15:07

«Калі разваліцца Расія, нам усім [лукашэнкаўцам — Рэд.] будзе хана. Гэта будзе горш за развал Савецкага Саюза»

«Дзеяч, які кіраваў сацыяльнымі сеткамі, сядзіць у Польшчы. Ахоўваецца спецслужбамі і кіруецца, вядома кім. Сабіралася па 300 чалавек, хлопалі, мычалі. Праўда, цяпер не мычаць. Відаць, халодна стала».

«Нас будуць нахіляць, і вас таксама. Часта нас будуць праз вас».

«Захад спрабуе змяніць лідараў нашай апазіцыі. Яны разумеюць, што цяперашнія нічога не зробяць. Гатовыя працаваць толькі за грошы, хіба гэта апазіцыянеры? Бізнесмены ад палітыкі», — кажа Лукашэнка.

Прэс-канферэнцыя доўжылася больш за чатыры гадзіны.

14:47

Па інфармацыі Аператыўна-аналітычнага цэнтра 70% падтрымлівае палітыку Лукашэнку. «Было 80%. 60% занепакоеныя станам эканомікі», — адказ Лукашэнкі рэйтынгам Манаева.

Ён згаджаецца, што ідзе падзенне рэйтынга па ўсіх кірунках, але нідзе няма 20%.

«Я не вельмі актыўны чытач кнігі цяпер, але багатвару кнігу», — кажа Лукашэнка.

14.40

Ці ёсць у Беларусі выдатныя творы літаратуры? Што чытае сам Лукашэнка?

Найперш заявіў, што на пачатку 90-х многія літаратары кінуліся ў нацыяналізм. «Рускія гэта ворагі, выселіць іх», пісалі яны, калі верыць у Лукашэнку [Рэд. Не прыпомніць ніводнага такога твора]. Пісьменнікаў вялікага калібру ў нас няма, кажа ён. На жаль, я не магу Вам назваць у Беларусі Лермантавых, Пушкіных, Талстых.

14.38

«Баюся пакрыўдзіць пісьменнікаў нашых. Гэта не таго калібра пісьменнікі», што былі раней. «Яны патрапілі пад нацыяналістычны ўхіл. Шмат пісьменнікаў пачалі займацца палітыкай».

Па словах Лукашэнкі, да сёння ніхто не паклаў перад ім «Вайны і мір». «А хто будзе сёння чытаць „Вайну і мір“? Якія запыты нашага грамадства? Толькі журналісты і будуць чытаць.

14.32

Адказваючы на пытанне газеты „Завтра“, Лукашэнка рассыпаўся ў кампліментах Праханаву: „Праханаў — я ўжо пачынаю яго абагаўляць“. Перадаў калектыву газеты „Завтра“ найлепшыя свае пажаданні. [„Завтра“ — выданне расійскага нацыяналістычнага кірунку — Рэд.] Грамадства мае такіх пісьменнікаў, якое яно само».

«Акрамя іх (дакументаў) амаль нічога не чытаю. Артыкул Пуціна я прачытаў».

«Каб я ў біблітэцы браў кнігу ў узахлёб чытаў, не». Лукашэнка не ўспрымае «Гары Потэра», «мне не падабаецца, што ён на слыху». «З мемуарнай літаратурай я знаёмлюся больш, чым з мастацкай».

14.25

На пытанне, ці мяркуе Лукашэнка завесці блог або твітар, ён адказаў:

«Калі мне ў інтэрнэце трэба нешта знайсці, дык мой сямігадовы пацан за тры секунды гэта зробіць, я так не умею…
Я гэтыя айпады, айпэды таксама магу насіць, пальцам там тыкаць…»

Калі прэзідэнт у інавацыях наперадзе планеты ўсёй, калі ў айпад пальцамі тыча, гэта выклікае сарказм у грамадства, кажа ён пад апладысменты расійскіх камуністычных журналістаў.

14.16
Ці змог бы Лукашэнка саступіць прэзідэнцтва жанчыне? Катэгарычна не. «Маё стаўленне да жанчыны намнога лепшае, чым да мужыкоў. Яны менш авантурыстычныя, больш надзейныя». Замест «мужчына» Лукашэнка раз у раз ужывае слова «мужык». Жанчыну лічу вялікім тварэннем прыроды, кажа ён. Я не памятаю выпадку, каб мы асудзілі жанчыну за карупцыю. [Рэд. Лукашэнка памілаваў Жураўкову, сваю кіраўніцу справаў.]

