У Беларусі плануецца перавесці ў лічбавы фармат асабліва каштоўныя дакументы архіва, а ўвесь яго навукова-даведачны апарат — у электронны выгляд.
Пра гэта паведаміла першы намеснік дырэктара дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Вольга Бірукова 4 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, у суседніх еўрапейскіх дзяржавах, як правіла, навукова-даведачны апарат, вопісы ў дзяржаўных архівах знаходзяцца ў электронным выглядзе. Гэта паскарае пошук патрэбнай інфармацыі. У Беларусі гэта праца толькі пачалася.

Бірукова таксама падкрэсліла важнасць выканання задачы па пераводзе ў лічбавы фармат асабліва каштоўных архіўных дакументаў. Да іх адносяцца 3% ад больш чым 12 млн. дакументаў архіва. Такія дакументы, паводле яе слоў, запатрабаваныя чытачамі і ад частага выкарыстання «робяцца непрыгоднымі, іх фізічны стан пагаршаецца аж да крытычнага». У прыватнасці, для выканання генеалагічных запытаў супрацоўнікам архіва прыходзіцца часта працаваць з арыгіналамі рэвізскіх сказак, метрычных кніг, прызыўных, рэкруцкіх спісаў, што не можа не адбіцца на захаванасці дакументаў. Акрамя таго, вялікай папулярнасцю ў наведнікаў архіва карыстаюцца дакументы Вялікай Айчыннай вайны, што негатыўна адбілася на іх стане.

Як паведаміла Бірукова, праца па сканаванні асабліва каштоўных дакументаў архіва пачалася з дакументаў Беларускага штаба партызанскага руху Вялікай Айчыннай вайны, якія ўжо «зачытаныя да дзірак». Перавод у лічбавы выгляд усіх асабліва каштоўных дакументаў дазволіць стварыць фонд карыстання імі.

Спецыяліст адзначыла, што праца па пераводзе навукова-даведачнага апарата ў электронны выгляд і лічбавы фармат дакументаў ідзе недастаткова хутка з-за недахопу фінансавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?