Першы ў Беларусі завод па вытворчасці падгузнікаў, які плануецца пабудаваць у свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў», будзе выпускаць прадукцыю «крыху таннейшую» за імпартную.

Пра гэта паведаміў Сяргей Чорны, намеснік дырэктара замежнага прадпрыемства «БелЭмса», якое выступіла ініцыятарам праекта.

«Але гэта не значыць, што яны будуць зусім танныя. Не вельмі проста перамагчы канкурэнтаў у асобе тых жа Procter & Gamble, Huggies і іншых, але ў нас, сапраўды, будуць крыху танней. Якасць будзе супастаўная», — сказаў намеснік дырэктара.

Завод павінен пачаць выпускаць падгузнікі ўжо ў сакавіку 2012 года.
Паводле ўмоў працы ў свабоднай эканамічнай зоне, большая частка прадукцыі пойдзе на экспарт, але значная яе колькасць будзе рэалізоўвацца і на беларускім рынку.

Цяпер у будаўніцтва завода «БелЭмса» плануе ўкласці больш за 4 млн. еўра. Праектная магутнасць першай чаргі складзе 112 млн. штук падгузнікаў у год. Паколькі прадпрыемства будзе поўнасцю аўтаматызаванае, на ім, паводле слоў Чорнага, будзе задзейнічана не больш як 30 рабочых.

У далейшым кампанія плануе вырабляць не толькі падгузнікі, але і іншыя сродкі асабістай гігіены.

Замежнае прадпрыемства «БелЭмса» — рэзідэнт СЭЗ «Магілёў». Рэалізуе інвестыцыйны праект у цэлюлозна-папяровай галіне «Арганізацыя вытворчасці сродкаў асабістай гігіены». Краінай інвестараў праекта з’яўляецца Турцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?