На «Дажынках» услаўляюць Кацярыну ІІ. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

На «Дажынках» услаўляюць Кацярыну ІІ. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

 Рэстаран «Перамога» запрашае. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

Рэстаран «Перамога» запрашае. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

 Фота зробленае мабільным тэлефонам.

Фота зробленае мабільным тэлефонам.

 «Беларуская хата» — выспа беларускасці сярод каланіяльнага кітчу. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

«Беларуская хата» — выспа беларускасці сярод каланіяльнага кітчу. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

 Адзін з самых папулярных атракцыёнаў на фэсце — стаянне ў чэргах па мяса. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

Адзін з самых папулярных атракцыёнаў на фэсце — стаянне ў чэргах па мяса. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

 А таксама алкатэст у рамках міліцэйскай акцыі «Захавай сабе жыццё». Фота зробленае мабільным тэлефонам.

А таксама алкатэст у рамках міліцэйскай акцыі «Захавай сабе жыццё». Фота зробленае мабільным тэлефонам.

 Маладзечанская «Маладзея» выставіла піраміды сыроў з... пенапласту. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

Маладзечанская «Маладзея» выставіла піраміды сыроў з... пенапласту. Фота зробленае мабільным тэлефонам.

 Антураж «Дажынак». Фота зробленае мабільным тэлефонам.

Антураж «Дажынак». Фота зробленае мабільным тэлефонам.

Ранішняя электрычка на Маладзечна. На пероне купка жанчын з валізкамі, абмяркоўваюць першы дзень «Дажынак».

«Учора нарабілі са свята палітыку.
Прыехаў Лукашэнка, дык людзей нікуды не пускалі: ні з магазінаў, ні са сваіх дамоў. Усё перакрылі, усіх трэслі-правяралі», — кажа адна. Другая спадзяецца, што сёння будзе вальней.

Прыязджаем у Маладзечна. Паўнюткі вагон, які ўсю дарогу гудзеў, як вулей, сціхае, утаропіўшыся ў вокны. На пероне пуста, на кожным з выхадаў у горад і да вакзала стаяць спецназаўцы ў крапавых берэтах з дубінкамі і металашукальнікамі. «Зараз будуць трэсці нас, як тых замежнікаў на мытні», — жартуе нехта. Абышлося.

Іду ў цэнтр насустрач ветру, які даносіць абрыўкі музыкі і пах шашлыка. І тут мяне чакае няўдача.

«З такім фотаапаратам я вас не магу прапусціць. І ніхто вас не прапусціць за турнікеты», — кажа мне міліцыянт. Запытаў, з якой нагоды такі загад. Той паціснуў плячыма — мы толькі выконваем.

Прызнаюся, я чуў пра забарону праходзіць у «рэжымную зону» з фота- і відэаапаратурай з аб’ектывам звыш 4 см. Але пры гэтым гаварылася, што абмежаванні датычаць толькі першага дня святкавання, калі на ім будзе прысутнічаць Лукашэнка. Хоць саму па сабе

гэту забарону, хоць у першы дзень, хоць у апошні, іначай як маразмам не назаваеш. Якая ўжо тут кітайская мадэль грамадства ў якасці ўзора для пераймання? Хутчэй паўночнакарэйская.
Спачатку я раззлаваўся і ледзь не з’ехаў з «гасціннай» сталіцы сёлетніх дажынак. Але цікаўнасць узяла верх — вырашыў на свае вочы бачыць, што тут такога нельга здымаць маім «фотаапаратам з аб’ектывам звыш 4 см». Давялося ісці ў камеру захоўвання. Забягаючы наперад, раскажу, што, забіраючы перад ад’ездам свае рэчы з камеры, сустрэў яшчэ адну ахвяру чыноўніцкага маразму. «Ідыёты!
Бомбу можна ў грамадскае месца пранесці, а яны забараняюць фотаапарат на свята браць», — абураўся ён.

«Императрица» і «Товарищ»

Першае, што прыцягвае ўвагу ў «забароненым горадзе», — колькасць міліцыянтаў. Здаецца, дагэтуль на «мірных» масавых мерапрыемствах, кшталту дажынак ці сярэднявечных фэстаў_ у такой колькасці мне іх бачыць не даводзілася.
На кожным рагу, у парку, каля амфітэатра. Па двое, па трое і болей. «Як у канцлагеры», — абуралася бабуля, зашпіляючы торбу пасля надгляду на ўваходзе ў «рэжымную зону».

Іду ў цэнтр. Трапляю ў шэраг кавярняў і рэстаранаў у каланіяльным стылі, над якімі пануе перайменаваны з «Радзімы» ў «Родину» кінатэатр. Чэрвеньскае райспажыўтаварыства прывезла ў Маладзечна рэстаран «Товарищ», аздоблены муляжом апарата з газіроўкай, выявай гарбатага «Запарожца», савецкіх касманаўтаў і лозунгамі часоў СССР. Смалявіцкі рэстаран «Победа» завабліваў кліентаў савецкай гарматай. Назвы вызваленых Кіева і Львова тут напісаныя па-ўкраінску, затое Мінск у іх — Минск. Але ўсіх пераплюнула Лагойскае райспажыўтаварыства. Яго рэстаран «Императрица» прапануе сваім кліентам «акунуцца ў перыяд, калі Кацярыне ІІ удалося здзейсніць мару расійскіх цароў і захапіць тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага (ў тым ліку і Беларусь)».

