У суботу 20 студзеня ў Маскве на штучных палях спарткомплексу «Алімпійскі» і манэжу «Дынама» стартуе пятнаццаты «Кубак Садружнасьці» па футболе. Гэты турнір быў запачаткаваны адразу па развале СССР і мусіў у нечым выконваць функцыю савецкага першынства. На турнір штогод зьяжджаюцца чэмпіёны ўсіх краінаў, што раней уваходзілі ў склад Савецкага Саюзу, нават балтыйскія краіны ні разу не сабатажавалі «Кубак».

Што праўда, апошнімі гадамі «Кубак Садружнасьці» губляе свой ранейшы аўтарытэт. Чэмпіёны Расеі і Ўкраіны звычайна прывозяць на яго свае другія склады, калі асноўныя знаходзяцца на зборах у цёлых краёх. Сёлета ў Маскву не прыедуць чэмпіёны Казахстану і Армэніі, гэтыя краіны на турніры будуць прадстаўляць срэбныя прызэры. Сярод навінак — запрашэньне на «Кубак Садружнасьці» каманды з Сэрбіі замест юніёрскай зборнай Расеі, якая выступала па‑за конкурсам.

Беларусь на штогадовым турніры будзе прадстаўляць чэмпіён краіны — барысаўскі БАТЭ. Беларусы трапілі ў адну групу з дублем маскоўскага ЦСКА, віцэ‑чэмпіёнам Казахстану, клюбам «Актобе», а таксама з таджыцкай камандай «Рэгар‑ТадАЗ».

Найлепшым вынікам беларускіх клюбаў на «Кубку Садружнасьці» было другое месца менскай каманды «Беларусь», якая ў 1993 годзе заняла другое месца.

Галоўны трэнэр барысаўцаў Ігар Крывушэнка разглядае турнір у Маскве як адзін з этапаў падрыхтоўкі БАТЭ да сэзону, але разам з тым ён кажа, што ў кожным матчы яго каманда будзе імкнуцца да перамогі.

Расклад гульняў БАТЭ на «Кубку Садружнасьці»:

20 студзеня. БАТЭ – Рэгар‑ТадАЗ (Таджыкістан).

21 студзеня. БАТЭ – ЦСКА (Расея).

23 студзеня. БАТЭ – Актобе (Казахстан).

Усе матчы пачынаюцца а 18:00 па беларускім часе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?