Але прэзідэнцтва — не жаночая справа. Бо гэта цяжкая справа. Мы — славяне — не вельмі ўспрымаем, калі жанчына прэзідэнт.

14.11
Які мусіць быць заробак у беларусаў, каб камфортна жыць у краіне?
Лукашэнка заявіў, што сярэдняя зарплата ў Беларусі складае 500 даляраў і што ўсіх школьнікаў кормяць бясплатна [Рэд. Насамрэч за верасень сярэдні заробак склаў каля 250 даляраў, а бясплатна кормяць толькі сняданкамі і толькі вучняў пачатковых класаў, прычым у большасці школ пасля росту цэн сума датацыі сняданка не пакрывае і бацькі даплачваюць 1000–2000 са сваёй кішэні і на сняданак малодшакласнікаў].

Адказваючы на пытанне, Лукашэнка паўтарыў раней прамоўленае: «Хочаце заробак у дзве тысячы даляраў — добра. Але за ўсё будзеце плаціць у поўным аб’ёме». Параўнаў, што ў Расіі людзі плацяць 85% ад вартасці камунальных паслуг, а ў Беларусі — 20%. Згадаў пра льготныя крэдыты на жытло.

«Я прыняў рашэнне: у Мінску болей не будаваць», падкрэсліў Лукашэнка і пахваліўся кукурузай уздоўж кальцавой дарогі. Каротка расказаў пра праект гарадоў-спадарожнікаў, гарадскіх электрычак. «Мы імкнемся размеркаваць вытворчыя сілы па ўсёй краіне», — адзначыў ён.

14.07

Радыёстанцыя «Маяк» нагадала пра дзень народзінаў Пуціна. «Давайце яго разам павіншуем», — кажа Лукашэнка. АЭП — гэта была ініцыятыва Пуціна, адзначыў Лукашэнка, і расказаў, як Пуцін запрашаў яго і Кучму ў Нова-Агарова і выказаў ідэю Адзінай эканамічнай прасторы. Далучыўся яшчэ Назарбаеў. Але Украіне «Рада, нацыяналісты» перашкодзілі далучыцца.

14.03

«Каб дабіцца нечага ад Пуціна, трэба дабіцца ад яго публічнага абяцання», — кажа Лукашэнка і

хваліць новы артыкул Пуціна. «Нашы нацмэны узбудзіліся, Манаевы гэтыя» — гэта пра апасенні аналітыкаў наконт імперскіх амбіцый Расіі. «Расія вызначылася з сваім шляхам. І мы ўхваляем гэта». Ён падкрэслена хваліць артыкул Пуціна і ідэю Еўразійскага саюза.
14.00

Пра праграму 500 дзён: «Прыйшло пацан’ё з лабараторыі і прапанвала кіраўніцтву змяніць твар краіны».

13:50

«Не хвалюйцеся за здароўе у Хойніках! Я тут езжу кожны год і нічога — сына нарадзіў», — хваліцца Лукашэнка. «Я пабудаваў сабе дом на Прыпяці. Кожны год туды лятаю на верталёце».

13:35

«У інтэрнэце поўная дэградацыя. Дзе гарантыя, што дзецям не захочацца паглядзець штосьці, што не трэба? Я не кажу пра парнаграфію і сэкс». Гаворка вядзецца пра Канавалава, які абвінавачваецца ў выбуху ў мінскім метро. «Гэта ўнікальны чалавек», — паўтарае Лукашэнка.

13:27

«Я вельмі добра ведаў Муамара Кадафі. Чаму ўсё сыплецца на іх? На Кадафі, Кастра. Гэта не горшыя людзі, якія любяць сваю краіну.

Я свайго здароўя не хаваю. Мяне крытыкавалі, што я бегаю ў майтках па праспекце Незалежнасці. Я не вялікі хакеіст, але тапчуся на пляцоўцы. З расіянамі рэжамся ў фіналах калядных турніраў.

У мяне малому сем гадоў, мне яго трэба на ногі ставіць. Не факт, што я буду доўга прэзідэнтам. Я думаю, што мінумум гадоў да 90 не памру.

Мне 9 мільярдаў ніхто не абяцаў. Калі б паабяцалі, я падумаў, што яны вар’яты. Хто проста так дасць. Калі крэыдыт, то за 6–7% мы не возьмем, а менш 5% нам ніхто не дасць.

