На апошнім курсе тэхнікума, якраз перад самай канчынай сацыялізму, калі адбывалася безнадзейная спроба яго рэанімацыі пад назвай «Перабудова», у нашай дзявочай групе дзве дзяўчынкі выйшлі замуж. Адразу ж пасля заканчэння вучобы нарадзілі дзяцей. Было ім усяго дзевятнаццаць гадоў. А яшчэ праз тры гады замужам было ўжо дваццаць былых сакурсніц і на свет з’явілася шаснаццаць дзетак.

І гэта тады, калі

ў крамах былі пустыя паліцы, велізарныя чэргі за любой дробяззю, прадукты харчавання выдаваліся па талонах. А з дзіцячым харчаваннем праблемы былі яшчэ большыя. Сваіх нованароджаных дзетак бацькі чымсьці кармілі
і, вядома ж, не папяровымі талонамі.

Дзеці выраслі, здаецца, і праблем не было. Цяпер жа мне часта даводзіцца чуць ад маладых, якія пажаніліся і жывуць разам, што ў іх няма магчымасці завесці дзіця: жыллёвыя, матэрыяльныя ўмовы не дазваляюць і іншае. Будзе названы шэраг перашкод, якія ніяк не спрыяюць папаўненню сям’і.

Цешаць сябе адгаворкамі і спадзяюцца, што у далёкай будучыні ў іх будуць дзеці, а цяпер ім трэба пажыць для сябе.
Буду шчырая — і ў часы маёй маладосці такіх хапала. Прыпамінаецца адна гісторыя. Мы з мужам былі запрошаныя на вяселле да яго сваяка. Маладая амбітная пара гуляла вяселле ў вузкім коле сяброў і родных. Госці ўжо добра выпілі, расшумеліся. Пад агульны шум і гам адзін з гасцей, сталы мужчына, падняўшыся з чаркай у руках, перакрыкваючы шумную кампанію, сказаў:
— А я хачу праз год пабываць на хрэсьбінах. Жадаю, каб праз год у вас, дарагія маладыя, нарадзілася дзіця.

— Якое дзіця, што Вы кажаце?! Нам абжыцца трэба, — неяк нервова і злосна адрэагавала нявеста. Жаніх моўчкі сядзеў побач, быццам яго гэта не датычыцца.

Мужчына, агаломшаны такой рэакцыяй, сеў на сваё месца, але праз пару секунд у яго вачах заскакалі чорцікі ўпартасці, ён упэўнена прамовіў:

— А я ўсё адно вып’ю за свой тост, — падняўся і выпіў.

Госці зашумелі: «Здароўя маладым! Шчасця, дабрабыту!..». Тэму дзяцей больш не падымалі.

Вяселле скончылася. Маладыя пачалі жыць у пакойчыку на агульнай кухні, што дастаўся ім ад бацькоў жаніха пасля кватэрнага абмену. Продкі пастараліся, забяспечылі жыллёвы мінімум. Прайшло некалькі месяцаў і сталася так, што маладая жонка зацяжарала. Перасцярогі не спрацавалі. І хаця гэта не ўваходзіла ў планы сямейнай пары, праз год, як і прадказваў той малайчына-дзядзечка, на свет з’явілася цудоўнае дзіця: блакітнавокая дзяўчынка. Маладыя бацькі былі шчаслівыя. Дзякуй лёсу, што ўнёс карэктывы ў планы маладой сям’і, бо 

і дагэтуль уся іх жылплошча складаецца з таго пакойчыка на агульнай кухні, так і не абжыліся. Каб чакалі дабрабыту, засталіся б бяздзетнымі.
А дзяўчынка вырасла, цяпер нявеста. Дачка не была перашкодай іх заможнасці, проста бюджэт сям’і пара ўсё сваё сумеснае жыццё будавала па прынцыпу «хто ў лес, а хто па дровы». Пражыўшы амаль дваццаць гадоў, і наогул разышліся. Выявілася пад канец, што не супадаюць характарамі.

Мужчына сышоў з сям’і, пасяліўся ў найманай кватэры. Нядоўга быў адзінокі. Хутка да яго пераехала новая каханая. Ён вырашыў жаніцца другі раз. Любіць чалавек жаніцца, што тут зробіш. І зноў я трапіла на вяселле да таго ж маладога. Жаніху — ужо за сорак. Нявесце — за трыццаць. Замужам не была, дзяцей не мае. Я, памятаючы той даўні выпадак з тостам пра дзіця, асцярожна пацікавілася ў сіваватага жаніха, якія ў яго планы наконт папаўнення сям’і. Жаніх бадзёрым голасам адказаў:

— Якія планы? Планы самыя найлепшыя — будзем нараджаць бэбі!

Трэба было размяняць пяты дзясятак гадоў, каб навучыцца правільна расстаўляць прыярытэты.
Відаць, папярэдняе сямейнае жыццё навучыла…

Я сучасную моладзь у нечым разумею.

Яны маладыя, наіўныя і думаюць, што ўсё ў іх жыцці складзецца па іх планах: спачатку жыццё для сябе, дабрабыт, адпачынак на моры, кар’ера, а дзеці — потым. Толькі ў жыцця свае павароты і гэта «потым» можа не наступіць. Таму і пашыраюцца медычныя цэнтры «Маці і дзіця».
Пашыраюцца праблемы бяздзетнасці. І гэта «потым» ператвараецца ў тое, што без дапамогі ўрача-спецыяліста ўжо немагчыма завесці дзіця. Добра, калі яшчэ ўрач дапаможа.

Маладым сем’ям усё ж такі трэба

пастарацца зрабіць дзве рэчы паралельна: нарадзіць, вырасціць дзяцей і стварыць дабрабыт, кар’еру.
Яны маладыя і моцныя, у іх усё ўдасца. Так прыемна глядзець на мам з маленькімі дзеткамі, апранутымі ў яркія, рознакаляровыя куртачкі. Мамы вядуць дзетак за ручку ці будуюць з гэтымі карапузікамі замкі ў пясочніцы на дзіцячай пляцоўцы. А дзеткі цікаўныя, абаяльныя і кранальныя, яшчэ маленькія, але за імі — будучыня.

Мая бабуля, якая пражыла роўна сто гадоў, любіла паўтараць: «Дзеці — разумнейшыя і лепшыя за бацькоў, каб было інакш, свет даўно звёўся б». Я думаю, бабуля мела рацыю. Галоўнае, каб дзеці нараджаліся.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру