36-гадовы Рэмі Гаяр расказвае, што пачаў эпаціраваць публіку пасля таго, як яму адмовілі ў працаўладкаванні ў абутковай краме. З таго моманту ён вырашыў штодня радавацца самому і ствараць добры настрой іншым. Што праўда, наўрад ці назавеш радаснымі і шчаслівымі ўсіх «ахвяр» ягоных жартаў. Рэмі прыдумвае розныя сітуацыі, разыгрывае іх, уцягваючы ў свае забаўкі абсалютна выпадковых людзей. Працэс здымаецца на відэа і трапляе ў інтэрнэт. Самыя папулярныя ролікі глядзяць мільёны.

Напрыклад, відэа «ўдзелу» Рэмі ў конкурсе па бодыбілдынгу. Ён, звычайнага целаскладу малады чалавек, з’яўляецца сярод накачаных і бліскучых ад салярыя культурыстаў.

Або ролік «Астранаўт», у якім Гаяр з’яўляецца на полі для гольфа ў касцюме астранаўта і на адмысловых спружынах скача са сцяжком, імітуючы пасадку амерыканцаў на Месяц.

З часам няўрымслівы француз прыцягнуў увагу прэсы. Паказальным быў выпадак на матчы футбольнага Кубка Францыі, на якім прысутнічаў экс-прэзідэнт краіны Жак Шырак. Гаяр прыйшоў на матч у форме каманды-пераможцы і пасля гульні фатаграфаваўся з «калегамі». А заадно і атрымаў словы адабрэння ад былога прэзідэнта.

Часам француз жартуе на мяжы фолу і рызыкі для ўласнага здароўя. Асабліва гэта заўважна ў відэажартах з паліцыі. Або з простых мінакоў, здольных хутка зрэагаваць на смешачкі Гаяра.

Пабачыць найлепшыя відэаролікі Рэмі Гаяра можна на ягоным сайце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?