21 кастрычніка ў клюбе «Re:Public» (Прытыцкага 62) пройдзе фэст «Рок па вакацыях».

Чаму фэстываль, сама назва якога сведчыць пра тое, што ён мусіць праводзіцца ў першыя дні верасня, зараз адбудзецца пад канец кастрычніка? Чаму сярод выступоўцаў толькі два беларускамоўныя гурты і няма прадстаўнікоў класычнай хвалі белроку? Чаму квіткі на «Рок па вакацыях» такія дарагія?
На гэтыя пытанні адказаў арганізатар фэсту Павал Кашырын.

ТГ: «Рок па вакацыях» традыцыйна праводзіўся ў першых чыслах верасня. Чаму цяпер такая затрымка?

Зараз зусім не тая сітуацыя. Калі раней «Рок па вакацыях» праходзіў 1 верасня на адкрытым паветры, то цяпер такое зрабіць немагчыма. Некалькі гадоў мы спрабавалі рабіць фэст калі не 1–2 верасня, дык у сярэдзіне месяца. І два гады запар нам даводзілася пераносіць. У верасні народ яшчэ не гатовы, грошай няма, ніхто яшчэ не раскачаўся. Таму сёлета я вырашыў не рызыкаваць. Па-другое, у звязку з крызысам вельмі цяжка ідуць перамовы з людзьмі, якія падтрымалі нашае мерапрыемства. Спонсараў знайсці больш складана, чым раней. Таму ўсё зацягнулася. Але цяпер, быццам бы, пытанні вырашаныя і 21 кастрычніка «Рок па вакацыях» дакладна адбудзецца.

ТГ: А чаму такі спіс выступоўцаў сёлета?

Я раблю стаўку на нашыя сучасныя маладыя гурты, якія ўжо ўзышлі ці толькі ўзыходзяць на небасхіл альтэрнатыўнай музыкі. На маю думку, атрымаўся гэткі атамны склад. Усе гурты, якія будуць граць, знаходзяцца «на слыху», яна часта выступаюць, пра іх кажуць у інтэрнэце. Мне нават прыйшлося адмовіцца ад пяці гуртоў, бо час фестывалю не дазваляў змясціць усіх.

ТГ: Фэст разлічаны найперш на моладзь. Але чаму такія дарагія квіткі — 80 тысячаў за танцпляц?

Гэта абумоўлена, па-першае, новымі коштамі. Па-другое, не хацелася б пра гэта казаць, але я ўжо стаміўся ад таго, што нашыя музыкі заўсёды просяць ганарар у даляравым выражэнні (дзякуй Богу, што яшчэ не ў еўра!). Я супраць гэтага, бо ў нас людзі не зарабляюць у далярах і квіткі прадаюцца за рублі. Зразумела, што з падаражаннем даляра падвысіліся цэны, і гурты просяць ганарары трохі вышэйшыя, чым было раней. А яшчэ ёсць арэнда, ёсць падаткі, бо мы ж робім усё афіцыйна і адкрыта. Квіток на танцпляц за 80 тысячаў рублёў (гэта 10 даляраў) на чатырохгадзінны фестываль з удзелам калі не лепшых, то адных з лепшых маладых гуроў нашай краіны — гэта, мне здаецца, ня шмат.

Фэстываль «Рок па вакацыях» пройдзе 21 кастрычніка, а 19.00 у клубе «Re:public» (вул. Прытыцкага, 62).

Удзел бяруць: Drum Esctasy, Akute, «Кассиопея», No Comment Band, Yeloow Brick Road, «Петля пристрастия», ZM99, Kull Orchestra.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?