Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька не можа атрымаць новы пашпарт. Ва УУС Цэнтральнага раёна сталіцы сцвярджаюць, што яго пашпарт знаходзіцца ў КДБ, паведаміў палітык.

«Раней начальнік пашпартнага стала мне казаў, што прычына нявыдачы новага пашпарта заключаецца ў тым, што ў мяне на руках ёсць стары пашпарт. Цяпер яны паправілі гэту версію і кажуць, што не выдадуць новы пашпарт, таму што стары пашпарт знаходзіцца ў КДБ у межах крымінальнага расследавання», — паведаміў Лябедзька.

Палітыку сказалі, што ён можа «вырашыць пытанне» ў судовым парадку. «Гэта такі лёгкі бандытызм: забралі дакумент і не хочуць яго вяртаць», — заявіў ён.

«Я сказаў, што мой пашпарт або згублены ў КДБ, або імі проста выкрадзены. Атрымліваецца замкнуты круг: мне не выдаюць новы пашпарт, бо лічаць, што ён у мяне не згублены, а знаходзіцца ў КДБ. Каб атрымаць пашпарт, я нават не ведаю, што трэба рабіць», — паведаміў Лябедзька.

Палітык таксама адправіў зварот наконт сітуацыі з пашпартам старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву, аднак пакуль адказу не атрымаў.

Анатоль Лябедзька быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Пасля затрымання ў ноч з 19 на 20 снежня ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, адкуль быў выпушчаны 7 красавіка пад падпіску аб нявыезде. 23 жніўня крымінальная справа ў дачыненні да лідара АГП была спынена, але пашпарт з КДБ яму дагэтуль не вярнулі. Аднак палітык паведаміў, што ў яго застаўся стары пашпарт, якім ён можа карыстацца ў сувязі з наяўнасцю ў ім дзейных віз. Менавіта па гэтым пашпарце ў мінулым месяцы ён змог зрабіць візіты ў Польшчу і ЗША. Лябедзька аформіў паперы на атрыманне новага пашпарта ўзамен таго, які знаходзіцца ў КДБ. Аднак у пашпартным стале Цэнтральнага раёна Мінска 22 верасня лідару АГП адмовіліся выдаць новы дакумент.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?