На судовым працэсе па справе аб тэракце ў мінскім метро 27 верасня быў вывучаны пратакол месца здарэння, паведаміў БелаПАН.

Агляд праводзіўся з 19.15 11 красавіка да 8.00 12 красавіка. Ён прыпыняўся з 20.00 да 20.20 (відавочна, у гэты час там знаходзіўся Аляксандр Лукашэнка). Працы вяліся на платформе станцыі «Кастрычніцкая», чыгуначных шляхах, двух эскалатарах, у фае, пераходзе на станцыю «Купалаўская». Вывучаліся таксама падземныя пераходы, вядучыя на «Кастрычніцкую» з праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгельса, участкі на гэтых вуліцах каля спускаў на станцыю. Праводзіўся агляд саставу электрацягніка, які прыбыў на станцыю ў момант выбуху, перш за ўсё яго найбольш пацярпелага другога вагона.

У матэрыялах справы пратакол агляду займае чатыры тамы. Згодна з дакументам, на «Кастрычніцкай»

у момант правядзення агляду знаходзіліся дзевяць трупаў: шэсць на платформе, адзін на лесвіцы да пераходу на «Купалаўскую», адзін на шляхах і адзін паміж электрацягніком і бакавы сцяной станцыі.

Мяркуючы па пратаколе агляду месца здарэння на платформе і шляхах было знойдзена мноства элементаў, якія выкарыстоўваліся ў выбуховым прыстасаванні:

цвікі, металічныя шарыкі рознага дыяметра, гайкі і балты, кавалкі арматуры, якія зазналі тэрмічнае ўздзеянне, фрагменты металу, некаторыя са слядамі рэчыва рудога колеру. Былі знойдзеныя прадметы, якія, як уяўлялася следству, з’яўляюцца асобнымі часткамі выбуховага прыстасавання. На іх былі сляды брызантнага (лакальнага) ўздзеяння. Выяўленыя таксама абломкі бетону, мармуру, абсмаленая тканіна, аскепкі пластыка, фрагменты адзення і абутку людзей.

Пры аглядзе падземных пераходаў, спускаў на станцыю з горада было знойдзена шмат спінак сядзенняў вагонаў цягніка, на якіх выносілі пацярпелых.

Пра тое, што яе нежывую сястру вынеслі са станцыі толькі, а 3.00 начы, раней паведаміла ў судзе сведка Вольга Захаркава. Гэты факт пярэчыць ранейшым заявам аб тым, што ўсе ахвяры тэракту былі вынесеныя з станцыі ў бліжэйшыя пасля выбуху гадзіны.

Не выключаем, што гісторыя з познім вынасам целаў спрычынілася і да блытаніны ў гісторыі Марыны Шубіч. Нагадаем, што СМІ паведамілі, што параненую дзяўчыну знайшлі толькі позна ўвечары, такую інфармацыю распаўсюдзіла сяброўка Марыны. Пазней, аднак, бальніца засведчыла, што дзяўчына паступіла разам з іншымі параненымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?