Калі стваралася „Усходняе партнёрства“, то нас запрасілі, хоць краінай і кіруе дыктатар. Мы сказалі, калі гэтая арганізацыя супраць Расіі, то мы адмаўляемся. Нам паабяцалі сродкі ў дарогі», — кажа Лукашэнка.

«Мы прадаем у ЕС больш, чым у Расію. Кепскія яны, ці добрыя, дыялог весці мы павінны».

«У Польшчы спяць і бачаць, што мяжа праходзіць пад Мінскам. Яны гэтага не хаваюць. Купіце карту ў Польшчы, і пабачыце, дзе ў іх мяжа намаляваная. Гэта Сталін кепскі, што забраў іхнія землі».

[Рэд. Насамрэч ніхто з сур’ёзных польскіх палітыкаў не ставіў пытанне пра перадзел межаў. Наадварот, умацаванне незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі і Украіны ўваходзіць у стратэгічныя задачы польскай замежнай палітыкі.]

13:17

«Калі б я ведаў, што беларусы на 80% больш ненавідзяць Лукашэнку, то я б сабраў шмоткі і сышоў. Хлусня поўная, што ў Лукашэнкі рэйтынг падае, што яго беларусы не любяць. За што не любяць? Хіба я краіну не люблю? Што валюты не было ў абменніках? Дык я быў супраць, каб яе ўвогуле даваць. Занадта цяжка яна нам даецца.

Валюту скупаюць тыя, хто ўвозіць у краіны кітайскія, расійскія шмоткі, спекулянты».

13:02

«У свеце больш няма палітыка, які б так паважліва ставіўся да Расіі і расіян», — даказвае Лукашэнка.

12:51

«Захад сказаў, што грошы даюць толькі на штурм і беспарадкі», — расказвае Лукашэнка на саступкі Захаду. «І ўсё адно Лукашэнка дыктатар, нягоднік. Я для іх чужы ідэалагічна. Ім пляваць, што я некарумпаваны, яны там усе жулікі».

«Павыпускалі ўсіх, там два-тры чалавекі засталося. Тыдзень таму адзін напісаў, ці сказаў, што псіхалагічна выматаны. Адправілі ў бальніцу, сапраўды, далі другую ці трэцюю групу шызафрэніі. Але выпусцілі баевіка. Астатнія не хочуць выходзіць, хай сядзяць», — кажа Лукашэнка пра палітвязняў.

12:43

У Лукашэнкі пытаюцца пра затрыманне сацыёлага Алега Манаева, а таксама пра падзенне рэйтынгу Лукашэнкі, якое выявіў НІСЭПД. Лукашэнка найперш зрабіў выгляд, што не ведае нічога пра затрыманне Манаева і загадаў памочнікам разабрацца і дакласці.

«Манаеў — гэта выкармаш Захада, жыве ён у Вільні. Вы верыце, што мінулыя выбары я чэсна выйграў? Дык вось манаеўскія даследаванні давалі крах Лукашэнку [Рэд. Насамрэч, Манаеў атрымаў звесткі, што Лукашэнку ў момант выбараў падтрымлівалі 53% выбарцаў, за што яго крытыкавалі некаторыя ў апазіцыі]. Яму заплацілі, ён чотка выбудаваў свае даследаванні. Гэта Захаду трэба, а не Манаеву. Яны выбудавалі такую тэндэнцыю. Насамрэч Лукашэнку падтрымалі 79,9%, рэальна — больш 80%».

«Я выбары праводзіў па паняціях Еўрапейскага саюза. Вось прыязджалі Вестэрвеле з Сікорскім. Вестэрвеле пакрыўдзіўся за гэта гома-гома… Як гэта называецца, калі мужык з мужыком? Я не хацеў Вестэрвеле пакрыўдзіць, калі яму гэта падабаецца і ў іх так прынята».

Кажа, што падчас збору подпісаў кандыдаты рабілі парушэнні. «Я ім аддаў 600 тысяч сваіх подпісаў, каб ЦВК іх зарэгістраваў пад маім ціскам». Расказвае, як зрабіў жывы эфір на тэлебачанні для кандыдатаў. [Рэд. Акрамя кароткіх выступаў у жывым эфіры, апаненты не мелі доступу да дзяржаўных СМІ зусім].

12:31

Лукашэнка кажа, што праблемы з мігрантамі ў Беларусі няма. Толькі аднойчы была бойка «мясцовых, ці то з кітайцамі, ці то з кім. Разборкі былі на маім узроўні».

