Урачыстая цырымонія адкрыцця першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі і пастаноўка «Набука» Джузэпэ Вердзі адбыліся вечарам 4 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску.

Зала для гледачоў была запоўнена паклоннікамі тэатральнага мастацтва розных узростаў. Сярод іх былі і кіраўнікі тэатраў, якія бяруць удзел у конкурснай праграме прэміі. Мерапрыемства таксама наведаў міністр культуры Павел Латушка.

У гэты дзень некалькімі гадзінамі раней у Цэнтральным доме афіцэраў таксама з аншлагам прайшоў спектакль «Квартэт» Рональда Харвуда ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа, які адкрыў конкурсную праграму тэатральнай прэміі.

Кіраўніцтва опернага тэатра ахвотна згадзілася правесці цырымонію адкрыцця тэатральнай прэміі на сваёй сцэне, сказала БелаПАН вядучы рэдактар рэкламна-інфармацыйнага аддзела тэатра оперы і балета Вольга Савіцкая.

«Для нас гэта вялікі гонар, нам вельмі прыемна, — адзначыла яна. — Мы ж галоўная пляцоўка краіны — вялікі тэатр, вялікая сцэна. Мы падышлі да ўсяго адказна, і адчуваем, што дастойныя таго, каб адкрыць прэмію. У нашых сценах таксама пройдзе і закрыццё гэтага мерапрыемства».

Гаворачы пра оперу «Набука», якая прадстаўляе оперны тэатр на прэміі, Савіцкая адзначыла, што «гэта вельмі магутны па дэкарацыях, відовішчнасці, напаўненні спектакль». «Галоўны рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ ўклаў у яго шмат сучасных ідэй», — сказала вядучы рэдактар.

У дэбютнай тэатральнай прэміі бяруць удзел 12 спектакляў-намінантаў, якія падрыхтавалі восем мінскіх тэатраў і чатыры рэгіянальныя. Сярод іх — Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета (опера «Набука»), Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы («Не мой»), Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі («Сонечка»), Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа («Квартэт «), Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага («Эсфір»), Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр («Аршын мал алан»), Беларускі дзяржаўны тэатр лялек («Драй швэстэрн»), Драматычны тэатр Беларускай Арміі («Сабака на сене»), Гродзенскі абласны тэатр лялек («Магічнае люстра пана Твардоўскага»), Гомельскі абласны драматычны тэатр («Хросная маці»), Тэатр-студыя кінаакцёра («№ 13»), Магілёўскі абласны драматычны тэатр («Тарэлкін»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?