Яна была ў ліку тых, хто падпісваў звароты да міжнароднай грамадскасці аб спрыянні ў вызваленні Аляксандра Фядуты і Уладзіміра Някляева, калі яны знаходзіліся за кратамі. Падтрымлівалі беларускіх галадоўнікаў у 2006-м. Яна стараецца сачыць за сітуацыяй у нашай краіне. Вось і адзін з апошніх допісаў у яе ЖЖ — гэта перадрук допіса Андрэя Пачобута пра Змітра Дашкевіча.

Наталля Гарбанеўская і праз дваццаць гадоў пасля развалу Савецкага Саюза застаецца нерэабілітаванай. «Аб гэтым трэба прасіць. Я не прасіла мяне судзіць, дык навошта я буду прасіць аб рэабілітацыі»
, — рэзюмуе яна. І заклікае ні ў якім разе не асуджаць тых беларускіх палітвязняў, хто напісаў прашэнне аб памілаванні.

«Я добра памятаю, як вызвалялі палітвязняў у Савецкім Саюзе ў 1987 годзе. Так званае «гарбачоўскае вызваленне».

Ад іх усіх патрабавалі пісаць прашэнні. І першымі выпусцілі тых, хто напісаў. І засталіся тыя, хто адмовіўся. А пасля пачалі выпускаць тых, хто адмовіўся.

Хто напісаў гэта прашэнне Лукашэнку — яму самому ад гэтага пакутаваць. І мы не маем права асуджаць. Гэта іх, а не наша праблема. Затое хто выйдзе адмовіўшыся пісаць, выйдзе, як гаварылася ў савецкія часы, на свабоду з чыстым сумленнем».

На дэманастрацыю з немаўлём

Прозвішча Наталлі Гарбанеўскай абляцела заходнія газеты ў жніўні 1968 года. Тады яна ўзяла ўдзел у публічнай акцыі пратэсту супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

Іх было восем чалавек. 25 жніўня яны выйшлі на Красную плошчу ў Маскве. Гарбанеўская з сабой узяла яшчэ і немаўля. Селі на Лобным месцы. Разгарнулі плакаты. На адным з іх быў надпіс — «За вашу і нашу свабоду!» — як у паўстанцаў 1863 года.

Акцыя доўжылася ўсяго некалькі хвілін.

Падбеглі кагэбісты ў цывільным. Парвалі плакаты, кагосьці збілі і забралі з сабой. Толькі Гарбанеўская заставалася на плошчы — чэкісты шукалі машыну, у якую яна магла б змясціцца каляскай з немаўлём…

Яе дапыталі. На кватэры правялі ператрус… і адпусцілі. Гэта ў той час, як астатніх удзельнікаў адразу арыштавалі. «У мяне было трохмесячнае дзіця. І яны доўга вагаліся, што са мной рабіць. А пасля пакінулі да таго часу, як дзіця падрасце, а пра мяне забудуць на Захадзе».

А ўвесь гэты час Наталля Яўгенаўна пісала кнігу «Поўдзень. Справа пра дэманстрацыю 25 жніўня 1968 года на Краснай плошчы»: «Арыгінал разам з сямю перадрукаванымі копіямі ляжалі пад ложкам. Мы жылі ўчатырох у адным пакоі (я рукапіс яшчэ і ад маці хавала). Маглі б прыйсці з ператрусам. Але ў той момант не прыйшлі. Гэта маё шанцаванне. Прыйшлі б — праца ўся змарнавалася б».

Шанцавала і падчас ператрусаў. 24 снежня 1969 года, у дзень арышту, у яе не знайшлі матэрыялы пра галадоўку ў адным з лагераў, перададзеныя ад палітвязняў. Паперы ляжалі ў кішэні зімовага паліто.
А ў стале ляжалі матэрыялы да самвыдатаўскага часопіса «Хроника текущих событий», які яна рэдагавала. Спадарыня Наталля згадвае гэта з усмешкай і адзначае, што «ў нас было шмат вясёлых гісторый. Не трэба ўяўляць наша жыццё як выключна і ў кожны момант трагічнае».
У 1970-м Гарбанеўскай паставілі дыягназ «вялацякучая шызафрэнія» і накіравалі ў Казанскую псіхіятрычную бальніцу турэмнага тыпу. «Гэта вопыт, у якім няма нічога станоўчага», — кажа яна.
«Вечная койка» — так называлі вязні вар’ятню.
Калі ў турме быў рэальны тэрмін зняволення, дык у вар’ятні чалавека «лячылі» столькі, колькі палічаць патрэбным.
Гарбанеўскую выпусцілі ў лютым 1972 года. Да яе не выкарыстоўвалі электрашокеры, бо на волі паднялася хваля ў яе абарону. Але псіхатропны прэпарат галаперыдол* давалі рэгулярна.

У даведцы аб вызваленні Гарбанеўскай напісана, што яна адпушчаная 11.01.1971. Гэта дата, калі яе этапавалі з Бутыркі ў Казанскую псіхітрычную бальніцу. Дзе, «свабодную», лячылі яшчэ год.

«Францыю я не выбірала»

На свабоду Наталля Яўгенаўна выйшла ў лютым 1972-га. Па вызваленні рэдагавала «Хронику», пра што ведаў толькі адзін чалавек.

«У1974 годзе я падпісала нешта наконт высылкі Салжаніцына, затым — ліст у абарону Леаніда Плюшча, які знаходзіўся ў псіхіятрычнай турме. І зразумела: яшчэ 1–2 крокі — і мяне зноў пасадзяць у псіхіятрычную турму. Мне пагражала паўтарэнне жудаснага вопыту».

Гарбанеўская выпрашыла з’ехаць з краіны.

Чаму абрала менавіта Францыю?
«Мы выязджалі не «куды», а «адкуль»
. З ізраільскай візай даехалі да Вены, якая была транзітным горадам. Там мяне запрасілі ў Францыю. І гэта было цудоўна». Гарбанеўская адразу пачала працаваць у парыжскім часопісе «Континент» (у якім друкаваліся і беларускія эмігранты, у прыватнасці, Кастусь Акула), пазаштатна на радыё «Свабода», пазней — у газеце «Русская мысль».

У 1992 годзе жанчына наведала Расію. А пры чарговай спробе выехаць у 1997 годзе французы адмовіліся выпускаць яе на радзіму, бо Гарбанеўская мела бежанскі пашпарт, у якім стаяла пазнака: дзейсны ва ўсе краіны акрамя СССР. Пачалася бюракратычная валакіта, вынікам якой стала тое, што Гарбанеўская змяніла грамадзянства на польскае. Чаму не расійскае?

«Калі выйшаў першы, самы ліберальны, расійскі закон аб грамадзянстве, у ім гаварылася, што асобы, якія страцілі грамадзянства, а пасля былі рэабілітаваныя, могуць атрымаць яго без перашкод. Але я асоба не рэабілітаваная. А каб быць рэабілітаванай, аб гэтым трэба прасіць. Я не прасіла мяне судзіць, дык навошта я буду прасіць аб рэабілітацыі».

«Я і на плошчу не выйшла б, каб не Ахматава»

У 1962 годзе яна пазнаёмілася з Ахматавай, якая высока ацаніла вершы маладзейшай паэткі. Пры ўзгадванні Ганны Андрэеўны ў голасе Гарбанеўскай адчуваецца нотка захаплення.

«Сустрэча з Ахматавай — гэта найважнейшы паварот у жыцці. Я часта думаю, што мо і на плошчу не выйшла б, каб не Ахматава…
Я цягам трох з лішкам гадоў з ёй кантактавала і магла вучыцца ў яе не як вершы пісаць, а як быць паэтам, як да сябе ставіцца… Я думаю, яна ведала, што яна вялікі паэт. Але яна магла ставіцца да сябе так іранічна».