Бярэзінская страўня «Беларуская хата», дарма што рэкламуе навязлыя на зубах чарку і шкварку, радуе вока беларускай мовай і стравамі.

Іду далей пад спевы Ярмоленкі. «І усё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі!» — нясецца мне ўслед.

«Як дыхну, то адразу на 15 сутак!»

Першыя і самыя доўгія чэргі ў ранішнім Маладзечне з’яўляюцца каля палатак мясакамбінатаў. На жанчыну, якая за некалькі хвілін стаяння ў чарзе паспела патэлефанаваць некалькім знаёмым («хутчэй да барысаўскага магазіна — тут няшмат людзей і нядорага!») глядзяць з кепска прытоенай нянавісцю.

Непадалёку стаіць міліцэйскі аўтобус, побач з ім праходзіць акцыя «Зберажы сабе здароўе». Міліцыянт прапануе ўсім ахвочым скарыстацца алкатэстарам ды спецыяльнымі акулярамі, начапіўшы якія на свет пачынаеш глядзець вачыма чалавека, які выпіў пляшку гарэлкі. «Здаровая пячонка!» — агучвае ён вынікі тэсту мажнага мужчыны, які вызваўся добраахвотнікам. Натоўп ухвальна гудзе, ахвочых пратэсціраваць сябе большае.

«Калян, а ты не хочаш дыхнуць!» — з ухмылкай пытае сябра загарэлы дзяцюк. Той катэгарычна адмаўляецца: «Я ад учарашняга не адышоў. Як дыхну, то адразу на 15 сутак!»

Тэст у «п’яных акулярах» не прайшоў ніхто. Міліцыянт павучальна хітае галавой: а некаторыя ў такім стане за руль садзяцца.

Лукашэнка пасадзіў галоўнае дрэва

Іду да амфітэатра — там заканчваецца апошняя рэпетыцыя. «Дзе фанаграма нашай Волечкі?» — разносіцца па наваколлі голас ці то вядучай, ці то арганізатаркі.

Каля скульптурнай кампазіцыі «Папараць-кветка» сабраўся натоўп.
Дарма група жыхароў горада пераймалася за «адкрыта сексагенна-эратычны характар» скульптуры — ахвочых сфатаграфавацца каля аголенай парачкі хапае. Не ўтрымалася і маладая пара, якая пабралася шлюбам на «Дажынкі».

«У першы раз я атрымаў лядоўню...» — стомлена рапартуе сталічнаму тэлебачанню малады, але, па ўсім відно, неаднаразовы пераможца жніва.

Каля алеі «Дажынак» (пятнаццаці дрэўцаў, што сімвалізуюць гарады, дзе раней ладзілі фестываль) людзі спрачаюцца, якое дрэва пасадзіў Лукашэнка. Меркаванні падзяліліся паміж Шкловам («ён жа адтуль») і Маладзечнам («сёлета гэта галоўнае дрэва, таму яму яго і садзіць»).

У Ганцавічах было як на дажынках

Парад пераможцаў жніва і проста ўдзельнікаў праходзіць праз жывы калідор з жыхароў горада. Некаторыя не хаваюць, што сюды прыйшлі не па сваёй волі. Іх раздражняе, што ў гэты час іх вальнейшыя знаёмыя даўно ядуць шашлык і п’юць гарэлку.

Аднымі з першых ідуць сябры будучай лукашэнкаўскай партыі, а пакуль што грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Пад аднайменную песню Анжалікі Агурбаш яны сыходзяць, пакідаючы па сабе сям-там на асфальце сцяжкі з сімволікай арганізацыі.

Следам ідуць аркестры, дадаючы святу хлебаробаў гарадскога шарму. А потым з’яўляюцца байкеры. Яны едуць пад чырвонымі, зялёнымі і белымі сцягамі.

На сувенірнай вуліцы сустракаю гандляра беларускамоўнай прадукцыяй Уладзіміра Азёму. «Быў у Ганцавічах на Дні пісьменства. То там было, як тут цяпер. Такія самыя дажынкі», — кажа ён. Да нас падыходзіць габарытны мужчына. У ягонай куртцы шыпіць рацыя. Набывае дзіцячы фільм, дубляваны па-беларуску. «Дзеці-то мову вучаць у школе, але трэба, каб яшчэ і дома слухалі, як правільна яна гучыць», — тлумачыць ён.

Вяртаюся на вакзал.

Каля мясных палатак чэргі толькі выраслі. Тут самыя сур’ёзныя госці фэсту, яны амаль не ўсміхаюцца, а некаторыя выглядаюць незадаволенымі. Гавораць пра шалёныя цэны ды безграшоўе. А таксама пра паказуху і грошы на вецер («панастроілі дварцоў, а хто ў іх гуляць будзе?»)
Але ёсць і тыя, каму крызіс толькі на радасць. «Кінуў курыць, як мае цыгарэты падаражэлі», — радуецца немалады дзядзька за столікам.
У электрычцы раздумваю, што ж такога было ў Маладзечне, каб з'явілася патрэба забараніць «сур'ёзныя» фотаапараты. Ды нічога такога. Свята, як свята. Месцамі з элементамі трэшу ў афармленні — пластыкавыя свінні і плюшавыя каровы, бледныя, як сама смерць, манекены з сярпамі ў руках.
І тым не менш, большасці падабаецца.

Думаецца, справа не ў свяце і не ў месцы, дзе яно праводзіцца. І пагатоў, праблема значна шырэй, чым 4-сантыметровы аб'ектыў фотакамеры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?