 лістапада Алеся Мілінкевіча.

Перасьлед у Сьветлагорску

Пасьля Дня салідарнасьці ў Сьветлагорску адбылася нарада кіраўнікоў навучальных устаноў, на якой прысутнічаў супрацоўнік КДБ. Пасьля яе дырэктары мясцовага тэхнікуму й СШ №4, 9, 10 вык¬лікалі «на размову» старшаклясьнікаў.

Стан палітвязьняў

23 лістапада сын палітвязьня Валер’я Леванеўскага Ўладзімер паведаміў, што бацьку адмовілі ў спатканьні з сваякамі. Леванеўскі працягвае галадоўку. Зь лістом у яго падтрымку 25 лістапада выступілі расейскія рок-музыкі Андрэй Макарэвiч, Барыс Грабеншчыкоў, Сяргей Чыгракоў (вядомы як «Чыж»), кiраўнiк гурту «Тэкiла-джаз» Яўген Фёдараў, якія падтрымалі акцыю «Міжнароднай амністыі».

Вярхоўны суд 24 лістапада ўзяў дадатковы час на вывучэньне справы Сяргея Скрабца — да 3 студзеня 2006 г. 28 лістапада Скрабец спыніў галадоўку, якую вёў з 1 лістапада: адміністрацыя менскага ізалятару перавяла яго са звычайнай камэры ў тую, дзе ўмовы блізкія да шпітальных.

У гарадзенскай турме 28 лістапада кансыліюм дактароў агледзеў Мікалая Аўтуховіча: ягоны стан прызнаны вельмі сур’ёзным. Галадоўнік адмаўляецца класьціся пад кропельніцу.

Затрымалі Афнагеля

«Зуброўца» Яўгена Афнагеля затрымалі 23 лістапада разам з кіроўцам аўтамабіля, у якім ён ехаў. У аддзяленьні, дзе яго трымалі дзьве гадзіны, у яго канфіскавалі налепкі да Дня салідарнасьці, а потым адпусьцілі, не складаючы пратаколу.

Затрыманьні ў Салігорску

Непаўналетніх актывістаў незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьмітра Бараноўскага, Івана Шылу, Ягора Астапеню затрымалі ў Салігорску 23 лістапада, калі яны сустрэліся на ву¬ліцы з актывістам КХП-БНФ Алегам Борыным. У аддзяленьні міліцыі растлумачылі, што хлопцаў затрымалі, бо яны стаялі з «бээнэфаўцам, які можа навучыць кепскаму: расьпісваць сьцены й клеіць налепкі». У хлопцаў сканфіскавалі балёнчыкі з фарбай.

Пракуратура правярае газэту

Пракуратура Барысава 21 лістапада атрымала распараджэньне ад абласной пракуратуры даць прававую ацэнку некалькім артыкулам на палітычную тэматыку ў недзяржаўнай газэце «Борисовские новости». Адпаведнае даручэньне ў абласную пракуратуру прыйшло з Пракуратуры Беларусі.

У Ашмянах

24 лістапада міліцыянты ў Ашмянах затрымалі аўтамабіль з актывістамі штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргеем Мальчыкам, Віктарам Сазонавым, Анатолем Хацьком за «парушэньне памежнай зоны»: палітыкі ехалі ў Смургоні арганізоў¬ваць будучыя сустрэчы лідэра апазыцыі. Кожнага аштрафавалі на 250 тыс. руб.

Ціск на свабодныя прафсаюзы

За два месяцы са Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) пад ціскам адміністрацыі Менскага заводу аўтаматычных ліній выйшлі 80 чалавек.

Гендырэктар ААТ «Полацак-Шкловалакно» Мікалай Качаноўскі 28 лістапада адмовіў суполцы СПБ у падаўжэньні дамовы на арэнду офісу.

Жодзінскі «Назіральнік»

Актывіста МФ Паўла Красоўскага з Жодзіна 25 лістапада выклікалі ў міліцыю: праваахоўныя органы зацікавіліся месцам выданьня незарэгістраванай газэты «Назі¬раль¬нік», якая выходзіць накладам 299 асобнікаў. У выходных зьвестках пазначана «вул.40 год Кастрычніка, 7» — у Жодзіне там месьціцца гарвыканкам. Красоўскі сказаў, што газэта выдаецца ў іншай краіне й іншым горадзе.

Няма справы па гібелі Гроднікава

Менская раённая пракуратура 28 лістапада вырашыла не пачынаць крымінальнай справы па факце сьмерці журналіста «Народнай волі» Васіля Гроднікава.

Двайны ператрус у Гомелі

Гомельскія міліцыянты 27 лістапада правялі два ператрусы на кватэры грамадзкай актывісткі Марыі Багдановіч: канфіскавалі ўлёткі, газэты «Народная воля», «Згода» і «Товарищ».

Паганяйла невінаваты

Менская пракуратура 28 лістапада закрыла крымінальную справу супраць адваката Гары Паганяйлы, якога падазравалі ў «паклёпе на прэзыдэнта й высокапастаўленых чыноўнікаў». Справу закрылі з фармулёўкай «паводле акалічнасьцяў, што рэабілітуюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?