Тройчы на год Наталля Яўгенаўна стараецца наведваць Расію. Там у яе выходзяць кнігі. Апошнія гады — з зайздроснай рэгулярнасцю. Яна сваім прыкладам

разбурае міф, што ў выгнанні паэтам пісаць цяжка.

«Я лічу, што выгнанне абвастрае мову паэта. Празаіка — не. Памятаю, неяк па тэлефоне сказала Бродскаму: «Ты ведаеш, што да эміграцыі я надта любіла твае вершы. Але не ўсе. А цяпер проста кожны люблю». Я баялася гаварыць кампліменты Бродскаму. А ён па-дзіцячы «Праўда?!» Паэтам выгнанне не шкодзіць, а бывае нават і карысным…»

Наталля Гарбанеўская куды з большай ахвотай гатовая гаварыць пра літаратуру, чым пра перажытае ў савецкай краіне.
* * *

Наталля Гарбанеўская

Нар. у 1936 у Маскве. Паэтка, перакладчыца. Заснавальніца і першы рэдактар самвыдатаўскай «Хроники текущих событий». Удзельніца дэманстрацыі супраць уводу савецкіх войск у Чэхаславакію. Была арыштаваная, знаходзілася на прымусовым лячэнні ў вар’ятні. Ад 1976 года жыве ў Францыі. Аўтарка дзясятка зборнікаў вершаў. Вядзе блог. Амерыканская спявачка Джоан Баэз прысвяціла ёй песню «Natalia».

* * *

Гарбачоўскае вызваленне палітвязняў

У лютым 1986 генеральны сакратар ЦК КПСС Михаіл Гарбачоў у інтэрв’ю французскай камуністычнай газеце «Юманітэ» паўтарыў тэзіс савецкай прапаганды пра тое, што ў СССР няма палітвязняў: «За перакананні ў нас не судзяць. Але любая дзяржава мусіць бараніць сябе ад тых, хто пасягае на яе, заклікае да яе падрыву ці знішчэння, хто, урэшце, шпіёніць на карысць замежных выведак. У СССР за ўсе віды такога роду злачынстваў адбываюць пакаранне трохі болей за дзвесце чалавек».

У адказ акадэмік Андрэй Сахараў, які знаходзіўся тады ў высылцы ў Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад), скіраваў Гарбачову адкрыты ліст. Ён звярнуў увагу на пэўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — 190-ы, які прадугледжваў адказнасць за нагавор на савецкі грамадскі і палітычны лад; 70-ы — агітацыя ці прапаганда з мэтай падрыву савецкай улады. Наяўнасць гэтых артыкулаў, адзначаў Сахараў, дазваляе пераследаваць людзей за палітычныя перакананні. А артыкул 142, які прадугледжваў адказнасць за парушэнне законаў пра аддзяленне царквы ад дзяржавы, даваў магчымасць для пераследу вернікаў.

У лісце Сахарава пералічваліся і канкрэтныя выпадкі пераследу за перакананні. Гарбачоў загадаў пракуратуры разабрацца па кожным з іх. Цягам 1986 быў вызвалены 21 палітвязень. У пакойчыку Сахарава ў Горкім спецыяльна ўсталявалі тэлефон, каб Гарбачоў мог пазваніць і паведаміць, што акадэмік можа вярнуцца ў Маскву.

У студзені 1987 адбылося масавае вызваленне палітзняволеных з турмаў. Каб выйсці з турмы, трэба было пісаць прашэнне аб памілаванні. Тых, хто адмаўляўся пісаць, вызвалялі пазней. Самыя прынцыповыя палітвязні выйшлі на свабоду ў 1991, з развалам СССР.

* * *

*Галаперыдол

Адзін з асноўных прэпаратаў савецкай «карнай псіхіятрыі». З пачаткам прыёму выклікае моцныя болі. Пасля — дэпрэсію і апатыю. Чалавек робіцца абыякавым і безініцыятыўным на доўгі час.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру