Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў лічыць, што Беларусь гатова прадаць «Газпрому» прадпрыемствы, у якіх газ выкарыстоўваецца ў якасці сыравіны. Такое меркаванне ён выказаў падчас сустрэчы з журналістамі 28 верасня ў Мінску.

Паводле слоў Сурыкава, гэта могуць быць вытворчасці хімічных і сінтэтычных валокнаў, а таксама прадпрыемствы ў сферы энергетыкі. У прыватнасці, пасол назваў прадпрыемства «Гродна Азот».

На пытанне, ці прапаноўвае беларускі бок «Газпрому» набыць Бярозаўскую ДРЭС, Сурыкаў адказаў, што пра гэта яму нічога невядома. «Гэта прадмет перамоў з улікам пажаданняў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і згоды ці жадання «Газпрома», — заявіў ён.

Нагадаем, 23 верасня на сустрэчы ў Мінску са старшынёй праўлення ААТ «Газпром» Аляксеем Мілерам Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Газпром» можа ўдзельнічаць у куплі акцый не толькі «Белтрансгаза», але і іншых беларускіх прадпрыемстваў на ўмовах Беларусі.

«Усе прывыклі гаварыць, што ў нас з „Газпромам“ ёсць адна праблема — гэта цэны на будучыя пастаўкі прыроднага газу. Але я ведаю, што вельмі даўно, яшчэ да вашага прыходу ў „Газпром“, ішлі перамовы аб тым, што нам трэба пашырыць супрацоўніцтва з „Газпрамом“, і вызначаліся цікавыя праекты. Я схільны да таго, каб і іх абмеркаваць, бо мы з вамі ўжо вельмі даўно не сустракаліся, а праектаў можа быць дастаткова для абмеркавання», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, «праектаў шмат». «У тым ліку я абсалютна не выключаю, гэта адно з пытанняў — акцыянаванне і купля акцый „Белтрансгаза“, магчыма, і іншых прадпрыемстваў, якія будуць цікавіць „Газпром“, і калі „Газпром“ пагодзіцца на тыя ўмовы, якія сёння прапаноўваюцца ў Беларусі. Ёсць пакет пытанняў, якія мы гатовы разглядаць», — паабяцаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?