Магчыма, гэта толькі маё суб’ектыўнае ўражанне, але беларуская палітыка зрабілася непапраўна прадказальнай. Чытаць палітычную аналітыку па сітуацыі ў Беларусі зрабілася нудна. З аднаго боку траекторыя далейшага развіцця і так не выклікае сумневу, з другога — любыя нечаканасці будуць залежаць ад фактараў, якія ніякаму аналізаванню не паддаюцца.

Што мы маем:

— Эканамічнае становішча будзе пагаршацца. Перспектываў выпраўлення не прадбачыцца: рэжым даказаў сваю няздольнасць да рынкавых рэформаў на ўзроўне рэфлексаў і ментальнасці.

— Незадаволенасць насельніцтва Беларусі будзе павольна нарастаць. Апазіцыя, раз’яднаная і дэмаралізаваная, будзе не ў стане гэтым карыстацца. Абмежаваную перспектыву могуць мець толькі стыхійныя пратэсты і актывізацыя новых, дагэтуль збольшага непалітызаваных людзей:
глядзі «Рэвалюцыю праз сацыяльныя сецівы». Недавольства вельмі доўна можа быць стрыманае тэрорам спецслужбаў супраць актывістаў. Чым далей, тым большым будзе недавольства, але яго да самага апошняга моманту можна будзе стрымліваць.

— Рэжым узяў у закладнікі апазіцыйных актывістаў і лідараў, будзе спрабаваць таргаваць імі ўзамен на эканамічную дапамогу Захада.

— Адначасова ён будзе спрабаваць найбольш выгадна прадаць буйныя нацыянальныя прадпрыемствы. Сярод найбольш верагодных пакупнікоў — расійцы і кітайцы.

— Эканамічная дапамога зможа перадусім прыйсці з Крамля, і прыйдзе яна наўрад ці раней за сярэдзіну 2012 г., пасля паспяховага сканчэння рэканфігурацыі тамтэйшай улады.

Пуцін па сутнасці абвесціў пабудову еўразійскага інтэграцыйнага аб’яднання ляйтматывам свайго другога прэзідэнцтва, і Беларусь апынаецца самым лепшым кандыдатам, на кім можна папрактыкавацца,
як з славянафільскага ідэалагічнага пункту гледжання, так і з арганізацыйнага: можна ўявіць сабе, што дапамога ад Расіі прыйдзе ў самы апошні момант, у кроку ад моцных народных хваляванняў, узамен на актывы і на рэальныя крокі па інтэграцыі.

Ці будзе Захад дастаткова і паспяхова ангажавацца ў падтрымку беларускай дэмакратыі? Ці змогуць стыхійныя пратэсты ператварыцца ў рэальную сілу? Ці будзе рэжым надалей процістаяць інтэграцыянісцкім спробам з Масквы альбо атрымае адтуль «прапанову, ад якой не зможа адмовіцца»? Хто кажа, што ведае адказы на гэтыя пытанні — таму не верце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?