У берасьцейскім спарткомплексе «Вікторыя» зборная Беларусі па гандболе сёньня распачне адборачны турнір да чэмпіянату Эўропы‑2008, што наступнай зімой пройдзе ў Нарвэгіі. У першай адборачнай групе, дзе гуляюць беларусы, дзьве пуцёўкі ў плэй‑оф будуць разыграныя ў адзін круг. Супернікі нашых — крэпкая зборная Славаччыны ды гандбольныя эўракарлікі – Кіпр і Малдова. У тым, што каманда Беларусі пройдзе ў накаўт‑раўнд сумніву няма, але пажадана перамагаць і славакаў, каб мець лепшыя шанцы ў лёсаваньні.

Апошні раз мужчынская зборная Беларусі ўдзельнічала ў топ‑турнірах у 1994 г., калі на чэмпіянаце Эўропы ў Партугаліі заняла 8‑е месца. Цягам наступных гадоў айчынная гандбольная школа, якая была мацнейшай у 1980‑х, рэгрэсавала ў сваім развіцьці, скаціўшыся да ўзроўню «сярэднячкоў» эўрапейскага гандболу.

Спадзевы на лепшае ў гэтым відзе спорту зьвязаныя... з прыходам да кіраўніцтва гандбольнай фэдэрацыяй сьпікера Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва. У гандбольных колах спадзяюцца, што Канаплёў для разьвіцьця гандболу зможа выкарастаць адміністрацыйны рэсурс, як гэта зрабіў з хакеем міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў.

На турніры ў Берасьці пад кіраўніцтвам Спартака Мірановіча ў асноўным будуць прадстаўляць маладыя гульцы з нацыянальнага першынства. Зь легіянэраў прыехалі толькі Іван Броўка і Андрэй Курчаў зь Нямеччыны, Аляксей Усік – з Швайцарыі, а таксама Сяргей Убожанка – з Аўстрыі. За апошнія гады цэлы шэраг беларускіх гандбалістаў памянялі грамадзянства і цяпер выступаюць за іншыя краіны. Так, Сяргей Рутэнка на сёньняшні момант зьяўляецца лідэрам славенскай зборнай, Андрэй Клімавец – гуляе за зборную Нямеччыны, а Сяргей Гарбок ня так даўно прыняў расейскае грамадзянства.

Расклад гульняў зборнай Беларусі на турніры ў Берасьці:

19 студзеня. Беларусь – Малдова (пачатак а 19:00)

20 студзеня. Беларусь – Кіпр (17:00)

21 студзеня. Беларусь – Славаччына (14:00).

Матчы павінны трансьлявацца на беларускіх тэлеканалах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?