Большасць ведае яго як праваабаронцу. І куды менш людзей памятае, што Бяляцкі дзеля правоў чалавека «завязаў» з літаратуразнаўствам.
Чалавек, якога пастаянна можна было бачыць на масавых (і не вельмі) акцыях, мог бы сваёй асноўнай прафесіяй абраць напісанне навуковых кніжак.

Ён скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Вучыўся там разам з паэтамі Анатолем Сысом і Эдуардам Акуліным.
Ва ўніверсітэце Бяляцкі прынцыпова гаварыў па-беларуску.

Папрацаваў школьным настаўнікам у Лельчыцкім раёне. Таленавітага хлопца заўважылі і запрасілі ў Мінск, у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры Акадэміі Навук. Але дысертацыю ён абараняць адмовіўся. Сябар Бяляцкага, паэт Міхась Скобла, лічыць, што пры тагачасных умовах і кіраўніках было немагчыма тое зрабіць. Бяляцкі меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, уваходзіў, а потым і ўзначальваў аб’яднання маладых літаратараў «Тутэйшыя». «У Алеся ўвесь час былі праблемы ў аспірантуры, яго нават хацелі выгнаць. Затое

на аснове неабароненай дысертацыі Бяляцкі выдаў у 1991-м кнігу „Літаратура і нацыя“. Гэтым даследаваннем аўтар акрэсліў нацыястваральную ролю літаратуры»,
 — кажа Скобла. А пачыналася з таго, што Алесь у 1984 годзе на семінар маладых літаратараў прывёз цэлы партфель да таго часу забароненых вершаў Купалы, Коласа, Багдановіча…

У 28 гадоў, у 1989-м, Алеся на конкурснай аснове абралі дырэктарам Музея Максіма Багдановіча (да гэтага ён паспеў папрацаваць навуковым супрацоўнікам у Музеі гісторыі беларускай літаратуры). Міністэрства культуры месяц не зацвярджала Бяляцкага на пасадзе —

у яго «паслужным спісе» на той час быў не толькі ўдзел у «Тутэйшых», але і арышт за арганізацыю Дзядоў 1988 года.

За часам Бяляцкага музей стаў тым, чым ён зараз з’яўляецца. Была сфармаваная экспазіцыя, адчыненыя тры філіялы. Апроч таго,

Бяляцкі дазволіў на плошчах музея зарэгістравацца дзясяткам незалежных грамадскіх арганізацый.
Нейкі час там была і рэдакцыя «Нашай Нівы».
Менавіта ў будынку Музея Багдановіча рыхтаваліся самыя першыя нумары адноўленай «НН».

За яго дырэктарствам была дапоўненая творчая спадчына паэта. У прыватнасці, інтрыгоўным «Інтымным дзённікам». У пачатку 90-х супрацоўнікі Музея выдавалі архіўныя матэрыялы, датычныя паэта. Першыя два «Сшыткі» былі прысвечаныя бацькам і родным паэта.

Трэці планавалася прысвяціць жанчынам у жыцці Багдановіча, але гэты зборнік так і не выйшаў.
У ім мусілі быць апублікаваныя запісы Багдановіча, зробленыя ў Ялце ў 1915-м. У іх натаваліся падрабязнасці блізкай сувязі паэта з іншай курортніцай. Вакол гэтых двух моцна пашкоджаных аркушаў узнялася дыскусія: друкаваць ці не? Дагэтуль ён не выдадзены, і гэта таксама было рашэнне Бяляцкага.

Ад 1996 года Бяляцкі ўзначальваў праваабарончы цэнтр «Вясна». Патрэба ў такім цэнтры з’явілася, калі парушэнні правоў чалавека набылі масавы характар. У 1998 годзе Алесь быў выкліканы ў Міністэрства культуры.

Яго паставілі перад выбарам: звальняцца з музея ці пакінуць праваабарончую дзейнасць.
Бяляцкі сышоў з музея. Бо, як аднойчы заўважыў, яшчэ з 1982 года займаецца абаронай правоў. Гэта ў сістэме прыярытэтаў для яго самае важнае.
Міхась Скобла адзначае арганізацыйныя здольнасці Бяляцкага. «Тутэйшыя», музей Багдановіча… І ў той жа час Алесь мог усё пакінуць, паехаць на Сенненшчыну, да прыкладу, і адшукаць магілу паэта Андрэя Зязюлі. А пасля яшчэ і выдаць яго зборнік вершаў. Альбо ў ЗША адшукаць паэта Янку Юхнаўца і «прабіць» выданне тома яго выбраных вершаў
у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Пасля навуковай «Літаратуры і нацыі»

яшчэ была ўласная кніга нарысаў і эсэ «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера»
(Мінск, 2006). Гэта ўжо найперш аб праваабарончай працы Бяляцкага, яго назіраннях у часе паездак у іншыя краіны. Хаця знайшлося месца і літаратурным захапленням.
Сёлета, у снежні, «Тутэйшым» споўніцца 25 гадоў. Міхась Скобла заўважае, што турма, вядома ж, не санаторый, але можа там Алесь Бяляцкі здолее напісаць гісторыю літаб’яднання.
Пра жаданне зрабіць такую справу ён часта згадваў у размовах з сябрам. «І адзначыць гэтую падзею Алесь здолее на свабодзе», — верыць Міхась Скобла.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?