Ахвярамі ўрагану «Кірыла» ў Эўропе сталі больш як 30 чалавек. Тысячы эўрапейцаў апынуліся безь сьвятла, сотавай сувязі і нармальных транспартных зносінаў. Цяпер, збаўляючы моц, непагадзь рушыць на ўсход — да Ўкраіны і паўднёвых рэгіёнаў Расеі.

Ураган «Кірыла», які надоечы абрынуўся на поўнач Эўропы, працягвае рухацца на ўсход, углыб кантынэнту. За прамінулыя содні ахвярамі ўраганавых ветраў сталі ўжо болей 30 жыхароў эўрапейскіх краінаў. Першымі адчулі на сабе «Кірылаву» моц у Велікабрытаніі. Як паведамлялі брытанскія мэтэаролягі, хуткасьць ветру там дасягала 44 м/с. Гэта новы рэкорд для краіны са студзеня 1990 г. Паводле зьвестак Бі‑Бі‑Сі, ураган спрычыніўся да гібелі сама меней дзевяці брытанцаў. Аssociated Рress паведамляе пра дзесяць ахвяр у гэтай краіне. Сярод ахвяраў урагану — хлопчык, на якога ў Лёндане абрынулася сьцяна. 80 тыс. брытанцаў засталіся без электраэнэргіі. Асабліва пацярпелі паўднёвыя раёны краіны, дзе практычна цалкам паралізаваўся рух транспарту і былі пашкоджаныя будынкі, зазначае Reuters.

У Францыі моцныя парывы ветру і залевы спрычыніліся да сьмерці двох чалавек, у Нідэрляндах — чатырох, у Бэльгіі — двох. Трое загінулі ў Чэхіі. Але гэтыя лічбы ўдакладняюцца пастаянна.

У Нідэрляндах парывісты вецер хуткасьцю 36 м/с стаўся прычынай некалькіх сур’ёзных інцыдэнтаў. У горадзе Утрэхце на будынак унівэрсытэту ўпаў пад’ёмны кран, атрымалі калецтвы тры чалавекі. На будынку цэнтральнага вакзалу ў Амстэрдаме вецер пашкодзіў шкляны дах. Дзеля аскепкаў, што падаюць долу, пасажырам забаранілі заходзіць на плятформы, а цягнікі спыняюцца, не даяжджаючы да вакзалу. У порце Ратэрдаму на прыстань выкінула судзіну. Удар трапіў на нафтавыя рэзэрвуары, пасьля чаго нафта вылілася ў мора. У Францыі стыхія сталася прычынай караблекрушэньня: на паўночным захадзе краіны, блізу выспы Ўэсан у Атлянтычным акіяне, пацярпеў крушэньне брытанскі кантэйнэравоз MS Napoli. 26 чальцоў экіпажу пасьпелі пакінуць судзіну на ратавальным боце.

Пад вечар у чацьвер «Кірыла» дайшоў да Нямеччыны.

Хуткасьць ветру тут дасягала 32 м/с. Максымальная ступень трывогі абвешчаная амаль на дзьвюх трацінах тэрыторыі краіны, у астатніх раёнах — штармавое папярэджаньне. Рэжым надзвычайнай сытуацыі абвясьціла пажарная ахова Бэрліну, якая выконвае функцыі ратаўнічай службы. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік службы, на поўдні Бэрліну парывы ветру дасягалі 30 м/с. Некалькі вуліцаў залітыя вадой, парушаныя аўтамабільныя зносіны. Вада пратачылася ў падземныя камунікацыі, у некаторых раёнах гораду парушылася тэлефонная сувязь, адзначаліся перашкоды прыёму сыгналаў са спадарожнікаў і ў рабоце сотавай сувязі. На ліквідацыі наступстваў стыхіі задзейнічаныя 1,5 тыс. супрацоўнікаў пажарнай службы. У Нямеччыне загінулі ад двох да пяцёх чалавек, дакладны лік цяпер выясьняецца. Сярод ахвяраў урагану — дзіця паўтара гадоў зь Мюнхэну, на якога ўпалі дзьверы, вырваныя парывам ветру. Дзіця памерла ад атрыманых траўмаў у больніцы.

Дзясяткі тысяч чалавек ня здолелі дабрацца, куды ім трэба, дзеля перарванага ўраганам руху транспарту.

Дзеля моцнага ветру дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс мусіла скараціць свой візыт у Бэрлін, каб пасьпець вылецець у Лёндан да крытычнага пагаршэньня пагодных умоваў. Ейны лятак прызямліўся ў Хітраў у вецер, што дасягаў 36 м/с. Тут скасавалі больш як 280 рэгулярных авіярэйсаў. Усе вылеты летакоў паскасоўвалі ці затрымалі ў Ірляндыі. Краіна спыніла паромныя зносіны зь Велікабрытаніяй ды Францыяй. У аэрапортах іншых буйных гарадоў, улучна з Франкфуртам, Мюнхэнам, Амстэрдамам ды Венай, таксама адбываліся затрымкі і скасаваньні рэйсаў.

Перарваны рух цягнікоў Eurostar з Брытаніі на матэрык: электракабэль упаў на чыгунку пад паўночным францускім горадам Лілем. У Нямеччыне спыніла працу дзяржаўная чыгунка.

Перамяшчаючыся ўглыб матэрыка, «Кірыла» пакрысе страціў моц. Хуткасьць ветру зьнізілася. Але ва Ўкраіне ды ў некаторых паўднёвых рэгіёнах Расеі абвешчанае штармавое папярэджаньне.

Яшчэ ў чацьвер Гідрамэтцэнтар Украіны абвесьціў па ўсёй тэрыторыі краіны штармавое папярэджаньне. Пад уплывам актыўнага цыклёну 19—20 студзеня тут чакаюць штармавы вецер хуткасьцю да 25 м/с і дождж са сьнегам. У Карпатах, а таксама ў гарах Крыму хуткасьць ветру будзе дасягаць 40 м/с. У раўніннай частцы паўвыспы чакаюць парывы ветру да 30 м/с і багатыя ападкі — моцныя залевы ды мокры сьнег. Жыхаром Крыму рэкамэндуюць быць пільнымі, у тым ліку не знаходзіцца побач зь лініямі электраперадачаў, скасаваць экскурсіі ды выхады ў мора.

Штармавое папярэджаньне распаўсюджанае на Калінінградзкую вобласьць. Сыноптыкі прагназуюць тут выхад вялікага, моцнага ды глыбокага цыклёну з Атлянтыкі. У пятніцу чакаецца ўзмацненьне ветру заходняга і паўночна‑заходняга напрамкаў. Ягоныя парывы будуць дасягаць 25—30 м/с. Паўднёва‑заходні цыклён насоўваецца і на азоўскае ўзьбярэжжа Краснадарскага краю. Раніцай і ўдзень 19 студзеня чакаецца ўзьмацненьне ветру, хуткасьць якога можа дасягаць 22—24 м/с, з парывамі да 30 м/с і болей. Прагназуецца вышыня хваляў у Азоўскім моры — да 2 м.

Здымак з сайту газета.ру

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?