Пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю аб будаўніцтве атамнай станцыі будзе падпісанае ў найбліжэйшыя дні, паведаміў 28 верасня кіраўнік Расатама Сяргей Кірыенка.
«Мы планавалі па АЭС у Беларусі падпісаць пагадненне сёння. Але захварэў мой беларускі калега. Упэўнены, што падпісанне дакумента мы перанясем на пару дзён», — прыводзіць словы Кірыенкі РІА Новости.
Пасол Расіі ў Мінску Аляксандр Сурыкаў заявіў 28 верасня, што пагадненне аб будаўніцтве першай беларускай АЭС будзе гатова ў кастрычніку. Паводле яго слоў, нядаўняя адстаўка міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына не прывядзе да зацягвання падпісання дакумента. «Усе дамоўленасці дасягнутыя», — падкрэсліў пасол.
Сурыкаў нагадаў, што беларуская АЭС будзе будавацца за расійскі крэдыт і расійскім падрадчыкам — кампаніяй «Атамстройэкспарт».