Матч з «Барселонай» будзе ўрокам, які пойдзе на карысць і дапаможа ў далейшым развіцці,

заявіў галоўны трэнер барысаўскага БАТЭ Віктар Ганчарэнка 27 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску напярэдадні матчу Лігі чэмпіёнаў УЕФА супраць іспанскай каманды.

«Мы ўжо 10 дзён працуем над тым, як абараняцца і атакаваць. Гэта здорава адцягвае ад чэмпіянату, але ўзровень саперніка сам па сабе падштурхоўвае да таго, каб больш рыхтавацца. Праводзім і тэарэтычныя, і практычныя заняткі, індывідуальныя гутаркі», — зазначыў Ганчарэнка.

Паводле яго слоў, трэба мець план, А і план Б. «Калі здарыцца так, што прапусцім, трэба мяняць тактыку, хоць з „Барселонай“ гэта вельмі цяжка. Але калі думаць пра цяжкасці, не будзе магчымасцяў», — падкрэсліў трэнер БАТЭ.

Адказваючы на пытанне, ці зведала змены задача перамагаць у кожным матчы, Ганчарэнка заявіў:

«Узровень саперніка мы трымаем у галаве, але не будзе развіцця, калі ставіць задачу згуляць унічыю або прайграць з мінімальным лікам».

Трэнер зазначыў, што «Барселона» «горш трохі гуляе на выездзе, а на „Камп Ноу“ адчувае сябе, як рыба ў вадзе». Ганчарэнка, паводле яго слоў, глядзеў усе апошнія матчы каталонцаў, а на іх гульню з «Валенсіяй» (21 верасня, 2:2) выязджаў памочнік Аляксей Бага. Паводле слоў Ганчарэнкі, вар’іраванне «Барселонай» тактыкі абцяжарвае жыццё, але БАТЭ будзе шукаць шанц у контратаках, як гэта ўдалося ў «Валенсіі».

«Прысутнічае больш цікавасці, чым хвалявання, улічваючы ажыятаж і ўзровень саперніка, але і хваляванне таксама ёсць.
Гэта нармальная сітуацыя», — сказаў Ганчарэнка.

Кажучы аб траўмаваных, ён паведаміў, што «калена Матэі Кежмана ўчора ўнушала аптымізм» і ён, магчыма, выйдзе на поле.

Трэнер БАТЭ зазначыў, што ў сувязі з пераходамі і траўмамі гульцоў яго каманда, «можа, менш згуляная», але запасу трываласці дастаткова для вырашэння задач.

Падчас падрыхтоўкі да матчу з «Барселонай» Ганчарэнка «некалькі разоў» гутарыў з галоўным трэнерам казанскага «Рубіна» Курбанам Бердыевым, які паспяхова сапернічаў з каталонцамі (у прыватнасці, перамога 2:1 у Іспаніі ў 2009 годзе). «Вельмі спадабаўся аналіз гульні. Як заўтра будзе, аднаму Богу вядома, але, калі гутарыш з кімсьці, аднаўляюцца прагалы», — зазначыў Ганчарэнка.

Абаронца Ягор Філіпенка, які браў удзел у прэс-канферэнцыі, пажартаваў, што з «Барселонай» наогул нельга гуляць у футбол. «У адкрыты футбол дакладна гуляць нельга, — прадоўжыў футбаліст. — 

Да апошняга спадзяваліся, што Месі не прыедзе.
Спецыяльна супраць яго гуляць не будзем — у цэлым камандныя дзеянні».

«Эмацыянальны фон вельмі добры: можа, адзін раз у жыцці супраць „Барселоны“ гуляем. Ужо размеркавалі, з кім майкамі мяняцца будзем», — зноў пажартаваў Філіпенка.

Матч другога тура групавога этапу ЛЧ БАТЭ — «Барселона» пройдзе 28 верасня на мінскім стадыёне «Дынама». Пачатак у 21.45.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?