У Беларусі павышаны тарыфы на тэхабслугоўванне, цеплавую і электрычную энергію, а таксама ўводзіцца дыферэнцыраваная аплата за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 1300 ад 28 верасня 2011 года, паведаміла прэс-служба ўрада.

Дзейныя тарыфы на паслугі па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў павышаны на 3%, на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння — на 3,2%, на электрычную энергію — на 15%.

Плацяжы сям’і з трох чалавек, якая пражывае ў тыповай двухпакаёвай кватэры,

за жыллёва-камунальныя паслугі ўзрастуць у ацяпляльны перыяд на 8,1 тыс. рублёў.

Пастановай таксама прадугледжваецца збіранне платы за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі) з грамадзян, якія жывуць у кватэрах (жылых дамах), аснашчаныя прыборамі індывідуальнага разліку расходу вады, па тарыфах, устаноўленых заканадаўствам Беларусі, у межах аб’ёмаў водаспажывання на аднаго жыхара (зарэгістраванага па месцы жыхарства) 140 літраў у суткі.

Плата за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі), спажытыя звыш устаноўленага аб’ёму, бярэцца па ўстаноўленых тарыфах, што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне (дадатак 3 да пастановы Савета міністраў ад 4 лютага 2011 года № 138).

Як зазначылі ў прэс-службе, увядзенню гэтай нормы папярэднічаў аналіз водаспажывання ў Беларусі. Ён паказаў, што фактычнае ўдзельнае спажыванне вады ў добраўпарадкаваным жыллёвым фондзе, абсталяваным прыборамі індывідуальнага ўліку расходу вады, склала ў 2010 годзе па Мінску і абласных цэнтрах 153 літры на чалавека ў суткі, па населеных пунктах з колькасцю насельніцтва больш як 50 тыс. чалавек — 141 літр на чалавека ў суткі і наблізілася да паказчыкаў развітых еўрапейскіх краін. У Германіі, Францыі, Швецыі гэты паказчык складае 130–140 літраў на чалавека ў суткі.

Ва ўрадзе мяркуюць, што ўвядзенне дыферэнцыраванай аплаты за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення прывядзе да эканоміі гэтых паслуг самім насельніцтвам і, адпаведна, зніжэння аб’ёмаў іх рэалізацыі на 6–6,5% (21–22 млн. куб. м вады), што адпавядае аб’ёму спажывання абласнога цэнтра, такога як Магілёў, Гродна, Віцебск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?