«У нас няма, каб прыехалі на працу і жылі сутарэннях па 5–6 чалавек. Мы не замыкаемся. У нас малое насельніцтва. 10 мільёнаў для Беларусі — гэта не насельніцтва. Для расіян праблем няма, ды і для іншых грамадзян былога Савецкага Саюза».

12:09

Лукашэнка скардзіцца, што расійскія СМІ недастаткова добра асвятлялі вечар-рэквіем у памяць хакеістаў «Лакаматыва». «Нават Еўраньюс лепш асвятляў», — кажа Лукашэнка.

«Каб не мець праблем, ешце беларускае», — кажа кіраўнік краіны.

12:09

«Нам трэба перадраць кітайскі досвед. Я гэта прапаноўваў Гарбачову, пасля чарговай паездкі ў Кітай [насамрэч у часы Гарбачова Лукашэнка не меў выхадаў у агульнасаюзную палітыку, першы раз трапіў на вялікую маскоўскую сцэну ў 1993 годзе — Рэд.]. Нацмены з мяне смяяліся: „Ды ну, гэта ж бананавая рэспубліка“. Тады мяне не паслухалі. Кітайцы мудрыя, працавітыя людзі. Яны вельмі доўга прыглядаюцца да партнёраў. Але вырашылі з Беларуссю працаваць».

Лукашэнка хваліць кітайцаў, што даюць крэдыты ў 2%, а не ў 8%, як Расія. [Рэд. Толькі адзінкавыя са шматклікіх крэдытных ліній, адкрытых Кітаем, пачалі працаваць, бо Кітай адкрывае іх або пад закуп кітайскіх тавараў, або пад пабудову кітайскіх прадпрыемстваў.] «Яны вельмі прыстоўна сябе паводзяць у дачыненні да Беларусі».

«У ЗША і Еўропе нам даюць пастаянныя ўмовы: палітвязні, выбары. Нядаўна запрасілі аднаго чалавека [з Беларусі], які можа нешта прэзідэнту сказаць: у ЗША ўсе ўмовы для прэзідэнта прапаноўвалі пасля сыхода, як для прэзідэнта Украіны [Кучмы], ён размаўляць не стаў».

Лукашэнка ўпарта паўтарае, што няма ніякіх палітвязняў, а ёсць «адмарозкі» [Рэд. Паводле праваабаронцаў, на сёння у турмах застаюцца 14 палітвязняў].

12:02

«Яйкі ў адзін кошык не кладуць», — кажа Лукашэнка пра прыватызацыю. «Нельга быць зацыкленым толькі на адну краіну. Я не кажу пра Расію ці некага іншага».

Успамінае малочныя, мясныя, «карамельныя» войны з Расіяй. «Трэба дыверсіфікоўвацца — гэта не я прыдумаў», — кажа Лукашэнка.

«

Мне нават Гарбачоў дасылае сігналы, што нельга Беларусі ўваходзіць у склад Расіі.
Ніводная краіна не дапускае, каб уся ўласнасць знаходзілася ў руках іншай краіны. Мы не замыкаемся, мы глядзім на рэчы рэалістычна», — кажа кіраўнік дзяржавы.
Працягваючы пра прыватызацыю, Лукашэнка кажа: «Дзе гарантыя, што мяне не пасадзяць?»

Кажа, што «Беларуськаліем» зацікаўленыя кітайцы, індусы, дзве заходнія кампаніі, Катар і Расія. «Будзем праводзіць тэндар на продаж, хто выйграе, таму і прададзім акцыі, якія хочам прадаць. Чаго нам спяшацца прадаваць? Яно нармальна функцыянуе, рэнтабельнае».

11:50

Лукашэнка абяцае Барадзіну беларускі дыпламатычны пашпарт, калі ён сыдзе з пасады кіраўніка саюзнай дзяржавы. Зрабіў некалькі кампліментаў гэтаму чалавеку.

«Мы ўдасканальваем сваю армію, бо ведаем, што тая краіна, якая не корміць сваіх салдатаў, то будзе карміць чужых». Лукашэнка расказаў, што

беларускія вайскоўцы нават недзе могуць навучыць расійскіх.
11:41

Лукашэнка гаворыць пра роўныя ўмовы для жыхароў Беларусі і Расіі. Увогуле, Лукашэнка пакуль вельмі спакойны, не заводзіцца.

