Рэйтынгі выведзены са спіса CreditWatch («рэйтынгі на пераглядзе»), куды яны былі змешчаны 27 мая з негатыўным прагнозам. Прагноз па рэйтынгах — «Негатыўны». Ацэнка рызыкі пераводу і канвертацыі валюты для беларускіх несуверэнных пазычальнікаў паніжана да «В-».

Рэйтынг чаканага ўзроўню пакрыцця доўгу пасля дэфолту, раней прысвоены прыярытэтным незабяспечаным абавязацельствам Беларусі, застаўся на ўзроўні «4», што адлюстроўвае чаканні агенцтва 30–50% пакрыцця доўгу ў выпадку дэфолту па камерцыйным доўгу краіны. Ацэнка грунтуецца на сцэнарыі (не базавым), згодна з якім магчымы значныя негатыўныя тэндэнцыі знешняга фінансавання не змогуць кампенсавацца мерамі эканамічнай палітыкі, лічаць у Standard & Poor’s.

Як растлумачылі ў агенцтве, паніжэнне рэйтынгаў Беларусі абумоўлена працягам залежнасці краіны ад знешняга фінансавання з прычыны вялікага дэфіцыту па рахунку бягучых аперацый і вельмі нізкага ўзроўню даступных рэзерваў.

«У нас застаюцца вялікія сумненні наконт здольнасці краіны забяспечыць такое фінансаванне, і мы лічым, што да гэтага моманту ўрад Беларусі прыняў толькі абмежаваныя меры па ўстараненні прычын знешняга дысбалансу. Гэта аказала значны націск на афіцыйны абменны курс, які мы лічым завышаным, і пагоршыла стрэсавую сітуацыю ў эканоміцы краіны. Акрамя таго, следам за змяненнямі абменнага курсу сёлета значна вырасла пазыковая нагрузка ўрада па абавязацельствах у замежнай валюце (у дачыненні да ВУП). Паводле нашых ацэнак, да канца 2011 года яна павялічыцца амаль у два разы, гэта значыць да ўзроўню больш як 40% (без уліку гарантаваных абавязацельстваў)», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Standard & Poor’s.

Акрамя таго, узровень рэйтынгаў Беларусі «абмежаваны палітычнымі рызыкамі, а таксама дысбалансамі ў знешняй, манетарнай і бюджэтнай палітыцы, якія абумоўлены палітыкай бюджэтнай і манетарнай экспансіі, скіраванай на падтрыманне ўнутранага попыту». Разам з тым «пазітыўны ўплыў на рэйтынгі Беларусі аказваюць адносна высокі паказчык ВУП на душу насельніцтва, значны аб’ём асноўнага капіталу ў прамысловасці і наяўнасць высокакваліфікаванай рабочай сілы. Гэтыя фактары забяспечваюць ураду магчымасці для хуткага рэагавання ў выпадку, калі ўзнікне неабходнасць ва ўстараненні макраэканамічных дысбалансаў ці правядзенні мікраэканамічных рэформаў, скіраваных на развіццё прыватнага сектара», — лічаць у агенцтве.

У Standard & Poor’s растлумачылі, што суверэнны рэйтынг па абавязацельствах у нацыянальнай валюце прыраўнаваны да суверэннага рэйтынгу па абавязацельствах у замежнай валюце, паколькі манетарная палітыка, па сутнасці закліканая падтрымліваць фінансавую гнуткасць суверэннага ўрада ў дачыненні да ўласнай валюты, у выпадку Беларусі абмежавана высокай інфляцыяй і неразвітасцю рынкаў каштоўных папер. «Наша ацэнка рызыкі пераводу і канвертацыі валюты прыраўнавана да доўгатэрміновага рэйтынгу па доўгу ў замежнай валюце, паколькі адлюстроўвае наша меркаванне аб тым, што верагоднасць абмежавання ўрадам доступу да абмену валюты, неабходнай беларускім несуверэнным пазычальнікам для абслугоўвання і пагашэння доўгу, эквівалентная верагоднасці суверэннага дэфолту па доўгу ў замежнай валюце. Па меры ўзмацнення знешняй нестабільнасці ўрад Беларусі на працягу гэтага года ўводзіў абмежаванні на куплю/продаж замежнай валюты, у тым ліку забарону на авансаванне імпартных плацяжоў і падатак на канвертацыю валюты, адзначаецца ў прэс-рэлізе агенцтва

Прагноз «Негатыўны» адлюстроўвае верагоднасць паніжэння рэйтынгу краіны ў выпадку, калі перспектывы знешняга фінансавання не рэалізуюцца ці яно будзе недастатковым ва ўмовах далейшага зніжэння курсу нацыянальнай валюты і стрэсавай сітуацыі ў эканоміцы, у прыватнасці значнага адтоку сродкаў з банкаўскіх дэпазітаў.

«Калі Беларусь зможа палепшыць сітуацыю з чыстымі міжнароднымі рэзервамі — верагодна, у выніку рэформ, скіраваных на ўмацаванне канкурэнтаздольнасці, мы зможам падтрымліваць рэйтынгі на бягучым узроўні. Меры, якія скіраваныя на зніжэнне інфляцыйнага націску, скарачэнне дэфіцыту па рахунку бягучых аперацый і спрыяюць стабілізацыі эканомікі, могуць прывесці да павышэння рэйтынгаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?