Расказвае, што многія ключавыя сілавікі ў Беларусі — расейцы [міністры ўнутраных спраў, абароны, замежных спраў, кіраўнік КДБ і Службы аховы прэзідэнта нарадзіліся ў Беларусі]. «Я гэтага не баюся, давяраю ім. Палова расейскіх людзей. Беларусаў у расійскім урадзе няма. Відаць, не надта давяраеце вы нам».

11:34

«У мяне не было ніякіх асабістых момантаў з кіраўніцтвам Расіі». Лукашэнка кажа, што падрыхтаваў адказ на артыкул Уладзіміра Пуціна аб Еўразійскай прасторы. Ён прызнае, што адносіны часам былі нядобрымі. «Але гэта не праз мой кепскі характар», — кажа Лукашэнка.

«Нам трэба настарожвацца і баяцца, Расіі баяцца ў адзінай эканамічнай прасторы няма чаго. Калі свабода для расіян у Беларусі, то такая ж свабода павінна быць і для беларусаў у Расіі. Мы пайшлі на інтэграцыю не таму, што тут паміралі, а бо прыхільнікі гэтага», — кажа Лукашэнка.

«Мы адкрыта адзін аднаго крытыкуем, гаворым, гэта вельмі каштоўнае. Гэта кажа пра адкрытасць партнёраў».

11:25

«Як складваюцца адносіны з кіраўніцтвам Расіі?»

11:15
«Меры, якія прадпрымаюцца ў краіне, маюць вынік. У канцы года праблемы валютнага рынку будуць пераадоленыя», — заўважае віцэ-прэм’ер Сяргей Румас.
11:07

Першае пытанне банальнае. «Якая эканамічная сітуацыя ў краіне?», — пытанне з «Рускага радыё Кастрама». «У нас узніклі праблемы з валютай, а не крызіс, — адказвае Лукашэнка. — Крызіс — калі няма працы і зарплаты». «У сувязі з дэвальвацыяй я попелам галаву не пасыпаю, — прызнаецца ён. — Але нам дапамаглі, у тым ліку і расійскія СМІ, і некаторыя чыноўнікі, якія ўжо не працуюць». [Рэд. Відаць, мае на ўвазе міністра фінансаў Расіі Кудрына.]

Лукашэнка зноў зводзіць прычыны крызіса да аўтамабільнага ажыятажу. «За хлам вывезлі тры мільярды даляраў», — кажа ён. [Рэд. Насамрэч, прыкладна на мільярд болей, чым за аналагічны перыяд мінулага года.] Другая прычына — падаражанне ў пяць разоў расійскіх энерганосьбітаў. [Рэд. Насамрэч, Беларусь па-ранейшаму купляе энэрганосьбіты па найніжэйшых цэнах у рэгіёне.]

11:06

На сустрэчы прысутнічаюць рэдактары дзяржаўных газет, міністры, старшыня Нацбанка і іншыя чыноўнікі.

11:05

Уступнае слова Лукашэнкі. Эканамічны крызіс у Беларусі параўноўваецца з крызісам, які пачаўся у Расіі. «Да канца года мы пра гэта забудзем», — абяцае Лукашэнка. [Рэд. Раней ён казаў: за два месяцы, а пасля — за паўгода.]

11:00

Прэс-канферэнцыя пачалася.

10:48

Паведамляецца, гэта ўжо дзявятая сустрэча з расійскімі журналістамі. З’ехаліся каля 90 чалавек, яны прадстаўляюць 40 рэгіёнаў Расіі. Госці жывуць у Беларусі ўжо чацвёрты дзень. Удакладняецца, што грошы выдаткоўваюцца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

10:45

Перад пачаткам прэс-канферэнцыі радыёслухачы паслухалі сімвалічную песню «Две сестры — Беларусь и Россия».

* * *

Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка дасць прэс-канферэнцыю для ўдзельнікаў прэс-тура прадстаўнікоў расійскіх СМІ ў Беларусь.

У 10.45 Першы нацыянальны канал Беларускага радыё пачне прамое ўключэнне з залы Нацыянальнай бібліятэкі, дзе будзе праходзіць сустрэча Лукашэнкі з журналістамі.

У вячэрнім тэлеэфіры Першага нацыянальнага тэлеканала, а таксама каналаў АНТ і СТВ будзе паказана тэлеверсія прэс-канферэнцыі.

У цяперашнім, дзявятым па ліку прэс-туры, які праходзіць з 4 па 7 кастрычніка, удзельнічаюць 86 журналістаў з чатырох дзясяткаў суб’ектаў Расійскай Федэрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0